Ахова здароўя

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ. 5 ліпеня 2017.

"Наша дзяржава ўвайшла ў лік сусветных лідараў па ўзроўні развіцця аховы здароўя і медыцыны. Кожны грамадзянін незалежна ад дастатку мае магчымасць бясплатна атрымаць любы від медыцынскай дапамогі, у тым ліку самай высокатэхналагічнай".
Ахова здароўя Рэспублікі Беларусь

Развіццё ўсіх галін сацыяльна-эканамічнай сферы ў нашай краіне - працэс няспынны. Істотныя пераўтварэнні ў апошнія гады адбыліся і ў беларускай ахове здароўя - удасканаліліся структурна-арганізацыйныя асновы сістэмы, фінансавыя механізмы іх забеспячэння.

Рэспубліка Беларусь - адна з нямногіх краін постсавецкай прасторы і краін еўрапейскага рэгіёна, дзе захавана і адаптавана да сацыяльна-эканамічных умоў бюджэтная сістэма фінансавання аховы здароўя. На працягу апошніх гадоў на забеспячэнне сістэмы аховы здароўя з дзяржаўнага бюджэту выдзяляюцца сродкі больш як 4,8% ВУП, што адпавядае парогаваму значэнню індыкатара сацыяльнай бяспекі рэспублікі, рэкамендаванага СААЗ, і прадугледжана Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У аснове сістэмы аховы здароўя Беларусі на працягу апошніх 10 гадоў асноўнымі прынцыпамі з'яўляюцца прыярытэтнасць мер прафілактычнай накіраванасці на аснове фарміравання здаровага ладу жыцця; якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку лекавага забеспячэння; санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва і яго будучых пакаленняў.

Галоўнай мэтай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь было і застаецца фарміраванне здаровай нацыі, захаванне здароўя насельніцтва.

Сетка дзяржаўных арганізацый аховы здароўя сістэмы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прадстаўлена 536 бальнічнымі арганізацыямі, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 1381 амбулаторна-паліклінічнай арганізацыяй, якая аказвае медыцынскую дапамогу ў амбулаторных умовах. Важна адзначыць, што ў краіне функцыянуе 15 Рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (у тым ліку і Мінскі навукова-практычны цэнтр). Тут аказваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога самым складаным пацыентам з усёй рэспублікі.

Паказчык забяспечанасці бальнічнымі ложкамі кароткатэрміновага знаходжання на 10 тыс. чалавек насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у 2025 годзе склаў 76,2.

На працягу апошніх 10 гадоў значная ўвага надавалася кадраваму забеспячэнню галіны шляхам развіцця сістэмы медыцынскай адукацыі, укаранення прагрэсіўных форм навучання, новых арганізацыйных форм і тэхналогій бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Паказчык забяспечанасці практыкуючымі ўрачамі на 10 тыс. чалавек насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь у 2025 годзе склаў 46,6, а сярэднім медыцынскім персаналам - 121,9 на 10 тыс. насельніцтва.

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіць мэтанакіраваную работу па павышэнні даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі ўсім без выключэння грамадзянам краіны - перш за ўсё ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях.

Стабільна працуюць адкрытыя з 2024/2025 навучальнага года профільныя класы медыцынскай накіраванасці. Факультатыўныя заняткі па праграме "Уводзіны ў медыцынскую прафесію" праводзяцца як у школах, так і ў медыцынскіх універсітэтах. У 2024/2025 навучальным годзе сфарміравана 79 класаў і груп медыцынскай накіраванасці.

У краіне даволі высокі ўзровень паказчыка замацаванасці маладых спецыялістаў - у 2025 годзе ён склаў 79,4% па ўрачах-спецыялістах і 79,7% па сярэдніх медыцынскіх работніках. Ствараюцца ўмовы для прадаўжэння работы асоб пенсiйнага ўзросту. З мэтай задавальнення патрэбнасці ў падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў, мадэрнізавана ўступная кампанія ў медыцынскія ўніверсітэты: на 205 месцаў павялічаны ў 2025 годзе набор для навучання на бюджэтнай аснове, доля мэтавага набору дасягнула 79,8% па ўсіх спецыяльнасцях.

Абноўлена рэсурсная база арганізацый аховы здароўя - ад сельскіх да вялікіх абласных і гарадскіх устаноў - шляхам рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. З кожным годам пашыраецца пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў, узрастае аб'ём тэхналагічных інавацый. Забяспечана высокая даступнасць высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву дзякуючы стварэнню рознаўзроўневай сістэмы яе аказання - не толькі на рэспубліканскім узроўні, але і на базе абласных бальніц і ў міжраённых цэнтрах.

Значная ўвага надаецца абслугоўванню насельніцтва ў сельскай мясцовасці, дзе важная роля ў аказанні медыцынскай дапамогі належыць раённаму звяну, якое мае ў сваім складзе цэнтральныя раённыя бальніцы, раённыя бальніцы, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, раённыя дыспансеры і іншыя ўстановы. Дзейнасць гэтых устаноў ахоплівае тэрыторыю з радыусам абслугоўвання прыкладна 40 км, каб на працягу гадзіны была забяспечана транспартная даступнасць да любога населенага пункта.

Для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву распрацаваны дарожныя карты яе аказання па розных захворваннях, у якіх адлюстраваны схемы прадастаўлення медыцынскай дапамогі пацыентам.

Існуе выязная форма медыцынскага абслугоўвання. Выезд брыгады спецыялістаў ЦРБ праводзіцца па загадзя складзеным графіку з апавяшчэннем насельніцтва і з улікам сезоннасці сельскагаспадарчых работ.

У 2025 годзе з мэтай аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву маланаселеных і аддаленых вёсак, зніжэння колькасці выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі, правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў і дыспансерызацыі работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў без адрыву ад вытворчасці была арганізавана работа 129 перасовачных фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у тым ліку ў Гомельскай вобласці - 20, Гродзенскай - 24, Мінскай - 28, Магілёўскай - 7.

У бягучай пяцігодцы добрыя вынікі паказалі прафілактычныя праекты "Клапатлівая паліклініка", па навучанні насельніцтва навыкам першай дапамогі, стварэнні валанцёрскіх каманд рэагавання, праект для навучэнцаў школ "Запусці сэрца", школы для пажылых пацыентаў - здароўя трэцяга ўзросту, актыўнага даўгалецця.

Для набліжэння высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пражывае ў сельскай мясцовасці,  зацверджана Канцэпцыя стварэння міжрэгіянальных цэнтраў. У рэспубліцы дзейнічаюць 16 міжраённых цэнтраў, дзе актыўна функцыянуюць ангіяграфічныя кабінеты і выконваюцца рэнтгенэндаваскулярныя ўмяшанні пацыентам з вострым каранарным сіндромам і вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Ва ўсіх абласных цэнтрах, Мінску і ў пяці міжраённых цэнтрах (Салігорск, Пінск, Баранавічы, Бабруйск, Барысаў) функцыянуюць кабінеты кантролю і перапраграмацыі электракардыястымулятараў. Прадоўжана работа па навучанні спецыялістаў і пашырэнні магчымасцей кардыяхірургічных і арытмалагічных умяшанняў у абласных цэнтрах.

Перспектыўныя напрамкі развіцця беларускай медыцыны:

  • удасканаленне нарматыўных прававых актаў, рэгулюючых розныя аспекты медыцынскай і фармацэўтычнай дзейнасці, медыцынскай адукацыі;
  • захаванне вядучай ролі бюджэтнага фінансавання і ўзмацненне ўзаемасувязі аб'ёму выдзяляемых фінансавых сродкаў з вынікамі дзейнасці арганізацый, пашырэнне крыніц фінансавання аховы здароўя за кошт добраахвотнага медыцынскага страхавання, экспарту медыцынскіх і адукацыйных паслуг, дзяржаўна-прыватнага партнёрства;
  • удасканаленне арганізацыйных механізмаў у ахове здароўя і ўкараненне інтэграванай медыцынскай паслугі з улікам маршрутаў руху пацыента;
  • укараненне сучаснай мадэлі работы арганізацый аховы здароўя;
  • удасканаленне сістэмы кіравання якасцю медыцынскай дапамогі;
  • навукова-тэхналагічнае і інавацыйнае развіццё сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, яе гарманізацыя з аналагічнымі сістэмамі дзяржаў - удзельніц ЕАЭС і ЕС;
  • павышэнне канкурэнтаздольнасці навуковых даследаванняў;
  • далейшае развіццё высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі грамадзянам краіны;
  • развіццё айчыннай фарміндустрыі і ўдасканаленне абарачэння лекавых сродкаў, а менавіта:
  • дасягненне сусветнага ўзроўню развіцця і канкурэнтаздольнасці фармацэўтычнай прадукцыі шляхам інтэнсіфікацыі развіцця фармацэўтычнай прамысловасці;
  • гарманізацыя нарматыўнай прававой базы ў галіне распрацоўкі, вытворчасці і кантролю якасці гатовых лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый, даклінічных і клінічных выпрабаванняў з сучаснымі сусветнымі патрабаваннямі;
  • стварэнне вытворчасцей новага пакалення фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых форм (сінтэтычныя лекавыя сродкі, нанаструктураваныя формы прэпаратаў, прынцыпова новыя формы на аснове клетачных біятэхналогій);
  • развіццё імпартазамяшчальных і экспартна арыентаваных вытворчасцей гатовых лекавых сродкаў і фармацэўтычных субстанцый;
  • забеспячэнне інфармацыйнага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях аказання медыцынскай дапамогі на аснове выкарыстання цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы ў ахове здароўя, а значыць - павышэнне якасці дыягностыкі і лячэння, узроўню бяспекі пацыентаў, эканамічнай эфектыўнасці медыцынскай дапамогі;
  • рост экспарту медыцынскіх паслуг.

Медыцынскі турызм

Усё больш замежных грамадзян прыцягвае ў Беларусь магчымасць атрымаць якасную і высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу і прайсці рэабілітацыю.

За 2025 год беларускія ўрачы аказалі медыцынскія паслугі больш як 170 тыс. іншаземцаў са 160 краін. Асноўнымі замежнымі атрымальнікамі медыцынскіх паслуг у Беларусі з'яўляюцца грамадзяне Расіі, Казахстана, Латвіі, Туркменістана, Азербайджана, Лівіі, Босніі і Герцагавіны, Кітая, Эстоніі і іншых.

Найбольш запатрабаваны стаматалагічныя (імплантацыя і пратэзаванне), афтальмалагічныя, кардыялагічныя і кардыяхірургічныя паслугі, паслугі ў галіне анкалогіі, пратэзавання суставаў, трансплантацыі клетак, органаў і тканак, медыцынскія паслугі ў санаторыях.

Перавагі медыцынскага турызму ў Беларусі:

  • высокая якасць медыцынскай, дыягнастычнай і рэабілітацыйна-аздараўленчай дапамогі;
  • выдатная аснашчанасць медцэнтраў, бальніц і клінік высокатэхналагічным абсталяваннем;
  • высокая кваліфікацыя ўрачоў у розных галінах ведаў;
  • даступны кошт высакаякасных медыцынскіх паслуг;
  • вялікая колькасць медыцынскіх арганізацый і шырокі спектр паслуг;
  • пастаяннае вывучэнне перадавых тэхналогій і прымяненне прагрэсіўных методык лячэння на практыцы;
  • рэгулярныя стажыроўкі спецыялістаў у вядучых клініках свету;
  • зручнае геаграфічнае становішча краіны і транспартныя зносіны;
  • прыемны клімат Беларусі, які выключае акліматызацыю, што садзейнічае найхутчэйшаму выздараўленню пацыентаў.