Правы дзіцяці ў Беларусі

Правы чалавека – гэта правы, якія забяспечваюць абарону годнасці і свабоды кожнага асобнага чалавека незалежна ад яго нацыянальнасці, месцапражывання, полу, этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, рэлігіі, мовы або любых іншых прыкмет, якія гарантуюць людзям паўнацэннае жыццё ў грамадстве, кожнаму даюць магчымасць раскрыцца як асобе. Важнейшым дакументам у галіне правоў чалавека з'яўляецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Прэзідэнт - Дзецям

Рэспубліка Беларусь з першых дзён абвяшчэння незалежнасці заявіла аб прыхільнасці да норм міжнароднага права і аб тым, што суверэнітэт краіны аб'яўлены ў імя свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека прадугледжвае роўнасць і свабоду ўсіх людзей з моманту іх нараджэння. Аднак маленькія дзеці абмежаваны ў правах: яны шмат чаго не ведаюць, не маюць жыццёвага вопыту і не могуць несці паўнацэнную адказнасць за свае ўчынкі. Чым  старэйшым становіцца дзіця, тым больш асабістых правоў і асабістай адказнасці яно набывае.

Да пэўнага ўзросту інтарэсы дзяцей абараняюць бацькі або апекуны. Яны нясуць адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці.

Калі размова ідзе аб правах дзіцяці, то маюцца на ўвазе ў першую чаргу яго правы як асобы. Дзіця, як любы чалавек, мае права на паважлівае стаўленне, дастойнае існаванне і развіццё сваіх здольнасцей.

Дзіця мае права:

  • на жыллё;
  • на жыццё і здаровае развіццё;
  • на асаблівы клопат пры абмежаваных магчымасцях;
  • на роўныя правы незалежна ад нацыянальнасці, полу і рэлігіі;
  • на адукацыю;
  • на сям’ю;
  • на імя, грамадзянства, захаванне сваёй індывідуальнасці;
  • на карыстанне роднай мовай;
  • на ўласнае меркаванне і права свабодна выказваць яго;
  • на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне;
  • на карыснае і якаснае харчаванне;
  • на адпачынак і вольны час, удзел у гульнях, культурным жыцці, займанне мастацтвам;
  • на абарону ад эканамічнай эксплуатацыі;
  • на абарону ад жорсткага абыходжання;
  • на абарону ад усіх форм сексуальнай эксплуатацыі.

 

У 1989 годзе на Генеральнай Асамблеі ААН была прынята Канвенцыя аб правах дзіцяці. У ёй замацаваны міжнародна прызнаныя правы дзяцей. У аснове Канвенцыі - чатыры агульныя прынцыпы, пры выкананні якіх кожнае дзіця зможа развівацца гарманічна і рэалізоўваць свае здольнасці. Рэспубліка Беларусь таксама далучылася да гэтай Канвенцыі.

Агульныя прынцыпы Канвенцыі аб правах дзіцяці

Свабода ад дыскрымінацыі

Дзеці рознага полу і ўзросту маюць розныя інтарэсы і патрэбнасці, але ўсе яны надзелены аднолькавымі правамі і павінны мець роўнае абыходжанне незалежна ад полу, нацыянальнасці, паходжання, стану здароўя.

Найлепшае забеспячэнне інтарэсаў дзіцяці

Прымаючы рашэнні і плануючы свае дзеянні, дарослыя заўсёды павінны ўлічваць інтарэсы дзіцяці. Гэты прынцып датычыцца сям'і, органаў улады, судоў, дзяржаўных і прыватных інстытутаў.

Правы дзіцяці на жыццё і развіццё

Бацькі абавязаны рабіць усё магчымае, каб дзіця магло нармальна развівацца і рэалізоўваць свае здольнасці. Дзяржава прапануе бацькам разнастайную дапамогу і падтрымку. Калі, нягледзячы на дапамогу дзяржавы, бацькі не могуць забяспечыць дзіцяці неабходныя ўмовы, дзяржава бярэ гэты абавязак на сябе.

Паважанне поглядаў дзіцяці

У любых пытаннях, якія датычацца дзіцяці, неабходна прыслухоўвацца да яго, улічваць яго меркаванне, а не проста прымаць рашэнне за яго, няхай нават у яго інтарэсах. Гэты прынцып трэба захоўваць ва ўсіх аспектах жыцця дзіцяці.