Гісторыя Беларусі

Дарагія сябры! Вы ніколі не задумваліся, чаму нас называюць беларусамі, а нашу Радзіму - Беларусь? Вучоныя сцвярджаюць, што белая значыць вялікая, святая, свабодная, незалежная. Сапраўды, у старажытнасці белы колер азначаў свабоду. Таму нашы продкі насілі белае льняное адзенне, паказваючы іншым народам сваю дружалюбнасць, гасціннасць, любоў да Радзімы і гатоўнасць да яе абароны.

Радзіма - гэта месца, дзе мы нарадзіліся, таму яна самая блізкая з усіх краін.
Прэзідэнт - Дзецям

Першы чалавек на тэрыторыі Беларусі з’явіўся ў далёкія-далёкія часы. Жылі нашы продкі на берагах рэк і азёр. Займаліся земляробствам, рыбалоўствам і паляваннем на дзікіх звяроў.

Паступова тэрыторыю Беларусі засялілі ўсходнеславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Племя - гэта група людзей, якія маюць агульнае паходжанне, сваю мову і месца пражывання. Пісьмовыя згадванні пра іх прыводзяцца ў летапісе  "Аповесць мінулых часоў".

Першай устаноўленай датай у нашай гісторыі з’яўляецца 862 год. Пад гэтым годам згадваецца горад Полацк і Полацкае княства. Крыху пазней, пад 980 годам, летапісы называюць Тураўскае княства. Полацкае і Тураўскае княствы - гэта першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі нашай Радзімы.

Дзяржава ўяўляе сабой саюз грамадзян, створаны з агульнай мэтай абароны іх жыцця, свабоды і маёмасці.

З іх з’яўленнем у Беларусі засноўваюцца новыя гарады. Самыя старажытныя з іх - Віцебск (947 г.), Заслаўе (канец X ст.), Брэст (1019 г.), Орша (1067 г.), Лагойск (1078 г.), Пінск (1097 г.), Барысаў (1102 г.).

Дзяржава садзейнічала развіццю культуры, пісьменства, рэлігіі. У гэты час беларусы прымаюць хрысціянства. Яго распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай.

У XIII стагоддзі нашы продкі аб’ядналіся з балтамі ў дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ).

Балты - гэта продкі сучасных літоўцаў і латышоў.

Паступова ў склад новай дзяржавы ўвайшлі ўсе беларускія землі. У перыяд свайго росквіту ВКЛ з’яўлялася буйнейшай дзяржавай у Еўропе, а яго межы распасціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора. 

У эпоху ВКЛ Францыск Скарына выдаў кнігу "Псалтыр" (1517 г.) - першую на ўсходнеславянскіх землях. Быў складзены адзін з першых зборнікаў законаў у Еўропе - Статут ВКЛ (1529 г.).

У 1569 годзе Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў Рэч Паспалітую.

Рэч Паспалітая - саюз дзвюх самастойных дзяржаў.

Аднак пастаянныя войны і ўнутраныя супярэчнасці аслабілі Рэч Паспалітую, і яна ў канцы XVIII стагоддзя была падзелена паміж іншымі краінамі. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ўсталявалася савецкая ўлада. 

У 1919 годзе была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Гэта дзяржава паклала пачатак самастойнасці беларускага народа.

У 1922 годзе БССР і іншыя савецкія рэспублікі аб’ядналіся і ўтварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

Самым трагічным і адначасова гераічным перыядам гісторыі для беларускага народа стала Вялікая Айчынная вайна. Яна доўжылася амаль чатыры гады - з 1941 па 1945 год. З ворагам у вайну разам з салдатамі змагаліся старыя, жанчыны і дзеці. Усяму свету вядомы імёны дзяцей-герояў Пеці Кацельнікава, Марата Казея, Зіны Партновай і многіх-многіх іншых.

Шлях да міру і адраджэння ў Беларусі пачаўся толькі ў 1943 годзе, калі былі вызвалены першыя беларускія вёскі і гарады. Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём Рэспублікі), які адзначаецца 3 ліпеня.

Уклад беларускага народа ў барацьбу з фашызмам быў высока ацэнены іншымі дзяржавамі: БССР стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У пасляваенны час усе сілы беларускага народа былі накіраваны на аднаўленне краіны, адраджэнне гарадоў і вёсак. Дзякуючы працавітасці і энтузіязму беларусаў наша краіна стала развітым прамысловым цэнтрам Савецкага Саюза. Адукацыя і навука, культура і ахова здароўя былі аднымі з самых перадавых у свеце.

У 1991 годзе Савецкі Саюз распаўся, Рэспубліка Беларусь абвясціла сябе незалежнай, самастойнай дзяржавай. 15 сакавіка 1994 года быў прыняты Асноўны Закон нашай краіны - Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя рэгулюе ўсе сферы жыцця беларускага грамадства.

Згодна з Канстытуцыяй, улада ў нашай рэспубліцы належыць народу. Вышэйшым выбарным дзяржаўным органам з’яўляецца Нацыянальны сход - парламент. У парламенце прымаюцца законы, па якіх жыве наша дзяржава.

Кіраўніком краіны, згодна з Канстытуцыяй, з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт выступае гарантам правоў і свабод грамадзян, справядлівых адносін у грамадстве. У выніку ўсенародных выбараў у 1994 годзе першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Выкананне прынятых законаў забяспечвае Урад. Яго назва - Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Сёння наша краіна з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай з развітой эканомікай, прамысловасцю і адукацыяй.

Пра такія брэнды Беларусі, як МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ, Парк высокіх тэхналогій, вядома далёка за мяжой. Нашу краіну і яе людзей ведаюць і паважаюць ва ўсім свеце.