Беларускае тэлеграфнае агенцтва

Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) - буйнейшае інфармацыйнае агенцтва Беларусі. Ужо больш як 100 гадоў нязменна захоўвае афіцыйны статус дзяржаўнага інфармагенцтва і застаецца найбольш аўтарытэтнай крыніцай аператыўнай інфармацыі аб дзейнасці вышэйшых органаў улады краіны.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва

Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным сайце на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай і кітайскай мовах.

Штодзённа БЕЛТА рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыйныя паведамленні аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзейнасці вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах.

Фотастужка БЕЛТА штодзённа размяшчае дзясяткі фотатэм - а гэта сотні здымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Агенцтва арганізуе фотавыстаўкі ў краіне і за мяжой.

БЕЛТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Расіі.

Інфармацыйнымі партнёрамі БЕЛТА з'яўляюцца агенцтвы, анлайн-выданні і медыярэсурсы краін СНД, далёкага і блізкага замежжа. Па цытуемасці ў сусветных сродках масавай інфармацыі БЕЛТА знаходзіцца ў ліку лідараў сярод інфармагенцтваў краін СНД.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва - шматпрофільнае прадпрыемства. Выдае газету "7 дней", штомесячны грамадска-палітычны і навукова-папулярны часопіс "Беларуская думка", штоквартальны часопіс "Экономика Беларуси. Economy of Belarus". Прадпрыемства выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.

БЕЛТА займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, развіццём і аптымізацыяй інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.

Новы напрамак у рабоце агенцтва - развіццё аўдыявізуальнага фармату, які дае магчымасць актыўна ўключаць карыстальніка ў кантэнт. БЕЛТА стварае мультымедыйныя праекты, падкасты, відэасюжэты. Служба візуальнай інфармацыі праводзіць відэа- і аэраздымку, стварае прэзентацыйныя фільмы.

Ва ўласным прэс-цэнтры БЕЛТА праводзіць прэс-канферэнцыі, прэзентацыі, брыфінгі, круглыя сталы.

Агенцтва актыўна працуе ў сацыяльных сетках, мэсэнджарах, відэахостынгу YouTube і на іншых платформах.