Саюзная дзяржава

Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя з’яўляюцца дзяржавамі - удзельніцамі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.
Саюзная дзяржава

У адпаведнасці з дагаворам Беларусь і Расія паставілі перад сабой шэраг важных арыенціраў, адзін з якіх – стварэнне адзінай эканамічнай прасторы. Дасягненне гэтай мэты ажыццяўляецца паэтапна. Партнёрства Беларусі і Расіі будуецца на прынцыпах безумоўнага захавання дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, адказнага выканання бакамі сваіх міжнародных абавязацельстваў.

Беларусь і Расія з’яўляюцца адна для адной важнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі.

Шэраг ключавых інстытутаў і напрацовак у рамках Саюзнай дзяржавы пакуль не мае аналагаў, у тым ліку і ў фармаце ЕАЭС. У прыватнасці, у рамках Саюзнай дзяржавы склаліся і развіваюцца інстытуты саюзнага бюджэту і саюзнай уласнасці (на аб’екты інфраструктуры, інтэлектуальныя прадукты), якія пакуль не ўласцівы іншым інтэграцыйным структурам.

За кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы фінансуюцца саюзныя праграмы ў самых розных сферах (космас, інфармацыйныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, сельская гаспадарка, бяспека граніц, пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы і г.д.). З 2000 года на іх рэалізацыю накіравана больш за 50 млрд расійскіх рублёў. У 2019 годзе выконвалася 12 саюзных праграм у касмічнай, ваенна-тэхнічнай, сельскагаспадарчай, медыцынскай галінах, мікраэлектроніцы і гідраметэаралогіі.

У мэтах далейшага фарміравання адзінай эканамічнай прасторы ўрадамі Беларусі і Расіі падрыхтаваны праекты Праграмы дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і дарожных карт да яе. Падрыхтоўка праграмы і дарожных карт ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з дагаворам і без перагляду яго палажэнняў.