Навука ў Беларусі
Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем навукова-тэхнічнага развіцця. За гады суверэнітэту навуковы патэнцыял краіны не толькі захаваны, але і істотна ўмацаваны. Гэта пацвярджаецца высокімі пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах (рэйтынг па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, па індэксе чалавечага развіцця, Good Country Index, Doing Business і інш.).
Беларуская навука - гэта сістэма ўзаемадзеючых арганізацый, якія праводзяць даследаванні і распрацоўкі па шырокім спектры напрамкаў атрымання і прымянення найноўшых ведаў, што адпавядаюць перадавым рубяжам сусветнага навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ключавыя навуковыя сектары прадстаўлены акадэмічнай, вузаўскай (універсітэцкай), галіновай і карпаратыўнай навукай.
Арганізацыю навукі, навуковых даследаванняў і распрацовак, атэстацыю навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі і інавацыйнае развіццё забяспечваюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН Беларусі), Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ) і Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь (ВАК). Функцыянаванне сістэмы даследаванняў і распрацовак грунтуецца на выкананні шэрага дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічных праграм (дзяржаўных, рэгіянальных, галіновых), дзяржаўных праграм і інавацыйных праектаў.
Базай для комплекснага ўсебаковага развіцця навукова-тэхналагічнага патэнцыялу з'яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Гэта вышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя, інтэлектуальны і экспертны цэнтр краіны, ядро сістэмы генерацыі новых ідэй і ведаў. Акадэмія навук падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, падсправаздачная Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
НАН Беларусі забяспечвае арганізацыю, каардынацыю і правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў па асноўных напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук, з'яўляецца галаўной арганізацыяй па навукова-метадычным забеспячэнні развіцця інфарматызацыі. Тэматыка даследаванняў вызначаецца прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і прыярытэтнымі напрамкамі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Акадэмія працуе як буйная навукова-вытворчая карпарацыя, комплексна спалучае праграмныя, праектныя і кластарныя формы арганізацыі дзейнасці навуковых устаноў, навукова-практычных цэнтраў і вытворчасцей.
Апошнім часам структура НАН Беларусі значна ўдасканалена: створаны новыя тыпы арганізацый (навукова-практычныя цэнтры і аб'яднанні). Акадэмія навук стала базавай арганізацыяй Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, якая ўключае 15 акадэмій навук шэрага постсавецкіх і іншых краін, і актыўна развівае міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва на аснове дагавораў і пагадненняў з буйнейшымі навуковымі цэнтрамі свету.
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях з'яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку, ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне ў сферах навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, ахову правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, забяспечвае функцыянаванне адзінай сістэмы дзяржаўнай навуковай і навукова-тэхнічнай экспертызы. ДКНТ падпарадкоўваецца Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь - рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку і рэалізуе функцыю дзяржаўнага рэгулявання ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. ВАК падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.