Брэсцкая вобласць
Гістарычны экскурс, цікавыя факты
Брэсцкая вобласць – заходнія вароты Беларусі, важны турыстычны, транзітны і аграпрамысловы рэгіён з багатым гістарычным мінулым.
На працягу ўсёй гісторыі ён быў месцам перасячэння гандлёвых, культурных і дыпламатычных шляхоў. Выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча спрыяла з'яўленню тут гарадоў, самыя старажытныя з іх – Брэст (1019 г.) і Пінск (1097 г.).
Першым з беларускіх гарадоў, які атрымаў Магдэбургскае права ў 1390 г., стаў Брэст, які ў 2019 годзе адзначыў сваё тысячагоддзе. Да гэтага часу горад захоўвае архітэктуру розных эпох: ад старажытнага гарадзішча Бярэсця да будынкаў імперскага Брэст-Літоўска, польскага Брэста-над-Бугам і савецкага Брэста. Тут былі створаны першыя на тэрыторыі Беларусі манетны двор і друкарня, у якой быў выдадзены выдатны помнік сярэдневяковай літаратуры – Брэсцкая Біблія.
Сёння Брэстчына мае значны эканамічны патэнцыял, развітую сацыяльную інфраструктуру, шырокія міжнародныя сувязі.
Візітная картка вобласці – мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 года, Брэсцкая вобласць і горад Брэст са сваёй крэпасцю прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў. Брэсцкая крэпасць з невялікім гарнізонам, які знаходзіўся ў ёй, не здавалася да 30 ліпеня 1941 года.
Сярод іншых значных гісторыка-культурных і турыстычных аб'ектаў вобласці: Камянецкая вежа, палацава-паркавы комплекс у Ружанах, Францысканскі манастыр у Пінску, палац Пуслоўскіх у г.Косава, мемарыяльны комплекс партызанскай славы "Хаваншчына" ў Івацэвіцкім раёне, помнік ахвяр генацыду беларускага народа "Стасіна" ў Столінскім раёне, шэраг пунктаў Дугі Струвэ і інш.
Геаграфічнае становішча
Вобласць размешчана на паўднёвым захадзе краіны, на поўдні мяжуе з Украінай, на захадзе – з Польшчай.
На тэрыторыі Брэстчыны знаходзіцца крайняя заходняя кропка краіны – на рацэ Буг на паўднёвы захад ад горада Высокае. Яе каардынаты – 52°17' паўночнай шыраты і 25°11' усходняй даўгаты.
Плошча вобласці – 32,8 кв. км.
Рэльеф раўнінны.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
На 1 студзеня 2024 г. у Брэсцкую вобласць уваходзяць:
- 16 раёнаў (Баранавіцкі, Бярозаўскі, Брэсцкі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі) і 2 раёны ў горадзе Брэсце;
- 3 гарады абласнога падпарадкавання (Брэст, Баранавічы, Пінск);
- 18 гарадоў раённага падпарадкавання;
- 8 пасёлкаў гарадскога тыпу;
- 2 148 сельскіх населеных пунктаў, з іх 214 аграгарадкоў.
На тэрыторыі Брэсцкай вобласці 195 сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Абласны цэнтр – Брэст.
Насельніцтва
У Брэсцкай вобласці пражываюць 1 308 569 чалавек (на 1 студзеня 2024 года), у тым ліку ў гарадах – 945 604 чалавекі, у сельскай мясцовасці - 362 965 чалавек.
Буйнейшыя гарады вобласці – Брэст (344 470 чалавек), Баранавічы (171 361 чалавек) і Пінск (124 295 чалавек).
З аграгарадкоў на 1 студзеня 2024 г. найбольшыя па колькасці насельніцтва – Альшаны (7815 жыхароў), Жамчужны (4028), Моталь (3421), Чэрні (3359), Мухавец (3016).
Эканамічнае развіццё
Брэсцкая вобласць мае вялікі патэнцыял у сельскагаспадарчай сферы і прамысловасці. Тут размешчаны прадпрыемствы па выпуску прадуктаў харчавання, развіты машынабудаванне, тэкстыльная і швейная вытворчасць, вытворчасць мэблі і будаўнічых матэрыялаў. Прамысловасць рэгіёна (паводле папярэдніх даных за 2023 год) забяспечвае 25,3% валавога рэгіянальнага прадукту.
Удзельная вага вобласці ў аб'ёме прамысловай вытворчасці краіны -11,4%.
У рэгіёне налічваецца больш за 1800 прамысловых прадпрыемстваў. Вядучымі з'яўляюцца ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "558 авіяцыйны рамонтны завод", СП "Санта-Брэмар" ТАА, ААТ "Брэсцкі мясакамбінат", РУП "Брэстэнерга", ААТ "Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне", ААТ "Палессе", СП ААТ "Брэстгазаапарат", РУВП "Граніт", ААТ "Белсолад", ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў", УП "Гефест-тэхніка", ААТ "Аграпрадукт", ААТ "Кобрынскі масласырзавод".
Яшчэ ў савецкія часы Брэсцкая вобласць была "харчовым донарам" рэспублікі і не раз станавілася пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. У ліпені 1967 года вобласць удастоілася ордэна Леніна. Менавіта ў гэтым рэгіёне ў 1996 годзе прайшло першае ўжо ў незалежнай Беларусі свята ўраджаю "Дажынкі".
У вобласці 288 сельскагаспадарчых арганізацый. Найбуйнейшыя з іх - ААТ "Птушкафабрыка "Дружба", ААТ "Баранавіцкая птушкафабрыка", ААТ "Крошын", ААТ "Астрамечава", ААТ "Селекцыйна-гібрыдны цэнтр "Заходні", ААТ "Камароўка", ААТ "Белавежскі", ААТ "Жарабковічы", ААТ "Ружаны-Агра", ААТ "Жураўлінае", ААТ "Агра-Калядзічы", ААТ "Парахонскае", СВК "Фядорскі".
Сельская гаспадарка вобласці спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, агародніцтве, бульбаводстве, вырошчванні збожжавых культур і цукровых буракоў. Вобласць утрымлівае першае месца ў Беларусі па экспарце сельгаспрадукцыі і харчавання, забяспечваючы больш за чвэрць рэспубліканскага аб'ёму.
У цэлым прадукцыя, вырабленая ў Брэсцкай вобласці, экспартуецца ў 93 краіны свету, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю, Кітай, Казахстан, Польшчу, Германію, Узбекістан, Азербайджан. У рэгіён актыўна прыходзіць замежны капітал.
З 1996 года функцыянуе першая ў Беларусі свабодная эканамічная зона "Брэст". Гандлёва-эканамічныя сувязі з іншымі дзяржавамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна "Буг".
Прыродныя багацці і мінеральныя рэсурсы
Брэсцкая вобласць – гэта край унікальных прыродных комплексаў, сярод якіх вылучаюцца Нацыянальны парк "Белавежская пушча", заказнікі "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Альманскія балоты", "Званец", "Выганашчанскае". Рэгіён лідзіруе ў краіне па плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб'ектаў (15,2% ад агульнай плошчы вобласці).
На тэрыторыі вобласці захаваліся ў сваім прыродным стане найбуйнейшыя ў Еўропе адкрытыя нізінныя балоты і моцна абводненыя поймы раўнінных рэк – яны маюць важнае значэнне для захавання біяразнастайнасці і ўдзельнічаюць у фарміраванні клімату Еўропы.
Найбольш буйныя рэкі – Заходні Буг, Прыпяць, Гарынь, Шчара і Ясельда, самыя буйныя азёры – Выганашчанскае, Бабровіцкае, Спораўскае, Чорнае і Белае.
На тэрыторыі Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў знаходзіцца беларуская частка трансгранічнага біясфернага рэзервата "Заходняе Палессе", уключанага ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА. На тэрыторыі Столінскага раёна - біясферны рэзерват "Прыпяцкае Палессе".
Таксама на тэрыторыі вобласці размешчаны 18 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 33 заказнікі мясцовага значэння, 29 рэспубліканскіх і 111 мясцовых помнікаў прыроды.
Вобласць багата на карысныя выкапні, тут распрацоўваюцца найбуйнейшыя ў краіне радовішчы будаўнічага каменю, мелу, тугаплаўкіх глін, адкрыта адзінае ў краіне радовішча базальтаў і туфаў.
Спорт і турызм
У вобласці развіваюцца 40 відаў спорту. Брэсцкая зямля выхавала першага беларускага алімпійскага чэмпіёна па веславанні Сяргея Макаранку, які заваяваў у 1960 годзе ў Рыме залаты медаль. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся таксама Леанід Тараненка (цяжкая атлетыка, 1980; сярэбраны прызёр, 1992) і Юлія Несцярэнка (лёгкая атлетыка, 2004).
У сучаснай спартыўнай Брэстчыны - свой твар. Асаблівы каларыт надаюць буйныя спартыўныя аб'екты. У іх ліку – вяслярны канал, спарткомплекс "Брэсцкі", Палац водных відаў спорту, стадыён для хакея на траве "Будаўнік", лукадром, бейсбольны стадыён, Палац гульнявых відаў спорту "Вікторыя" (г. Брэст), стадыён па хакеі на траве "Дубава-спорт" (г.Баранавічы), шматфункцыянальная спартыўная база ўстановы адукацыі "Палескі дзяржаўны ўніверсітэт" (г.Пінск).
У рэгіёне актыўна развіваюцца экалагічны, агратурызм, прыгранічны, транзітны, культурна-этнаграфічны, аздараўленчы, актыўны (веласіпедны, водны), экскурсійна-пазнавальны, паляўнічы і навуковы віды турызму.
У 2023 годзе ў Брэсцкай вобласці функцыянавалі 111 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 356 суб'ектаў аграэкатурызму. Найбольшая колькасць аграсядзіб – у Брэсцкім (140), Баранавіцкім (48), Кобрынскім (43), Пінскім (39) раёнах.
У Брэсцкай вобласці 11 санаторыяў. Папулярнасцю ў беларусаў і замежных грамадзян карыстаюцца санаторыі "Ружанскі", "Буг", "Бярэсце", "Сонечны", "Надзея", "Алеся", "Чабарок", "Белая Вежа", "Магістральны", "Ясельда", "Світанак".
Культура і асноўныя славутасці
На Брэстчыне 729 помнікаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Два аб'екты – Белавежская пушча і Дуга Струвэ – унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
На тэрыторыі вобласці знаходзяцца 2 замкі, працуюць 3 тэатры, 21 музей (2 музеі рэспубліканскага падпарадкавання), 3 выставачныя залы, абласная філармонія.
У Камянецкім раёне Брэстчыны знаходзіцца 700-гадовая 30-метровая вежа-данжон, якую часта называюць Белай вежай, – вядомы архітэктурны сімвал Беларусі.
Культурнае жыццё Брэстчыны разнастайнае і насычанае. Далёка за межамі краіны вядомы фестываль класічнай музыкі "Студзеньскія музычныя вечары" і тэатральны фестываль "Белая Вежа".
Рэлігія
У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з'яўляецца неад'емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія - хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Брэсцкай вобласці з'яўляюцца праваслаўе, евангелізм і каталіцызм. Усяго ў вобласці налічваецца 17 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын - 765.