Віцебская вобласць

Гістарычны экскурс, цікавыя факты

Віцебск, віды Віцебска

Гэты паўночны рэгіён Беларусі шырока вядомы далёка за яе межамі дзякуючы шматлікім маляўнічым азёрам, лясным аграсядзібам, фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і шматлікім таленавітым мастакам.

На віцебскіх землях нарадзіліся першая жанчына Беларусі, прызнаная святой, − Ефрасіння Полацкая, заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання і асветнік Францыск Скарына, вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, сусветна вядомы мастак Марк Шагал.

У 1954 годзе ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Віцебшчына – калыска беларускай дзяржаўнасці. Менавіта тут у ІХ стагоддзі з’явілася першае дзяржаўнае ўтварэнне – Полацкае княства.

Заснаваны ў 862 годзе на берагах Заходняй Дзвіны горад Полацк – самы старажытны горад Беларусі. За сваю доўгую гісторыю ён перажыў нападзенне вікінгаў, крыжакоў, не раз быў акупіраваны рознымі заваёўнікамі.

Віцебск, як сведчыць легенда, быў заснаваны ў 974 годзе святой роўнаапостальнай княгіняй Вольгай.

У Віцебшчыны ёсць цікавая асаблівасць: велізарныя камяні – валуны, якія на язычніцкіх землях былі прадметам асаблівага пакланення. Самы вялікі з іх знаходзіцца ў Шумілінскім раёне каля вёскі Горкі. Яго даўжыня – 11 м, шырыня – 5,6 м, бачная вышыня – 3 м. Вядома, што падземная частка валуна складае не менш як тры метры. Самы шануемы – Барысаў камень у Полацку. У 1981 годзе яго знайшлі за 5 км ад горада і ўстанавілі побач з Сафійскім саборам.

Менавіта ў Віцебскай вобласці размясціўся самы маленькі горад краіны – Дзісна з насельніцтвам 1 386 чалавек (на 1 студзеня 2024 года).

Геаграфічнае становішча

Пейзажы Беларусі

Віцебская вобласць – самы паўночны рэгіён краіны. На паўночным захадзе мяжуе з Латвіяй, на захадзе – з Літвой, на поўначы і ўсходзе – з Расійскай Федэрацыяй.

Плошча – 40,1 тыс. кв.км. Крайні паўночны пункт Беларусі – у Верхнядзвінскім раёне на поўнач ад Асвейскага возера. Яго каардынаты – 56°10' паўночнай шыраты і 28°07' усходняй даўгаты.

Жыхары Віцебскай вобласці ганарацца тым, што на тэрыторыі іх рэгіёна знаходзіцца не адзін цэнтр Еўропы, а адразу два. Першы, паводле  разлікаў вучоных, праведзеных у 2000 годзе, – прыпаў на сярэдзіну возера Шо. А ў 2008 годзе ў цэнтры Полацка быў устаноўлены памятны знак, які сведчыць, што цэнтр кантынента знаходзіцца якраз у гэтым горадзе.

Старажытны ляднік пакінуў у Браслаўскім Паазер’і больш за 10 відаў рэльефу, якія сталі адной з галоўных асаблівасцей краю. На Віцебшчыне ёсць і маляўнічыя ўзгоркі, і марэнныя грады, шматлікія балоты, рэкі і азёры.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

На 1 студзеня 2024 г. у Віцебскую вобласць уваходзяць:

  • 21 раён (Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Мёрскі, Аршанскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі) і 3 раёны ў горадзе Віцебску;
  • 2 гарады абласнога падпарадкавання (Віцебск, Наваполацк);
  • 17 гарадоў раённага падпарадкавання;
  • 22 пасёлкі гарадскога тыпу;
  • 6 167 сельскіх населеных пунктаў;
  • 245 аграгарадкоў.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці 196 Саветаў пярвічнага ўзроўню.

Абласны цэнтр – Віцебск.

Насельніцтва

Насельніцтва Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2024 года складала 1 081 911 чалавек, у тым ліку гарадское – 852 477 чалавек, сельскае – 229 434 чалавекі.

Жыхарамі абласнога цэнтра з’яўляюцца 358 395 чалавек, прычым Віцебск – другі па ўзросце сярод самых старажытных гарадоў краіны.

Іншыя буйныя гарады рэгіёна: Орша - 102 759 чалавек, Наваполацк – 95 717 чалавек і Полацк – 79 579 чалавек.

Найбольшая колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 г. адзначалася ў аграгарадках Бабінічы (3 396 жыхароў) і Ноўка (3 345).

Эканамічнае развіццё

Пейзажы Беларусі

Віцебская вобласць – высокаразвіты індустрыяльны рэгіён. У прамысловай сферы працуе амаль чвэрць занятага насельніцтва, вырабляецца 28,9% валавога рэгіянальнага прадукту (папярэднія даныя за 2023 год).

Аснову прамысловасці складаюць перапрацоўка нафты і хімічная вытворчасць, вытворчасць электраэнергіі (Лукомская ДРЭС і Наваполацкая ЦЭЦ), прадуктаў харчавання і напіткаў, тэкстыльная, швейная, абутковая вытворчасць.

У Віцебскай вобласці больш за 1300 прамысловых прадпрыемстваў. Візітнай карткай рэгіёна з’яўляюцца ААТ “Нафтан”, ААТ “Полацк-Шкловалакно”, СТАА “Белвест”, кіруючая кампанія холдынга “Беларуская гарбарна-абутковая кампанія” Марко”, ААТ “Даламіт”, ДА "Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты”, ААТ “Віцебскія дываны”, ТАА "ВА Энергакамплект”, ААТ “Віцязь”.

У Віцебскай вобласці працуе 218 сельскагаспадарчых арганізацый. Сярод вядучых – СВК “Маяк Браслаўскі”, ААТ “Шайцерава”, ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, СВК “Ларынаўка”, ААТ “Агракамбінат Юбілейны”, ААТ “Маяк Высокае”, ААТ “Хацілы-Агра”, УП “Палімір-Агра”, УП “П-З Карпекі”, ІП “Дзецкасельскі-Гарадок”, філіял “Віраўлянскі”.

Сапраўдны гонар Віцебшчыны – лён, які ў Беларусі прынята называць “залатое руно”. Менавіта тут размешчаны самы буйны на прасторах СНД ільнокамбінат – Аршанскі, добра вядомы сваёй прадукцыяй у многіх кутках планеты.

Беларусь – адна з вядучых краін - вытворцаў ільновалакна. Прыгожыя  блакітныя кветкі, якія маюць для беларусаў асаблівы сэнс, можна ўбачыць нават на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь.

Віцебская вобласць спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, рапсу, бульбы, развіта азёрна-рыбная гаспадарка.

Рэгіён падтрымлівае знешнегандлёвае супрацоўніцтва са 118 краінамі свету. Аснову экспарту складаюць нафтапрадукты, правады ізаляваныя, кабелі, мяса-малочная прадукцыя, палімеры этылену, лесаматэрыялы падоўжна распілаваныя, шкловалакно, тэлевізары, маніторы і праектары, алей рапсавы.

Праз рэгіён праходзіць некалькі транспартных калідораў: аўтамабільныя дарогі Берлін−Варшава−Орша−Масква, Хельсінкі−Віцебск−Кіеў−Адэса. Вобласць злучана аўтамабільным і чыгуначным транспартам з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Рыгай, Вільнюсам.

У жніўні 1999 года на тэрыторыі рэгіёна была ўтворана свабодная эканамічная зона “Віцебск”.

З 1998 года Віцебская вобласць уваходзіць у еўрарэгіён  “Азёрны край”, які аб’ядноўвае раёны і самакіраўніцтвы Віцебскай вобласці, Літвы і Латвіі. У яго рамках рэалізуюцца прыярытэтныя праекты трансгранічнага супрацоўніцтва па праграме “Літва-Латвія-Беларусь” у сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, турызму, аховы навакольнага асяроддзя, адукацыйных праграм.

Прыроднае багацце і мінеральныя рэсурсы

Пейзажы Беларусі

Па колькасці і плошчы азёраў Віцебшчына займае першае месца ў Беларусі. Тут больш за 2800 азёраў (самыя вялікія – Асвейскае, Лукомскае, Дрывяты, Нешчарда, Снуды) і больш за 500 рэк (Заходняя Дзвіна, Днепр, Дрыса, Обаль, Дзісна і іншыя).

Больш за трэць тэрыторыі вобласці займаюць лясы, каля 60% якіх – векавыя хвойныя. У вобласці размешчаны 1 запаведнік, 2 нацыянальныя паркі, 25 заказнікаў рэспубліканскага і 67 мясцовага значэння, 230 помнікаў прыроды.

Бярэзінскі біясферны запаведнік мае статус біясфернага рэзервата ЮНЕСКА і ўзнагароджаны еўрапейскім дыпломам для асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Ельня” – адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў верхавых балот і ледніковых азёр. Прыродны помнік з унікальнай флорай і фаўнай мае міжнародны ахоўны статус. Асаблівы гонар – балота Ельня, што існуе ўжо больш за 9 тысячагоддзяў і мае плошчу каля 20 тыс. га.

У 1995 годзе быў заснаваны нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.

Віцебская вобласць багатая на радовішчы карысных выкапняў. Прамыслова здабываюцца даламіт, гліна, торф, будаўнічыя пяскі, мінеральныя воды.

Спорт і турызм

На Віцебшчыне развіваюцца 47 відаў спорту.

Алімпійскімі чэмпіёнамі розных гадоў станавіліся прадстаўнікі Віцебскай вобласці Рамуальд Клім (лёгкая атлетыка, 1964), Віктар Куранцоў (цяжкая атлетыка, 1968), Ларыса Петрык (гімнастыка спартыўная, 1968), Тамара Лазаковіч (гімнастыка спартыўная, 1972), Сяргей Каплякоў (плаванне, 1980), Таццяна Белашапка (Івінская) (баскетбол, 1980), Вячаслаў Яноўскі (бокс, 1988), Уладзіслаў Ганчароў (скачкі на батуце, 2016), Ірына Крыўко (біятлон, 2018).

У Віцебскай вобласці прадстаўлены розныя віды турызму: культурна-пазнавальны, спартыўны, рэлігійны, паляўнічы, вытворчы, рэкрэацыйны, фестывальны, гастранамічны.

Віцебская вобласць – адзіная ў Беларусі ўключана ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны, якая займаецца папулярызацыяй мясцовых кулінарных асаблівасцей, традыцыйных страў і рэцэптаў. У Еўрапейскай сетцы, якая аб’ядноўвае больш за 1500 удзельнікаў з 44 еўрапейскіх рэгіёнаў, Беларусь прадстаўлена пяццю раёнамі Віцебскай вобласці: Мёрскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Полацкім і Лепельскім.

Турыстычная інфраструктура Віцебшчыны актыўна развіваецца. У 2023 годзе тут функцыянавалі 91 гасцініца і аналагічныя сродкі размяшчэння, 469 суб’ектаў аграэкатурызму, 35 паляўнічых комплексаў і дамоў паляўнічага (рыбака).

У Віцебскай вобласці 9 санаторыяў: Лепельскі ваенны санаторый, санаторна-курортны комплекс “Пліса”, санаторыі “Лётцы”, “Чыгуначнік”, “Лясное”, “Баравое”, “Расінка”, “Лясныя азёры”, “Нафтан”.

Культура і асноўныя выдатныя мясціны

Віцебск, віды Віцебска

Віцебская вобласць мае багатую культурную спадчыну. На тэрыторыі вобласці размешчаны 964 помнікі археалогіі, архітэктуры, гісторыі, мастацтва і горадабудаўніцтва. У вобласці 28 музеяў, 2 тэатры, філармонія.

На Віцебшчыне захаваліся руіны аднаго замка (“Белы Ковель” аг. Смальяны Аршанскага раёна), земляныя замкавыя ўмацаванні ў аг. Друцк (Талачынскага раёна), г. Дзісна (Мёрскага раёна).

На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзяцца два аб’екты, якія ўнесены ў папярэдні спіс ЮНЕСКА: Спаса-Праабражэнская царква ў горадзе Полацку і касцёл Іаана Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна.

Свята-Благавешчанская царква XII стагоддзя ў Віцебску, Сафійскі сабор XI−XVIII стагоддзяў і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр XII−XVIII стагоддзяў у Полацку, Куцеінскі Успенскі манастыр XVII стагоддзя ў Оршы, Свята-Раства-Багародзічны сабор і Троіцкі касцёл XVII−XVIII стагоддзяў у Глыбокім – толькі некаторыя помнікі з вялікага спіса культурных аб’ектаў рэгіёна.

Гасцям вобласці абавязкова варта наведаць дом-музей Марка Шагала ў Віцебску, музей-сядзібу Ільі Рэпіна “Здраўнёва”, мемарыяльны комплекс “Прарыў” (адзін з самых значных твораў манументальнага мастацтва БССР).

Штогод у рэгіёне праводзіцца каля 50 розных фестываляў з удзелам калектываў з блізкага і далёкага замежжа. Візітнай карткай вобласці з’яўляецца знакаміты Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Рэлігія

Віцебск, віды Віцебска

У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з’яўляецца неад’емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія – хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Віцебскай вобласці з’яўляюцца праваслаўе, каталіцызм і евангелізм. Сярод іншых рэлігій распаўсюджаны адвентызм і лютэранства. Усяго ў Віцебскай вобласці налічваецца 18 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын – 566.