Дзяржаўны сцяг
Дзяржаўны сцяг Рэспублiкi Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальных каляровых палос: верхняй чырвонага колеру і ніжняй зялёнага колеру. Суадносіны шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру - 2:1. Злева вертыкальна размешчаны беларускі арнамент чырвонага колеру на белым фоне.
Колеры нашага сцяга маюць наступныя значэнні:
- Чырвоны - сіла, мужнасць, высакароднасць, энергія;
- Зялёны - надзея, здароўе, маладосць, адраджэнне, працавітасць, стварэнне, прыродная гармонія;
- Белы - чысціня, бязгрэшнасць, прымірэнне, мудрасць, веды.
Арнамент - сімвал старажытнай культуры народа, яго духоўнага багацця. Змест арнаменту на Дзяржаўным сцягу апавядае пра хлеб, ураджай і прадаўжэнне роду; праслаўляе працавітасць і майстэрства - першааснову шчаслівай долі чалавека.
Беларусь - першая ў свеце краіна, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга.
Факты пра наш сцяг
- Арнамент, размешчаны на сцягу, быў вышыты ў 1917 годзе сялянкай з вёскі Касцелішча Сенненскага раёна Віцебскай вобласці Матронай Маркевіч. У Сянне ёй устаноўлены помнік.
- Другая нядзеля мая - Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
- У 2013 годзе ў Мінску з'явілася плошча Дзяржаўнага сцяга. У цэнтры яе знаходзіцца 70-метровая стэла, на якой устаноўлены самы вялікі ў краіне Дзяржаўны сцяг. Яго плошча складае 98 кв.м, а маса - 25 кг.