Музеі

У Беларусі дзейнічаюць 160 музеяў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – яшчэ каля 1,5 тыс. музеяў.

Усяго ў фондах музеяў захоўваюцца больш за 3,5 млн экспанатаў. Шэраг музейных экспанатаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Вядучыя мастацкія музеі Беларусі

У краіне дзейнічаюць 13 дзяржаўных музеяў мастацкага профілю. Акрамя таго, шэраг мастацкіх музеяў і асобных экспазіцый з'яўляецца філіяламі комплексных музеяў.

Вядучым як па статусе, так і па разнастайнасці калекцый лічыцца Нацыянальны мастацкі музей – пераемнік Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР і Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Цяпер гэта адзін з вядучых мастацкіх музеяў Усходняй Еўропы, у зборы якога – больш як 30 тыс. твораў. Вялікую каштоўнасць маюць калекцыі старажытнабеларускага мастацтва, беларускага мастацтва XIX і ХХ стст., рускага мастацтва XVIII–XX стст., заходнееўрапейскага і ўсходняга мастацтва.

Вялікую цікавасць уяўляюць філіялы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: музей "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя" ў Мінску, Музей беларускага народнага мастацтва ў в.Раўбічы і Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў – буйнейшая ў краіне дзяржаўная ўстанова, якая мэтанакіравана займаецца захаваннем і папулярызацыяй актуальнага беларускага мастацтва канца ХХ – пачатку XXI стст. У фондах музея – больш за 5 тыс. работ, якія актыўна дэманструюцца ў Беларусі і на прэстыжных замежных выставах.

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, створаны ў 1998 г., захоўвае і развівае традыцыі Віцебскай мастацкай школы, звязанай з імёнамі сусветна вядомых майстроў – Марка Шагала і Казіміра Малевіча. Адна з самых сучасных музейных экспазіцый у краіне – экспазіцыя філіяла Цэнтра, Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якое праславілася дзякуючы авангарднаму руху УНОВІС. Фонды Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва складаюць 2,6 тыс. адзінак захоўвання.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава быў створаны ў 1990 г. У 1996 г. ён атрымаў імя народнага мастака Беларусі, карціны якога склалі аснову калекцыі. Цяпер у фондах музея захоўваецца больш за 5 тыс. твораў мастацтва. Акрамя работ П.В.Масленікава ў калекцыі прадстаўлены творы беларускіх майстроў з XVII ст. да нашых дзён.

Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава – адзіны ў краіне музей, прысвечаны традыцыйнай культуры старавераў паўднёвага ўсходу Беларусі. Яго калекцыі стараверскага іканапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўнікальныя па сваёй паўнаце. 243 прадметы з фондаў музея ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Значнае месца сярод мастацкіх музеяў Беларусі займаюць манаграфічныя музеі майстроў мастацтва. З 1996 г. у Мінску дзейнічае Мемарыяльны музей-майстэрня З.І.Азгура. Музей-майстэрня вядомага скульптара не толькі захоўвае 283 работы майстра, але і дае магчымасць азнаёміцца з метадамі яго работы.

У Віцебску ў 1991 г. быў адкрыты Музей Марка Шагала, які складаецца з арт-цэнтра і дома-музея, у якім прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады мастака. У музеі экспануюцца графічныя работы Шагала, дзейнічае навуковая бібліятэка, якая налічвае больш за 6 тыс. тамоў.

Мастацкія музеі рэспублікі не толькі захоўваюць духоўную спадчыну народа, але і дастойна прадстаўляюць за мяжой скарбы беларускага мастацтва, знаёмяць жыхароў Беларусі з шэдэўрамі айчыннай і сусветнай культуры.