Магілёўская вобласць
Гістарычны экскурс, цікавыя факты
Магілёўская вобласць, якая мае багатую і самабытную гісторыю, – яркі рэгіён Беларусі, што дынамічна развіваецца.
Засяленне тэрыторыі вобласці пачалося яшчэ ў сярэднім палеаліце (100−40 тыс. гадоў таму) неандэртальцамі (Homo neanderthalensis), пра што сведчыць іх гаспадарчая дзейнасць каля вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна. Пазней у перыяд верхняга палеаліту (40−14 тыс. гадоў таму) тут пражывалі продкі сучаснага чалавека Homo sapiens (краманьёнцы).
У 8−9 стагоддзях тэрыторыю Магілёўскай вобласці засяляюць славянскія плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, якія заснавалі першыя гарады і заклалі асновы дзяржаўнасці.
Самымі старажытнымі гарадамі Магілёўскай вобласці з’яўляюцца Мсціслаў (заснаваны ў 1135 годзе), Прапойск (цяпер Слаўгарад) і Крычаў – абодва вядомы з 1136 года.
Годам заснавання Магілёва, згодна са звесткамі Магілёўскай хронікі, прынята лічыць 1267 год, калі быў закладзены замак каля выгіну Дняпра.
У першай палове XVI стагоддзя Магілёў быў самым буйным горадам беларускага Падняпроўя. Да пачатку XVII стагоддзя стаў адным з самых вялікіх рамесна-гандлёвых цэнтраў Беларусі, а да сярэдзіны стагоддзя – і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага.
У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Магілёў быў уключаны ў склад Расійскай імперыі.
За сваю гісторыю магілёўскія землі не раз станавіліся месцам баявых дзеянняў, у тым ліку ў часы Лівонскай вайны, Паўночнай вайны, вайны з Напалеонам 1812 года, Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе частка тэрыторыі Магілёўскай вобласці (пераважна на поўдзень) зведала істотнае радыеактыўнае забруджванне. Аднак дзякуючы паслядоўнай рэабілітацыі і палітыцы аднаўлення зямель, Магілёўшчына сёння ўяўляе сабой добра развіты і прывабны рэгіён.
Геаграфічнае становішча
Магілёўская вобласць размешчана на ўсходзе краіны. Суседнічае са Смаленскай і Бранскай абласцямі Расіі.
У рэгіёне, каля гарадскога пасёлка Хоцімск, знаходзіцца крайні ўсходні пункт Беларусі з каардынатамі 53°24' паўночнай шыраты і 32°47' усходняй даўгаты.
Плошча Магілёўскай вобласці складае 29,1 тыс. кв.км.
Рэльеф вобласці пераважна раўнінны.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
На 1 студзеня 2024 г. у Магілёўскую вобласць уваходзяць:
- 21 раён (Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Асіповіцкі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі), 2 раёны ў горадзе Магілёве, 2 раёны ў горадзе Бабруйску;
- 17 гарадоў, у тым ліку два абласнога падпарадкавання – Магілёў і Бабруйск; 15 - раённага падпарадкавання;
- 6 пасёлкаў гарадскога тыпу;
- 2 960 сельскіх населеных пунктаў, з іх 204 аграгарадкі.
На тэрыторыі вобласці 152 сельскія Саветы дэпутатаў.
Насельніцтва
Па стане на 1 студзеня 2024 года ў рэгіёне пражывала 981 174 чалавекі, у тым ліку гарадское насельніцтва - 794 453 чалавекі, сельскае - 186 721 чалавек.
Найбуйнейшыя гарады рэгіёна – Магілёў (353 110 чалавек), Бабруйск (207 351 чалавек), Асіповічы (29 103 чалавекі), Горкі (28 961 чалавек) і Крычаў (23 264 чалавекі).
Сярод аграгарадкоў найбольшая колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 г. адзначалася ў аграгарадках Буйнічы (4 309 чалавек), Палыкавічы (3000).
Эканамічнае развіццё
Магілёўшчына – галоўны ў краіне вытворца ліфтаў, цэменту, хімічных валокнаў, тканін з хімічных валокнаў і адзіны вытворца аўтамабільных шын. Вядучымі галінамі вобласці з’яўляюцца вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, гумавых і пластмасавых вырабаў, будаўнічых матэрыялаў, машын і абсталявання, хімічных прадуктаў, а таксама дрэваапрацоўка.
У вобласці налічваецца амаль 1 600 прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый. Самыя буйныя з іх – ААТ “Белшына”, ААТ “Магілёўхімвалакно”, ААТ “Беларускі цэментны завод” і ААТ “Крычаўцэментнашыфер”, ААТ “Магілёўліфтмаш”, ААТ “Магатэкс”, ААТ “Магілёўскі металургічны завод”, ААТ “Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў”, ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”, СЗАТ “Магілёўскі вагонабудаўнічы завод”, РВУП “Завод газетнай паперы”, холдынг "Магілёўская малочная кампанія "Бабуліна крынка", ААТ "Магілёўскі мясакамбінат", ААТ "Малочныя горкі".
Важнай галіной эканомікі і галоўным складнікам аграпрамысловага комплексу з’яўляецца сельская гаспадарка. На працягу апошніх гадоў вобласць стабільна збірае добрыя ўраджаі. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя, бульба, кармавыя культуры. На высокім узроўні знаходзіцца льнаводства.
У шэрагу раёнаў спецыялізаваныя гаспадаркі займаюцца пушной зверагадоўляй, развядзеннем коней, рыбы.
У вобласці 192 сельскагаспадарчыя арганізацыі. У ліку вядучых – ЗАТ “Сервалюкс Агра”, ААТ “Александрыйскае”, Бялыніцкі СВК “Калгас “Радзіма”, УКСП “Саўгас “Добраахвотнік”, ЗАТ “Агракамбінат “Зара”, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Кіраўскага раёна.
Магілёўская вобласць ажыццяўляе знешнегандлёвае супрацоўніцтва са 109 дзяржавамі свету. Асноўныя гандлёвыя партнёры – Расійская Федэрацыя, Кітай, Польшча, Турцыя, Казахстан, Германія, Латвія, Азербайджан.
У 2002 годзе ў рэгіёне заснавана свабодная эканамічная зона "Магілёў".
Прыродныя багацці і мінеральныя рэсурсы
Прырода надзяліла Магілёўскую вобласць маляўнічымі мясцінамі.
Па тэрыторыі рэгіёна працякаюць 453 ракі, у тым ліку Днепр, Бярэзіна, Сож, Свіслач, Пціч, Друць, Асцёр, Бесядзь, Іпуць.
Большасць азёр Магілёўшчыны маюць ледніковае паходжанне і крышталёва чыстыя празрыстыя воды. Усяго ў Магілёўскай вобласці 120 азёр. Самыя буйныя з іх – Выгада, Заазёрскае, Чорнае, Няропля, Вяхава, Дзікае.
Тут створаны 5 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 60 гідралагічных, біялагічных і ландшафтных заказнікаў мясцовага значэння. У вобласці размяшчаюцца 92 помнікі прыроды. Многія з іх папулярныя не толькі сярод беларусаў, але і замежных гасцей. Гэта, напрыклад, Трафімава крыніца, размешчаная непадалёку ад аграгарадка Александрыя, Палыковіцкая крыніца пад Магілёвам, Жыліцкі парк у Кіраўскім раёне або дэндрапарк у Горках.
Рэгіён славіцца сваімі паляўнічымі рэсурсамі. Лясы займаюць 39,3% тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Багатая вобласць і на карысныя выкапні. Вядома 1800 радовішчаў: цэментная сыравіна (найбуйнейшыя ў краіне запасы мелу, мергелю, гліны і суглінкаў цэментных), фасфарыты (унікальныя для Беларусі радовішчы), пясчана-жвіровыя сумесі, будаўнічыя і сілікатныя пяскі, торф, сапрапель, мінеральныя воды, трэпел і нафта.
Спорт і турызм
У Магілёўскай вобласці развіваюцца 45 відаў спорту.
Першы алімпійскі медаль у гісторыі магілёўскага і беларускага спорту ў 1956 годзе на Алімпіядзе ў Мельбурне заваяваў лёгкаатлет Міхаіл Крываносаў (2 месца ў кіданні молата). На Алімпіядзе ў Сеуле ў 1988 годзе залаты медаль заваявалі Віктар Рэнейскі (веславанне на байдарках і каноэ), Святлана Баітава (гімнастыка мастацкая). Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся таксама Аляксандр Масяйкоў (веславанне на байдарках і каноэ, 1992), Андрэй і Аляксандр Багдановічы (веславанне на байдарках і каноэ, 2008), Дзінара Алімбекава (біятлон, 2018).
У Магілёўскай вобласці прадстаўлены розныя віды турызму: культурна-пазнавальны, спартыўны, гастранамічны, рэлігійны, паляўнічы, вытворчы, рэкрэацыйны, аграэкатурызм.
У 2023 годзе функцыянавалі 62 гасцініцы і аналагічныя сродкі размяшчэння, 17 домікаў паляўнічага і рыбака і паляўнічых комплексаў, 182 суб’екты аграэкатурызму, 17 баз адпачынку.
На тэрыторыі Магілёўскай вобласці размешчаны 9 санаторыяў: санаторый імя У.І.Леніна, “Шыннік”, “Дубровенка”, санаторый імя К.П.Арлоўскага, “Сосны”, “Энергетык”, “Чайка”, “Свіслач”, "Вясёлка".
Культура і асноўныя выдатныя мясціны
Магілёўская вобласць мае велізарную культурную спадчыну - больш за 1000 помнікаў археалогіі, гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У вобласці 24 музеі, 3 тэатры, філармонія.
На тэрыторыі рэгіёна захаваўся адзіны замак – Быхаўскі.
Магілёўская вобласць – яркі культурны рэгіён краіны. Менавіта ў Магілёве ў 1888 годзе з’явіўся першы на беларускіх землях драмтэатр – адзін з лепшых у Еўропе па акустыцы, у якім выступалі Камісаржэўская, Шаляпін і Рахманінаў. А ў Крычаве па сённяшні дзень радуе вока ўзведзены стагоддзем раней палац графа Пацёмкіна.
У адным з раённых цэнтраў вобласці – горадзе Горкі – знаходзіцца старэйшая ў СНД і краінах Еўропы аграрная ВНУ, заснаваная ў 1840 годзе, – Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Яе цэласны архітэктурны ансамбль, які складваўся на працягу больш як 150 гадоў, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспублікі. Сярод выпускнікоў гэтай вядомай ВНУ, якая мае багатую гісторыю і традыцыі, – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Варта асобна адзначыць і ансамбль Свята-Нікольскага манастыра XVII стагоддзя ў Магілёве, езуіцкі касцёл з кляштарам пачатку XVII стагоддзя ў Мсціславе, палацава-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, а таксама Бабруйскую крэпасць XIX стагоддзя і Ратушу XVIII стагоддзя ў Шклове.
У Прыдняпроўскім рэгіёне Беларусі праводзіцца мноства яркіх мерапрыемстваў. Гэта рэспубліканскае свята “Купалле” – “Александрыя збірае сяброў", міжнароднае музычна-спартыўнае свята “Вялікая бард-рыбалка” ў Быхаўскім раёне, свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст” у Мсціславе, міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, фестываль народнага мастацтва “Вянок дружбы” ў Бабруйску, Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер” у Магілёве і многія іншыя.
Жыхары Магілёва не толькі беражліва захоўваюць традыцыі і помнікі архітэктуры, што дайшлі да нас, але і аднаўляюць страчаныя. Яркім сімвалам такога адраджэння стала каменная Ратуша Магілёва, якая была ўзведзена ў 1698 годзе і лічылася лепшым творам грамадзянскай архітэктуры Беларусі ХVІІ стагоддзя. У 1780-м з яе назіральнай пляцоўкі аглядалі горад імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Франц Іосіф II. Не раз яна перажывала пажары і аднаўленні. І нават узрыў ратушы ў 1957 годзе не змог знішчыць яе назаўжды – у 2007-м пачаліся работы па аднаўленні ўнікальнага аб’екта, старт якім даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. А ў падмурак адноўленай ратушы Кіраўнік дзяржавы заклаў наказ нашчадкам.
Яшчэ адна знакавая мясціна Магілёўшчыны – велічны мемарыял “Буйніцкае поле”, прысвечаны гераічным абаронцам Магілёва ў 1941 годзе.
Рэлігія
У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з’яўляецца неад’емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія – хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Магілёўскай вобласці з’яўляюцца праваслаўе, каталіцызм і пратэстантызм. Сярод іншых рэлігій распаўсюджаны іўдаізм. Усяго ў рэгіёне налічваецца 20 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын – 298.