Біяграфія Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнка

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка - першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне ён больш, чым палітык. Аляксандр Лукашэнка стаіць ля вытокаў станаўлення і развіцця незалежнай Беларусі.

Для калег-прэзідэнтаў - прызнаны аўтарытэт. У адстойванні нацыянальных інтарэсаў вядомы цвёрдай, часам строгай, але нязменна прабеларускай пазіцыяй. Гэта цэняць і грамадзяне іншых краін, ставячы лідара нашай дзяржавы на першыя радкі рэйтынгаў даверу.

З’яўляючыся гарантам суверэнітэту, Прэзідэнт Лукашэнка абараняе незалежнасць і бяспеку краіны як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі і Старшыня Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. І на гэтых пасадах беларускі лідар непахісны і прынцыповы ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў.

Нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня 1954 года ў г.п. Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Юныя гады прайшлі ў вёсцы Александрыя на Магілёўшчыне. З малых гадоў узяў на сябе клопат пра сям’ю. Дапамагаў маці Кацярыне Трафімаўне на прысядзібным участку і на ферме, дзе яна працавала даяркай. Менавіта тады сфарміраваліся ў ім важнейшыя рысы характару - працавітасць і адказнасць.

Аляксандр Лукашэнка заўсёды быў лідарам. Гэту якасць заўважалі ў ім і настаўнікі, і аднакласнікі.

Вучыўся будучы Прэзідэнт у звычайнай сельскай школе. Быў старанным у вучобе, актыўным у грамадскім жыцці. Займаўся музыкай па класе баяна. Шмат часу ўдзяляў спорту.

Пасля школы выбраў прафесію гісторыка. У 1975 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова. Праз 10 гадоў, працуючы ўжо, атрымаў яшчэ адну спецыяльнасць - эканаміста - у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

З 1975 па 1977 год служыў у пагранічных войсках на пасадзе інструктара палітаддзела Заходняй пагранічнай акругі, а таксама ў радах Савецкай арміі на пасадзе намесніка камандзіра роты па палітрабоце воінскай часці. Свой армейскі вопыт Аляксандр Лукашэнка называе вельмі значным для прэзідэнцкай кар’еры.

Фундаментальным стаў і далейшы вопыт работы - камсамольскай, партыйнай, гаспадарчай - на пасадах намесніка і кіраўніка прадпрыемстваў прамысловасці і АПК.

Наступныя пасля арміі 13 гадоў (з 1977 па 1990 год) былі ўнікальнай школай для Аляксандра Лукашэнкі як упраўленца. Па камсамольскай лініі - на пасадах сакратара камітэта камсамола аддзела харчгандлю г. Магілёва, інструктара Кастрычніцкага райвыканкама г. Магілёва, адказнага сакратара таварыства "Веды" г. Шклова. Вопыт "ад зямлі" быў атрыманы ў час работы намеснікам старшыні калгаса "Ударнік" Шклоўскага раёна, намеснікам дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў г. Шклова, сакратаром парткама калгаса імя У.І. Леніна.

Ва ўзросце 33 гадоў Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў саўгас "Гарадзец" Шклоўскага раёна. Гаспадарка на той момант перажывала вельмі складаны час. У такіх умовах асабліва спатрэбіліся ініцыятыўнасць і яркія арганізатарскія здольнасці, настойлівасць і ўменне сканцэнтраваць намаганні для дасягнення выніку. У саўгасе былі ўкаранёны перадавыя формы гаспадарання. Запомніліся вяскоўцам і асабістыя якасці кіраўніка - абсалютнае пачуццё справядлівасці, клопат, гатоўнасць дапамагчы ў вырашэнні праблем.

Палітычная кар’ера Аляксандра Лукашэнкі пачалася ў 1990 годзе з выбрання ў Вярхоўны Савет Беларусі. У пачатку ўжо гэтага шляху ён праявіў сябе як актыўны і бескампрамісны народны дэпутат са сваёй пазіцыяй па галоўных напрамках развіцця краіны. Узначальваў камісію Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, створаных пры дзяржаўных органах кіравання, якую ў народзе называлі камісіяй па барацьбе з карупцыяй. Пра непадкупнасць і рашучасць дэпутата Лукашэнкі даведалася ўся беларуская грамадскасць.

 А.Р. Лукашэнка, 1994. г.
У 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне балаціравацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пасля вельмі складанай барацьбы з пяццю іншымі кандыдатамі 10 ліпеня 1994 года быў выбраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У другім туры ён атрымаў 80,3% галасоў.

Трэба адзначыць, што ў палітычным процістаянні ён здолеў абысці кандыдатаў і ад уладнай наменклатуры, і ад даволі папулярных на той час нацыяналістычных сіл.

Малады Прэзідэнт прыняў краіну ва ўмовах узрастаючага крызісу з мноствам вельмі вострых сацыяльна-эканамічных праблем, рэзкага спаду ўзроўню жыцця большасці насельніцтва. З першых дзён ён пачаў паслядоўнае выкананне праграмных абяцанняў і здолеў аб’яднаць намаганні грамадзян па правядзенні эканамічных і палітычных пераўтварэнняў, удасканаленні работы дзяржаўных органаў.

Па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі 14 мая 1995 года быў праведзены рэферэндум, на якім большасць насельніцтва Беларусі выказалася за новую дзяржаўную сімволіку, ідэю інтэграцыі з Расіяй на раўнапраўнай аснове і наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай; на рэферэндуме 24 лістапада 1996 года - за стварэнне замест Вярхоўнага Савета двухпалатнага парламента - Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, унясенне змяненняў у Канстытуцыю 1994 года.

У мэтах пашырэння ўдзелу народа ў кіраванні краінай па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ўведзены інстытут Усебеларускага народнага сходу. Кіраўніком дзяржавы быў дадзены імпульс развіццю грамадзянскай супольнасці як сістэмы грамадскіх арганізацый, здольных з’яднана выказваць і адстойваць нацыянальныя інтарэсы і традыцыі.

Да безумоўных заслуг Аляксандра Лукашэнкі можна аднесці навядзенне парадку ў краіне ў цяжкія 90-я гады XX стагоддзя, і асабліва перамогу над арганізаванай злачыннасцю, дзякуючы чаму Беларусь вядома ва ўсім свеце як спакойная і бяспечная дзяржава. Праведзены неабходныя пераўтварэнні па аптымізацыі сістэмы органаў улады, удасканаленні сфер адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння. Абвешчана пабудова сацыяльна арыентаванай эканомікі. Вядзецца работа па павышэнні ўзроўню дабрабыту грамадзян, усебаковай падтрымцы сям’і, мацярынства і дзяцінства, навядзенні парадку на зямлі, стварэнні камфортных умоў для жыцця і працы людзей ва ўсіх рэгіёнах краіны, умацаванні абараназдольнасці.

Усе гэтыя пачынанні і практычныя дзеянні ў працэсе рэалізацыі заяўленага курсу забяспечылі Аляксандру Лукашэнку безумоўную ўсенародную падтрымку і ў час наступных выбарчых кампаній у 2001, 2006, 2010, 2015 і 2020 гадах.

На працягу ўсіх гадоў прэзідэнцтва адзін з галоўных акцэнтаў Аляксандр Лукашэнка робіць на ўстойлівым развіцці аграпрамысловага комплексу. Па ўсёй Беларусі створаны аграгарадкі, інфраструктура якіх максімальна набліжана да ўмоў гарадскога жыцця. Цяпер краіна не толькі забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, але і з’яўляецца вялікім сусветным экспарцёрам прадуктаў харчавання.

Намаганні Прэзідэнта накіраваны і на развіццё прамысловага патэнцыялу дзяржавы. Удалося захаваць вядомыя яшчэ з часоў Савецкага Саюза беларускія прадпрыемствы-флагманы і развіць новыя галіны ў эканоміцы краіны. Дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі з’явіўся Парк высокіх тэхналогій, рэалізуюцца праекты ў сферы мірнага атама, касмічных тэхналогій, узяты курс на стварэнне IT-краіны.

У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы пастаянна застаюцца пытанні бяспекі: удасканаленне праваахоўнай сферы і пагранічнай інфраструктуры, мадэрнізацыя беларускай арміі ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці і ўзнікаючымі пагрозамі, развіццё магчымасцей айчыннага ваенна-прамысловага комплексу.

Пад асабістым кантролем Кіраўніка дзяржавы і гуманітарная галіна, адукацыя, ахова здароўя, культура.

Вялікая ўвага ўдзяляецца маладзёжнай і сямейнай палітыцы, усебакова падтрымліваюцца шматдзетныя сем’і і таленавітая моладзь. Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца ініцыятарам увядзення ў краіне сямейнага капіталу. У самога Прэзідэнта трое сыноў і сямёра ўнукаў.

Беларускі лідар актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця і асабіста курыруе пытанні развіцця спорту высокіх дасягненняў і прыцягнення грамадзян да заняткаў фізкультурай.

У знешняй палітыцы Кіраўнік дзяржавы нязменна выступае за шматпалярнае светаўладкаванне, імкнучыся развіваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны не толькі з суседнімі, але і з усімі без выключэння краінамі.

З самага пачатку прэзідэнцтва ўзяты курс на пабудову саюзніцкіх адносін з Расіяй. Са студзеня 2000 года Аляксандр Лукашэнка займае пасаду Старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Пад асабістым патранажам беларускага лідара - развіццё ўзаемадзеяння з Кітайскай Народнай Рэспублікай, краіны ўсталявалі адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт з’яўляецца актыўным прыхільнікам інтэграцыі і ў больш шырокіх фарматах. Пад кіраўніцтвам Кіраўніка дзяржавы Беларусь вядома сваёй прынцыповай пазіцыяй у ААН і АБСЕ па найбольш вострых пытаннях міжнароднага парадку дня. Наша краіна - ініцыятар стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, уносіць значны ўклад у дзейнасць Садружнасці незалежных дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, падала заяўку на далучэнне да БРІКС. Беларусь заўсёды выступала за развіццё партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на еўрапейскім кантыненце, усямерна садзейнічаючы гэтаму працэсу і выступаючы з канкрэтнымі ініцыятывамі ў шэрагу інтэграцыйных фарматаў.

Аляксандр Лукашэнка паслядоўна выступае за вырашэнне ўсіх міжнародных праблем выключна за сталом перагавораў. Дзякуючы такой міратворчай пазіцыі Беларусь стала галоўнай пляцоўкай па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.

Аляксандру Лукашэнку ўдалося закласці трывалую аснову ў справе пабудовы суверэннай і незалежнай дзяржавы, забяспечыць паспяховае сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі, зрабіць краіну пазнаваемай і аўтарытэтнай удзельніцай міжнародных працэсаў.