Рэлігія

Рэспубліка Беларусь - шматканфесійная дзяржава, у якой адсутнічаюць рэлігійныя канфлікты.

Заканадаўства краіны забяспечвае і гарантуе правы кожнага на свабоду веравызнання, на сацыяльную справядлівасць, роўнасць, абарону правоў і інтарэсаў незалежна ад адносін да рэлігіі і рэлігійнай прыналежнасці, на свабоду аб'яднання ў рэлігійныя арганізацыі.

Дзяржаўныя органы ў Беларусі на ўсіх узроўнях падтрымліваюць ініцыятывы рэлігійных арганізацый, накіраваныя на забеспячэнне дыялогу паміж канфесіямі на аснове павагі да правоў чалавека і рэлігійнай цярпімасці. У той жа час вядзецца работа па прадухіленні дзейнасці дэструктыўных рэлігійных арганізацый.

Свабода веравызнання ў Беларусі гарантавана Канстытуцыяй. Правы і свабоды вернікаў замацаваны таксама ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях".

У Беларусі дзейнічаюць 3563 зарэгістраваныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку рэлігійныя арганізацыі 25 канфесій і напрамкаў, у тым ліку 174 арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне (рэлігійныя аб'яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы), і 3389 абшчын (праваслаўныя, рымска-каталіцкія, хрысціян веры евангельскай, евангельскіх хрысціян баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, лютэранскія, іўдзейскія, мусульманскія і абшчыны іншых рэлігійных напрамкаў).

Ва ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі дзяржава кіруецца заканадаўча замацаваным прынцыпам роўнасці рэлігій перад законам і ўлічвае іх уплыў на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская праваслаўная царква, якая аб'ядноўвае 1709 абшчын, 15 епархій, 6 духоўных навучальных устаноў, 35 манастыроў, 15 брацтваў, 10 сястрыцтваў, адну місію.

У складзе Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі 4 епархіі, 498 абшчын, 6 духоўных навучальных устаноў, 11 місій і 9 манастыроў.

Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі прадстаўлены 1038 рэлігійнымі абшчынамі, 21 аб'яднаннем, 22 місіямі і 5 духоўнымі навучальнымі ўстановамі 13 рэлігійных напрамкаў.

Найбольш шматлікімі сярод пратэстанцкіх напрамкаў з'яўляюцца аб'яднанні хрысціян веры евангельскай (524 абшчыны), евангельскіх хрысціян баптыстаў (281 абшчына), адвентыстаў сёмага дня (73 абшчыны). Гістарычна традыцыйным на тэрыторыі краіны з'яўляецца лютэранства, якое налічвае 25 абшчын.

У трох іўдзейскіх рэгілійных аб'яднаннях налічваецца 53 рэлігійныя абшчыны, яны маюць 9 культавых будынкаў, адну духоўную навучальную ўстанову.

У Беларусі дзейнічаюць 24 мусульманскія рэлігійныя абшчыны, якія маюць 9 культавых будынкаў, у тым ліку Саборную мячэць у Мінску. Яе афіцыйнае адкрыццё адбылося 11 лістапада 2016 года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі і Прэзідэнта Турцыі Р.Т.Эрдагана.

У 2015 годзе зарэгістравана будысцкая абшчына ў Мінску ”Шэн Чэн Лінг“ традыцыі Бон.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый. Традыцыйна праводзяцца сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Собор Сошествия Святого Духа

З 2008 года пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей дзейнічае Кансультатыўны міжканфесійны савет, дзейнасць якога нацэлена на развіццё міжканфесійнага дыялогу, захаванне традыцый талерантнасці, актывізацыю ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў.

Важнымі падзеямі ў канфесійным жыцці краіны сталі:

  • правядзенне Пленарнага пасяджэння Савета епіскапскіх канферэнцый Еўропы ў Мінску з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 года, удзельнікі якога ў складзе кіраўнікоў епіскапскіх канферэнцый з 45 краін свету былі прыняты Кіраўніком дзяржавы (сімвалічным стала тое, што пасяджэнне Савета праходзіла ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам);
  • правядзенне ў перыяд з 13 па 15 кастрычніка 2018 года ў Мінску пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы, а таксама сустрэча Кіраўніка дзяржавы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і членамі Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы;
  • асвятленне 14 кастрычніка 2018 года ў рамках правядзення пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы ў Мінску Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам галоўнага прастола Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі;
  • уручэнне па выніках 2018 года за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".

У духоўным плане значнай падзеяй 2020 года для нашай краіны стала 550-годдзе аднойдзення цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра – духоўнай святыні нашага народа.