Прафесійная адукацыя
Прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя
Павышэнне якасці і ўзмацненне канкурэнтаздольнасці працоўных рэсурсаў - адна з галоўных агульнадзяржаўных задач. У сувязі з гэтым прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю трэба разглядаць як важнейшы рэсурс беларускай дзяржавы, адзін з галоўных механізмаў эканамічнага росту і рэалізацыі інавацый.
У 2024/2025 годзе на ўзроўні ПТА кантынгент навучэнцаў складае 67,5 тыс. чалавек, на ўзроўні ССА - 116,6 тыс. чалавек.
Праграмы ПТА і/або ССА ў Беларусі рэалізуюць 236 каледжаў і 34 іншыя ўстановы адукацыі, якія раўнамерна размеркаваны па рэгіёнах.
Функцыянуюць 52 цэнтры кампетэнцый ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы ПТА і ССА. На іх базе ўкараняюцца ў адукацыйны працэс сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне.
Найбольшая колькасць чалавек навучаецца на ўзроўні ССА па такіх профілях адукацыі як "Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны", "Ахова здароўя і сацыяльная абарона", "Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя", "Бізнес, кіраванне і права", "Педагогіка".
Вышэйшая адукацыя
Вышэйшая адукацыя ў Беларусі з'яўляецца прэстыжнай і пры гэтым застаецца даступнай. Залічэнне ва ўстановы вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца па конкурсе на аснове ўступных іспытаў (у форме цэнтралізаванага экзамену, цэнтралізаванага тэсціравання, унутраных уступных іспытаў). Вышэйшая адукацыя можа быць атрымана ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай, дыстанцыйнай формах атрымання адукацыі.
Выпускнікі акрэдытаваных устаноў вышэйшай адукацыі розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору.
Маладым спецыялістам, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў дзённай форме, гарантуецца працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй.
У 2024/2025 навучальным годзе ў Беларусі ўстановы вышэйшай адукацыі прадстаўлены рознымі відамі: універсітэты, акадэміі, інстытуты.
У Беларусі функцыянуе 47 устаноў вышэйшай адукацыі (42 дзяржаўнай і 5 прыватнай формы ўласнасці).
Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вядзецца ў аспірантуры, дактарантуры ўстаноў (арганізацый), якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова-арыентаванай адукацыі.
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі праводзіцца комплексная работа па развіцці навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры, ствараюцца і функцыянуюць цэнтры кампетэнцый.
У Беларусі функцыянуе Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, дзейнасць якой накіравана на развіццё і папулярызацыю студэнцкага спорту.