Палітыка Беларусi

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Унутраная палітыка Беларусі грунтуецца на стабільнасці канстытуцыйнага ладу, гарантыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, роўнасці ўсіх форм уласнасці ў інтарэсах асобы і грамадства, устойлівым сацыяльна-эканамічным развіцці, уліку геапалітычных, сацыяльна-эканамічных і прыродных асаблівасцей Рэспублікі Беларусь, сацыяльнай справядлівасці, узаемадзеянні заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Беларусь у сваёй знешняй палітыцы кіруецца прынцыпамі роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці меж, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншымі агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права. Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў.

Асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі зацвярджаліся праграмнымі законамі, прынятымі Парламентам. Цяпер дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 2005 г. №60-З "Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь".

У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года, асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, распрацоўка якіх, згодна з Асноўным Законам, з'яўляецца прэрагатывай Урада, зацвярджае Усебеларускі народны сход.

Асаблівая роля ў механізме рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі адводзіцца Кіраўніку дзяржавы. Прэзідэнт з дапамогай прадастаўленых яму паўнамоцтваў гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі.

У актах Кіраўніка дзяржавы (указах і распараджэннях) асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі знаходзяць сваё далейшае развіццё і канкрэтызацыю. Па найбольш актуальных напрамках дзяржаўнай палітыкі прымаюцца ўказы праграмнага характару – дырэктывы Прэзідэнта.

Канстытуцыяй прадугледжваюцца пасланні Прэзідэнта:

  • да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі;
  • штогадовае – да Парламента, якое заслухоўваецца на Усебеларускім народным сходзе.

Непасрэдная рэалізацыя асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі аднесена да кампетэнцыі Урада і ажыццяўляецца праз дзейнасць як рэспубліканскіх, так і мясцовых органаў улады.

Унутраная палітыка

Прынцыпы ўнутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • стабільнасць канстытуцыйнага ладу;
  • гарантыя канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян;
  • роўнасць усіх форм уласнасці ў інтарэсах асобы і грамадства;
  • устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё;
  • улік геапалітычных, сацыяльна-эканамічных і прыродных асаблівасцей Рэспублікі Беларусь;
  • сацыяльная справядлівасць;
  • узаемадзеянне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Стратэгічныя мэты ўнутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • забеспячэнне правоў і свабод чалавека і гарантыі іх рэалізацыі;
  • павышэнне ўзроўню дабрабыту народа;
  • развіццё дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы;
  • фарміраванне эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.

Асноўныя задачы ўнутранай палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • забеспячэнне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;
  • забеспячэнне абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, правоў і законных інтарэсаў арганізацый, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў;
  • правядзенне адзінай бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі, якая садзейнічае фінансавай стабільнасці нацыянальнай эканомікі;
  • падтрыманне інфляцыі на ўзроўні, які не перашкаджае эфектыўнаму развіццю нацыянальнай эканомікі;
  • развіццё канкурэнтаздольных сектараў і галін нацыянальнай эканомікі;
  • прыцягненне інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь;
  • фарміраванне прамысловага патэнцыялу, заснаванага на высокаэфектыўных, рэсурсазберагальных, экалагічна бяспечных тэхналогіях, якія забяспечваюць вытворчасць канкурэнтаздольных тавараў (работ, паслуг);
  • актывізацыя інавацыйнай дзейнасці;
  • асваенне ў вытворчасці перадавых нацыянальных і замежных тэхналогій;
  • развіццё прадпрымальніцтва, малога і сярэдняга бізнесу;
  • павелічэнне працягласці жыцця грамадзян і зніжэнне смяротнасці;
  • аптымізацыя міграцыйных працэсаў;
  • забеспячэнне рацыянальнай занятасці насельніцтва, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў;
  • забеспячэнне бяспекі жыцця і здароўя работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці;
  • забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі малазабяспечаных груп насельніцтва;
  • стварэнне неабходных умоў для фарміравання духоўна багатага і фізічна здаровага чалавека, паляпшэння яго жыллёвых умоў;
  • забеспячэнне даступнасці медыцынскай дапамогі;
  • забеспячэнне развіцця ўсіх форм і відаў адукацыйнай дзейнасці;
  • забеспячэнне агульнадаступнасці каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах;
  • забеспячэнне правоў грамадзян на спрыяльнае для жыцця і здароўя навакольнае асяроддзе, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў;
  • папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць ахову жыцця і здароўя грамадзян, аб'ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння, а таксама навакольнага асяроддзя ад надзвычайных сітуацый;
  • забеспячэнне комплекснага ўстойлівага развіцця рэгіёнаў;
  • забеспячэнне права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Знешняя палітыка

Прынцыпы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • прытрымліванне агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права;
  • суразмернасць знешнепалітычных мэт палітыка-дыпламатычнаму, эканамічнаму, абароннаму, навукова-тэхнічнаму, інтэлектуальнаму патэнцыялу дзяржавы, забеспячэнне іх рэалізацыі для ўмацавання міжнародных пазіцый Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднага аўтарытэту;
  • павышэнне эфектыўнасці палітычных, прававых, знешнеэканамічных і іншых інструментаў абароны дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнай эканомікі ва ўмовах глабалізацыі;
  • развіццё на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі, узаемны ўлік і захаванне інтарэсаў усіх членаў міжнароднай супольнасці;
  • добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міжнародных арганізацыях і міждзяржаўных утварэннях;
  • прыхільнасць да палітыкі паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнародных адносін;
  • адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да сумежных дзяржаў, непрызнанне тэрытарыяльных прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь.

Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • абарона дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;
  • абарона правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.

Асноўныя задачы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь:

  • садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакратычнага светапарадку, які грунтуецца на агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права;
  • раўнапраўная інтэграцыя Рэспублікі Беларусь у сусветную палітычную, эканамічную, навуковую, культурную і інфармацыйную прастору;
  • стварэнне спрыяльных знешнепалітычных і знешнеэканамічных умоў для павышэння ўзроўню дабрабыту народа, развіцця палітычнага, эканамічнага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы;
  • фарміраванне добрасуседскіх адносін з сумежнымі дзяржавамі;
  • забеспячэнне абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь за межамі краіны;
  • садзейнічанне рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў і законных інтарэсаў беларусаў замежжа;
  • садзейнічанне ўмацаванню міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджванню зброі масавага знішчэння і кантролю над узбраеннем;
  • пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аховы навакольнага асяроддзя, у інфармацыйнай і гуманітарнай сферах;
  • прыцягненне знешніх інтэлектуальных і навуковых рэсурсаў у інтарэсах адукацыйнага, навуковага і культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
  • удзел у міжнародным супрацоўніцтве ў галіне заахвочвання і абароны правоў чалавека.