Гродзенская вобласць

Гістарычны экскурс, цікавыя факты

Вячэрні Гродна, віды Гродна

Гродзенская вобласць мае значны прыродна-рэсурсны патэнцыял і прыцягвае сваімі непаўторнымі архітэктурнымі ансамблямі, у якіх суседнічаюць помнікі розных эпох і стыляў. 

Гісторыя Гродзеншчыны ідзе каранямі ў сівую даўніну. Яе тэрыторыя была заселена людзьмі з позняга палеаліту. Найбольш старажытныя стаянкі знаходзіліся на возеры Свіцязь, каля вёсак Чарэшля Навагрудскага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Збляны Лідскага раёнаў, каля вусця ракі Котра.

Вядома, што ў канцы I – пачатку II тысячагоддзя на тэрыторыі Гродзеншчыны жылі ўсходнеславянскія плямёны (дрыгавічы, крывічы, валыняне, драўляне), заходнеславянскія (мазаўшане), усходнебалтыйскія (літва), заходнебалтыйскія (яцвягі). У другой палове I тысячагоддзя пачынаецца славянская каланізацыя рэгіёна.

Самым старажытным горадам Гродзенскай вобласці з’яўляецца Ваўкавыск. Ён таксама ўваходзіць у топ-5 самых старых гарадоў Беларусі. Першае згадванне пра горад у Тураўскім летапісе датуецца 1005 годам.

Першымі буйнымі гарадамі на гэтых землях былі Навагрудак (1044), Гродна (1128), Слонім (1252), Ліда (1323).

Геаграфічнае становішча

Пейзажы Беларусі

Гродзенская вобласць – самы маленькі рэгіён краіны, яе плошча складае 25,1 тыс. кв.км. (47,5% - сельскагаспадарчыя землі; 37,9% - лясныя землі; 3,8% - паверхневыя воды, уключаючы балоты; 10,8% - іншыя землі).

На захадзе мяжуе з Польшчай, на поўначы – з Літвой.

Для рэгіёна характэрны раўнінны рэльеф. Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, размешчаная ў даліне ракі Нёман. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны – 80 м над узроўнем мора.

На поўдні і ўсходзе знаходзяцца марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенская, Ваўкавыская, а таксама Навагрудская, на якой размешчана самая высокая кропка вобласці – Замкавая гара (323 м).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Гродна, віды Гродна

На 1 студзеня 2024 г. у Гродзенскую вобласць уваходзяць:

  • 17 раёнаў (Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Астравецкі, Ашмянскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі) і 2 раёны ў горадзе Гродна;
  • 1 горад абласнога падпарадкавання (Гродна);
  • 14 гарадоў раённага падпарадкавання;
  • 16 пасёлкаў гарадскога тыпу;
  • 4 292 сельскія населеныя пункты, з іх 226 аграгарадкоў.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці 154 сельскія Саветы.

Абласны цэнтр – Гродна.

Насельніцтва

На пачатак 2024 года колькасць насельніцтва Гродзенскай вобласці складала 992 556 чалавек, у тым ліку ў гарадской мясцовасці – 768 898 чалавек, у сельскай мясцовасці – 223 658 чалавек.

Самыя буйныя гарады вобласці – Гродна (361 115 чалавек) і Ліда (103 916 чалавек).

Да ліку буйных гарадоў рэгіёна адносяцца таксама Слонім (48 907 чалавек), Ваўкавыск (41 510 чалавек), Смаргонь (35 422 чалавекі) і Навагрудак (27 936 чалавек).

Сярод аграгарадкоў найбольшая колькасць на 1 студзеня 2024 г. адзначалася ў Верцялішках (2955 жыхароў), Азёры (2420).

Эканамічнае развіццё

Прамысловасць у Гродзенскай вобласці

У Гродзенскай вобласці дамінуючай з’яўляецца вытворчасць прадуктаў харчавання, напіткаў і тытунёвых вырабаў.

Сярод іншых значных галін прамысловасці – вытворчасць хімічных прадуктаў, дрэваапрацоўка, тэкстыльная і швейная вытворчасць, машынабудаванневытворчасць будаўнічых матэрыялаў, вытворчасць электраэнергіі.

Гродзенская вобласць займае 10,5% у аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі краіны. Тут знаходзіцца ўвесь рэспубліканскі аб’ём вытворчасці капралактаму, сухіх малочных сумесей для дзяцей, корднай тканіны для шын, амаль увесь аб'ём азотных угнаенняў, аміяку, больш за палову рэспубліканскага аб'ёму панчошна-шкарпэтачных вырабаў.

У Гродзенскай вобласці размешчаны 1300 прамысловых прадпрыемстваў. Найбольш значныя: ААТ “Гродна Азот”, ААТ “Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, ТАА “Белагратэрмінал”, ТАА "Ультрадэкор", ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, ААТ “Малочны свет”, Ваўкавыскае ААТ “Беллакт”, СТАА “Контэ Спа”, ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”, ААТ “Лакафарба”, ААТ “Навагрудскі завод газавай апаратуры”, РУП "Беларуская атамная электрастанцыя".

Асноўнымі галінамі сельскай гаспадаркі з’яўляюцца малочная і мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, вытворчасць збожжа, цукровых буракоў, рапсу, бульбы і плодаагародніннай прадукцыі.

У Гродзенскай вобласці працуе 206 сельскагаспадарчых арганізацый. У ліку вядучых – СВК “Свіслач”, СВК імя І.П.Сянько, Вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко, РСУП “Алекшыцы”, СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Свіцязянка –2003”, ЗАТ “Гудзевічы”, СВК “Сынковічы”, КСУП “АграСолы”, СВК “Нягневічы”.

У рэгіёне вядуцца маштабныя пераўтварэнні ў энергетыцы, перш за ўсё звязаныя з уводам у дзеянне атамнай электрастанцыі, а таксама з пераходам на аднаўляльныя крыніцы энергіі. У раёне н.п. Грабнікі Навагрудскага раёна ўведзена ў эксплуатацыю ветраэлектрычная станцыя, пабудавана Гродзенская гідраэлектрастанцыя на рацэ Нёман.

Гродзенская вобласць падтрымлівае гандлёва-эканамічныя адносіны больш як са 126 краінамі свету, пастаўляе тавары ў Расійскую Федэрацыю, Кітай, Узбекістан, Казахстан, Нарвегію, Данію, Турцыю, Літву, Латвію, Азербайджан, Германію, Бразілію, Малайзію.

З 2002 года дзейнічае свабодная эканамічная зона “Гроднаінвест”.

Тэрыторыю вобласці перасякаюць 5 чыгуначных ліній, якія злучаюць Гродзеншчыну з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй.

Прыродныя багацці і мінеральныя рэсурсы

Пейзажы Беларусі

Па тэрыторыі Гродзенскай вобласці працякае 80 рэк. Самыя буйныя з іх – Нёман (316 км), Вілія (152 км), Зяльвянка (138 км), Шчара (116 км), Котра (110 км).

На тэрыторыі рэгіёна знаходзяцца 34 возеры, у тым ліку Белае (5,3 кв.км), Рыбніца (2,48 кв.км), Свіцязь (2,24 кв.км).

Ёсць буйныя лясныя масівы – Налібоцкая пушча, Ліпічанская, Графская, часткова Белавежская пушча.

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці знаходзіцца 15 прыродных заказнікаў рэспубліканскага значэння, 95 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Карысныя выкапні: жалезныя руды, торф, мел, цагляная і чарапічная гліны, цэментная і вапнавая сыравіна, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял.

Спорт і турызм

У Гродзенскай вобласці культывуюцца 50 відаў спорту.

Усяго ў вобласці 3285 фізкультурна-спартыўных збудаванняў, 20 стадыёнаў, 6 спартыўных збудаванняў са штучным лёдам, 498 спартыўных залаў, 40 плавальных басейнаў.

За сучасную гісторыю алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся: Алена Валчэцкая (спартыўная гімнастыка, 1964), Іван Ядзешка (баскетбол, 1972), Вольга Корбут (спартыўная гімнастыка, 1972, 1976), Уладзімір Раманоўскі (веславанне на байдарках і каноэ, 1976), Ірына Шылава (стральба кулявая, 1988), Сяргей Гарлуковіч (футбол, 1988), Аляксандр Курловіч (цяжкая атлетыка 1988, 1992), Канстанцін Лукашык (стральба кулявая, 1992), Андрэй Барбашынскі і Андрэй Мінеўскі (гандбол, 1992), Яніна Карольчык (лёгкая атлетыка, 2000).

Гродзенская вобласць мае выгаднае рэкрэацыйна-геаграфічнае становішча на памежжы з краінамі Еўрапейскага саюза, мае багатую прыродную і гісторыка-культурную спадчыну і развітую транспартную сістэму. Усё гэта вызначае сур’ёзныя перспектывы развіцця ў рэгіёне розных відаў турызму.

Адной з жамчужын краю з’яўляецца Аўгустоўскі канал – аб’ект, які прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе функцыянавалі 63 гасцініцы і аналагічныя сродкі размяшчэння, 377 суб'ектаў аграэкатурызму.

Працуюць 9 санаторыяў: “Радон”, “Парэчча”, “Азёрны”, “Энергетык”, “Нёман–72”, “Жамчужына”, “Пралеска”, “Вясёлка”, “Альфа Радон”.

Культура і асноўныя выдатныя мясціны

Мірскі замак, Замкавы комплекс Мір

У Гродзенскай вобласці сканцэнтравана больш за 700 помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі і мастацтва. Дзейнічаюць 20 музеяў, 3 тэатры і філармонія.

Дзевяць старадаўніх замкаў, уключаючы каралеўскія, дзясяткі старажытных храмаў, манастыры і радавыя сядзібы, больш за 700 аб’ектаў са Спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі – усё гэта робіць Гродзенскую вобласць асабліва прывабнай для соцень тысяч турыстаў з Беларусі і замежжа. Як і ўсведамленне таго, што ўжо ў XII–XVI стагоддзях буйныя гарады і мястэчкі Гродзеншчыны пачалі адыгрываць значную ролю ў эканамічным і культурным жыцці.

Адно з найбольш важных месцаў паломніцтва ў Беларусі – Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр (XVII і XIX стст.).

Мірскі замак – выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя, занесенае ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Таксама ў ліку асноўных славутасцей рэгіёна – царква святых Барыса і Глеба (Каложская, XII ст.), Бернардзінскі касцёл (XVI–XVIII стст.), Касцёл святога Францыска Ксаверыя (Фарны), Лідскі і Навагрудскі замкі, царква-крэпасць у Сынковічах (XV ст.).

Дзясяткі тысяч гасцей прыцягваюць яркія святы і фестывалі, якіх штогод у вобласці праводзіцца больш за сотню. Самы відовішчны і масавы – Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, што з 1996 года аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх народаў, якія пражываюць у краіне.

З вялікім поспехам таксама праходзяць фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі благавест”, рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “Львяня”, фестываль мастацтваў “Мірскі замак”, фестываль “Гальшанскі замак”, рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”, “Ганненскі кірмаш”, фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, фестываль народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” і мноства раённых брэндавых мерапрыемстваў.

Рэлігія

Каложа, Каложская царква, самая старая царква Беларусі, самая старажытная царква Беларусі

У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з’яўляецца неад’емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва  разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія на тэрыторыі Гродзенскай вобласці – хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм). Усяго ў Гродзенскай вобласці налічваецца 17 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын - 490.