Сусветны банк

Сусветны банк

Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Сусветным банкам пачалося пасля здабыцця краінай незалежнасці – у 1992 годзе наша дзяржава стала паўнапраўным членам банка.

Рэспубліцы Беларусь належыць каля 0,2% ад агульнага ліку галасоў і каля 0,18% акцый ад агульнай колькасці акцый Сусветнага банка (Колькасць галасоў і колькасць акцый можа нязначна мяняцца ў сувязі са змяненнем (як правіла, павелічэннем) капіталу банка, якое перыядычна праводзіцца).

Узаемадзеянне Беларусі з Сусветным банкам ажыццяўляецца па двух ключавых напрамках: інвестыцыйнае супрацоўніцтва, якое прадугледжвае прыцягненне крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка з мэтай фінансавання значных для краіны інфраструктурных праектаў, а таксама тэхнічнае супрацоўніцтва (кансультацыйная дапамога), якое заключаецца ў экспертнай падтрымцы асобных ініцыятыў па ўдасканаленні розных сфер нацыянальнай эканомікі.

У рамках інвестыцыйнага супрацоўніцтва за ўвесь перыяд сумеснай работы (з 1992 года) Сусветны банк інвесціраваў больш за $2 млрд у эканоміку Рэспублікі Беларусь.

Сумесная рэалізацыя праектаў пры падтрымцы Сусветнага банка забяспечыла значныя вынікі ў такіх сферах, як транспартная інфраструктура, водазабеспячэнне, экалогія, лясная гаспадарка, энергаэфектыўнасць, развіццё прыватнага сектара, кіраванне дзяржаўнымі фінансамі, адукацыя і ахова здароўя.

Банкам праводзіцца шэраг аналітычных даследаванняў, у тым ліку ў галіне дэмаграфіі, кібербяспекі і інш.

Сусветны банк выступае ў якасці аператара грантавых рэсурсаў, якія прадастаўляюцца бязвыплатна Рэспубліцы Беларусь, напрыклад, са сродкаў Глабальнага экалагічнага фонду, Еўрапейскага саюза і інш. на рэалізацыю розных праграм развіцця.

Кансультацыйная дапамога Сусветнага банка заключаецца ў падтрымцы экспертнага патэнцыялу Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях паляпшэння інвестыцыйнага клімату, удасканалення кіравання арганізацыямі з дзяржаўным удзелам, павышэння ўстойлівасці фінансавага сектара, развіцця рыначнай канкурэнцыі, умацавання сацыяльнай абароны і іншых напрамках.