Бібліятэкі

У сістэме Міністэрства культуры працуе 2509 публічных бібліятэк.

Дзякуючы разгалінаванай бібліятэчнай сетцы, нестацыянарнаму бібліятэчнаму абслугоўванню з выкарыстаннем бібліябусаў, сістэмнай камп'ютарызацыі і падключэнню публічных бібліятэк да інтэрнэту, штогод павялічваецца колькасць наведванняў бібліятэк, у тым ліку аддалена. Такім чынам бібліятэкі па выніках 2020 г. наведалі больш за 32 млн разоў.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі, узначальваючы сістэму бібліятэк краіны, з'яўляецца захавальніцай магутнага інфармацыйнага рэсурсу. У 2022 г. будзе 100 гадоў, як яна збірае дакументальную спадчыну беларускага народа. На гэты час бібліятэчны фонд складае амаль 10,1 млн адзінак захоўвання. Асаблівую каштоўнасць уяўляе паўмільённы ўнікальны збор нацыянальных дакументаў, выдадзеных на тэрыторыі Беларусі з пачатку XIX ст. да нашага часу, а таксама выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у тым ліку і замежных.

У бібліятэцы захоўваецца каля 100 тыс. рэдкіх і старадрукаваных кніг і рукапісаў, самыя раннія з якіх датуюцца XIV–XV стст. Сярод іх збор выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны – 10 выпускаў Бібліі, якія паклалі пачатак беларускаму кнігадрукаванню.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі актыўна генерыруе ўласныя, набывае электронныя інфармацыйныя рэсурсы буйнейшых сусветных вытворцаў і прадастаўляе свабодны доступ да нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў.

Аснашчаная сучасным інжынерным і тэхналагічным абсталяваннем, бібліятэка выкарыстоўвае найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, на якасна новым узроўні задавальняе адукацыйныя, навуковыя, культурныя запатрабаванні грамадства, фарміруе дакументальную памяць нацыі.