Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб'ектаў будаўніцтва
У Беларусі спрошчаны парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Адпаведны Указ № 202 падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Дакументам прадугледжана, што такія аб'екты можна будзе пабудаваць без атрымання дазволаў, без распрацоўкі праектнай дакументацыі і без далейшай прыёмкі іх у эксплуатацыю.
Для будаўніцтва або рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў у сельскіх населеных пунктах (за выключэннем размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да абласных цэнтраў і Мінска) грамадзянам дастаткова мець дакумент, які засведчвае права на зямельны ўчастак.
Для ўзвядзення такіх пабудоў у сельскіх населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі раёнаў, прылеглых да абласных цэнтраў і Мінска, у пасёлках гарадскога тыпу і гарадах грамадзяніну неабходна будзе атрымаць пашпарт забудоўшчыка. На падставе такога пашпарта змогуць пабудаваць жылыя аднакватэрныя дамы таксама і юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Выдача пашпарта забудоўшчыка будзе ажыццяўляцца па прынцыпе "адно акно", тэрмін афармлення - адзін месяц, кошт - 25 базавых велічынь (адна базавая велічыня - Br32).
Таксама Указам прадугледжаны спрошчаны парадак дзяржаўнай рэгістрацыі пабудаваных такім чынам аб'ектаў.
Дзеючы парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў (з атрыманнем усіх дазволаў, узгадненняў, заключэнняў і распрацоўкай праекта) таксама захоўваецца.
Рашэнне аб прымяненні спрошчанага парадку прымаецца забудоўшчыкамі самастойна. Скарыстацца такім парадкам можна будзе пры ўзвядзенні аб'ектаў на тэрыторыі ўсёй рэспублікі, за выключэннем Мінска.
Указ уступае ў сілу праз 6 месяцаў пасля апублікавання.
-
Спампаваць 202uk.pdf232 Кб