Аб пытаннях дзяржаўнай статыстыкі

Указ № 114 ад 18 красавіка 2023 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка падпісаў Указ № 114 "Аб пытаннях дзяржаўнай статыстыкі". Дакумент накіраваны на прывядзенне палажэння аб Нацыянальным статыстычным камітэце ў адпаведнасць з Законам ад 30 снежня 2022 года № 238-З, а таксама на забеспячэнне магчымасці выкарыстання інфармацыйнай сістэмы Белстата дзяржаўнымі арганізацыямі, упаўнаважанымі на вядзенне дзяржстатыстыкі.

Указам прадугледжваецца, што такія арганізацыі ажыццяўляюць збор першасных даных з дапамогай Адзінай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай статыстыкі або ўласнага праграмнага забеспячэння для прадстаўлення рэспандэнтамі першасных статданых у выглядзе электроннага дакумента.

Дзяржарганізацыі, падпарадкаваныя Белстату, забяспечваюць, згодна з Указам, функцыянаванне, эксплуатацыю і развіццё інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), комплексаў праграмна-тэхнічных сродкаў, неабходных для дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці.

Тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай статыстыкі і ўпаўнаважаныя арганізацыі надзяляюцца правам засведчваць на папяровым носьбіце копіі справаздач, прадстаўленых у электронным выглядзе.