Адукацыя
Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь
Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь - навучанне і выхаванне ў інтарэсах чалавека, грамадства, дзяржавы, накіраванае на фарміраванне гарманічнай і рознабакова развітой асобы.
Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі грунтуецца на ўмацаванні вядучых прынцыпаў развіцця нацыянальнай школы, сярод якіх:
- дзяржаўна-грамадскі характар кіравання;
- забеспячэнне прынцыпу справядлівасці, роўнага доступу да адукацыі;
- павышэнне якасці адукацыі для кожнага.
Па паказчыку "Базавая адукацыя" ў Індэксе сацыяльнага прагрэсу за 2023 год Беларусь займае 16-е месца сярод 170 краін свету.
Узровень адукаванасці насельніцтва Беларусі ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых заўсёды быў адным з самых высокіх у свеце, цяпер ён дасягае 99,9%. Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, ахоп насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і навукова-арыентаванай адукацыяй склаў 97,8%.
Сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь забяспечвае адукацыю на асноўным, дадатковым і спецыяльным узроўнях. Усяго ў краіне налічваецца каля 8 тыс. устаноў асноўнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне больш як 2 млн дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў забяспечваюць 422 тыс. работнікаў (11,7% ад колькасці працуючых у арганізацыях краіны).
Асноўная адукацыя ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і навукова-арыентаваную. Дадатковая падраздзяляецца на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі, дадатковую адукацыю дарослых.
Такім чынам, у краіне на практыцы забяспечваецца рэалізацыя прынцыпу "адукацыя праз усё жыццё".
Асноўнай крыніцай фінансавання сістэмы адукацыі па-ранейшаму з'яўляецца бюджэтнае фінансаванне, якое разглядаецца як дзяржаўныя інвестыцыі ў чалавечы капітал.
З мэтай стварэння адзінага, цэласнага механізма прававога рэгулявання адукацыйных адносін, забеспячэння сістэматызацыі і ўпарадкавання прававых норм, а таксама поўнай кадыфікацыі заканадаўства аб адукацыі прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2011 года. Цяпер з улікам змяненняў, што адбываюцца і плануюцца ў сістэме адукацыі, падрыхтаваны праект новай рэдакцыі дакумента.
Важным з'яўляецца тое, што беларускае заканадаўства ў гэтай сферы арганічна спалучаецца з планамі сацыяльна-эканамічнага развіцця не толькі нашай краіны, але і Саюзнай дзяржавы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, ЕАЭС.
Беларуская адукацыя ўключае ў сябе як працэс навучання, так і выхавання, у якім на першае месца ставіцца любоў і павага да сваёй Айчыны, народа, мовы, культуры, традыцый і звычаяў.
Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця забяспечвае магчымасць удзелу кожнага чалавека ў павышэнні якасці ўласнага жыцця і жыцця грамадства.