Аб аб'яўленні 2025 года Годам добраўпарадкавання

Указ № 1 ад 3 студзеня 2025 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 1, якім 2025 год аб'яўлены Годам добраўпарадкавання.

Гэты год дае старт пяцігодцы якасці і прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. Рэалізоўваць гэтыя мерапрыемствы дзяржава будзе сумесна з арганізацыямі і грамадзянамі. 

У 2025 годзе будуць прыняты маштабныя меры, у тым ліку па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых аб'ектаў, падтрыманні ў належным стане тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак. Адбудзецца не менш як два рэспубліканскія суботнікі. 

Ураду даручана ў месячны тэрмін зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання. 

Указ прадугледжвае актывізацыю валанцёрскага руху і рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на добраўпарадкаванне краіны.

Год добраўпарадкавання прызначаны аб'яднаць намаганні дзяржавы і грамадства па далейшым паляпшэнні якасці жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.