Гомельская вобласць

Гістарычны экскурс, цікавыя факты

Гомель, Палац Румянцавых і Паскевічаў

Буйнейшы паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі, які багаты на ўнікальныя прыродныя, эканамічныя, інтэлектуальныя рэсурсы і валодае значнай турыстычнай прывабнасцю.

Чалавек пачаў абжываць тэрыторыю Гомельшчыны ў эпоху сярэдняга палеаліту (100–40 тыс. гадоў таму). Дакладныя сведчанні прысутнасці прадстаўнікоў віду Homo neanderthalensis (неандэртальцы) на тэрыторыі вобласці знойдзены каля вёсак Падлужжа Чачэрскага раёна, Свяцілавічы Веткаўскага раёна, у горадзе Гомелі.

У эпоху верхняга палеаліту (40–14 тыс. гадоў таму) дзейнасць чалавека пашыраецца, пра што сведчаць археалагічныя помнікі прадстаўнікоў Homo sapiens (краманьёнцы) каля вёсак Навасёлкі ў Веткаўскім раёне (каля 40 тыс. гадоў таму), Юравічы Калінкавіцкага раёна (каля 27 тыс. гадоў таму), Бердыж Чачэрскага раёна (каля 24 тыс. гадоў таму).

У IX–XII стагоддзях на Гомельшчыне, паводле сведчанняў старажытных крыніц, пражывалі два ўсходнеславянскія племені – дрыгавічы і радзімічы. Дрыгавічы жылі на землях паміж Дняпром, Бярэзінай і Прыпяццю. У канцы першага тысячагоддзя ўтварылі племянное княства з цэнтрам у Тураве.

Тураў – найстаражытнейшы горад Гомельскай вобласці, упершыню згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” у 980 годзе.

Пра тое, што Тураў – адзін з найстарэйшых цэнтраў пісьменнасці і летапісання, сведчыць знойдзены тут у 1866 годзе фрагмент “Евангелля” XI стагоддзя, самай старажытнай кнігі на тэрыторыі Беларусі.

Гомель таксама ўваходзіць у лік самых старажытных гарадоў Беларусі. Упершыню Гомій – такая старажытная назва Гомеля – згаданы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 годам. Каля 1335 года Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. 

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС сур’ёзна пацярпелі 13 раёнаў Гомельскай вобласці. Іх адраджэнне і ўстойлівае развіццё знаходзяцца пад пастаянным кантролем Кіраўніка дзяржавы – Прэзідэнт кожны год асабіста наведвае чарнобыльскія рэгіёны. Дзякуючы ўзважанай і мэтанакіраванай стратэгіі па рэабілітацыі пацярпелых раёнаў гэтыя тэрыторыі сёння набываюць новае жыццё і, што немалаважна, становяцца прывабнымі для інвестыцый.

Геаграфічнае становішча

Гомельская вобласць размешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі. На яе тэрыторыі знаходзіцца крайняя паўднёвая кропка краіны – на рацэ Днепр на поўдзень ад гарадскога пасёлка Камарын Брагінскага раёна. Яе каардынаты – 51°16' паўночнай шыраты і 30°35' усходняй даўгаты.

Плошча – 40,4 тыс. кв.км. Рэгіён займае пятую частку тэрыторыі краіны, мяжуе адразу з чатырма абласцямі Украіны (Кіеўскай, Чарнігаўскай, Жытомірскай і Ровенскай) і адной вобласцю Расіі (Бранскай).

Гомельская вобласць размешчана на Усходне-Еўрапейскай раўніне, на якой сустракаюцца размытыя ўзвышшы і ўзгоркі. Самай высокай з іх з’яўляецца Мазырская града, якая мае вышыню 206 м.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

На 1 студзеня 2024 г. у Гомельскую вобласць уваходзяць:

  • 21 раён (Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Акцябрскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі) і 4 раёны ў горадзе Гомелі;
  • 1 горад абласнога падпарадкавання (Гомель), у склад якога ўваходзяць 4 раёны горада;
  • 17 гарадоў раённага падпарадкавання;
  • 15 пасёлкаў гарадскога тыпу;
  • 2 249 сельскіх населеных пунктаў, з іх 230 аграгарадкоў.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці дзейнічаюць 235 Саветаў пярвічнага ўзроўню, у тым ліку 232 сельскія Саветы, 2 гарадскія (раённага падпарадкавання), 1 пасялковы.

Адміністрацыйны цэнтр – Гомель – па колькасці насельніцтва (501 102 чалавекі) займае ў рэспубліцы другое месца пасля Мінска.

Насельніцтва

Насельніцтва вобласці (на 1 студзеня 2024 г.) – 1 338 617 чалавек, у тым ліку гарадское – 1 044 886 чалавек, сельскае – 293 731 чалавек.

Найбуйнейшыя гарады рэгіёна – Гомель (501 102 чалавекі), Мазыр (105 152 чалавекі), Жлобін (76 844 чалавекі), Рэчыца (62 213 чалавек), Светлагорск (62 602 чалавекі).

Аграгарадкі з найбольшай колькасцю на 1 студзеня 2024 г. - Яроміна (5 479 жыхароў), Урыцкае (4 099), Краснае (3 529), Козенкі (3 484), Пакалюбічы (3 032).

Эканамічнае развіццё

Гомель, прамысловасць у Гомелі

Гомельская вобласць з’яўляецца адным з буйнейшых індустрыяльных рэгіёнаў рэспублікі. У рэгіёне сканцэнтравана 20,1% прамысловай вытворчасці краіны.

Тут працуюць больш як 1 500 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку шэраг гігантаў, прадукцыя якіх вядомая далёка за межамі Беларусі. Сярод іх – ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", ААТ “Мазырсоль”, ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія", СП ААТ “Спартак” і знакаміты сваім згушчаным малаком ААТ "Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат", РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта”, ААТ “Гомсельмаш”, ААТ “СветлагорскХімвалакно”, ААТ “Гомельшкло”, ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат”, ААТ “Гомельдрэў”, ААТ "Рэчыцкі метызны завод", ААТ "Гомельскі хімічны завод", ЗАТ "Добрушскі фарфоравы завод".

Адной з найважнейшых галін эканомікі вобласці з’яўляецца сельская гаспадарка: мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і бульбаводства, ва ўсходняй частцы вобласці – ільнаводства.

У вобласці дзейнічаюць 202 сельгаспрадпрыемствы. Вядучымі з’яўляюцца КСУП “Брылёва”, саўгас-камбінат “Зара”, эксперыментальная база “Крынічная”, ААТ “Звязда”, ААТ “Ціхінічы”, прадпрыемства “Козенкі-Агра”.

Аграрыі рэгіёна не толькі задавальняюць патрэбнасці насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання, забяспечваюць сыравінай перапрацоўчую галіну (вытворчасць мяса і мясапрадуктаў, малочных прадуктаў і кармоў для жывёл), але і пастаянна нарошчваюць экспартныя пастаўкі.

Арганізацыі вобласці супрацоўнічаюць са знешнегандлёвымі партнёрамі са 104 краін свету, у тым ліку з Расійскай Федэрацыяй, Кітаем, Казахстанам, Польшчай, Турцыяй, краінамі Балтыі, Егіптам, Германіяй.

У 1998 годзе была створана свабодная эканамічная зона “Гомель-Ратон”, яе тэрыторыі размешчаны ў самім Гомелі і ў 12 гарадах вобласці.

Мае Гомельская вобласць і развіты навукова-тэхнічны сектар, які прадстаўлены 3 інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 6 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, больш як 20 галіновымі навуковымі і праектнымі інстытутамі, спецыяльнымі канструктарскімі бюро, дзе задзейнічаны каля 3 тыс. супрацоўнікаў.

У Гомельскай вобласці развіта дарожная інфраструктура. Вялікія міжнародныя аўтамагістралі злучаюць краіны Еўропы з Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Таксама праз вобласць праходзяць 90% чыгуначных грузаў краіны і каля паловы пасажырскіх паяздоў.

Прыродныя багацці і мінеральныя рэсурсы

Пейзажы Беларусі

У Гомельскай вобласці 414 рэк, самымі вялікімі з якіх з’яўляюцца Днепр, Прыпяць, Сож, Бярэзіна, Іпуць.

Азёр у рэгіёне – 429. З іх шырока вядомыя Чырвонае, Белае, Крушынаўскае, Равучае, Старое.

Амаль палова тэрыторыі вобласці пакрыта лясамі. Па запасах лесу Гомельская вобласць займае першае месца ў Беларусі.

На Гомельшчыне размяшчаецца Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адзіны такога тыпу ў свеце, у якім вывучаюцца і захоўваюцца ў натуральным стане тэрыторыі, якія зведалі  радыеактыўнае ўздзеянне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці размешчаны Нацыянальны парк 'Прыпяцкі', дзе практычна ў некранутым стане захаваліся ўнікальныя ландшафты Беларускага Палесся. Гэта адзінае месца на планеце, дзе ёсць першабытныя пойменныя дубровы.

На тэрыторыі вобласці ёсць карысныя выкапні: кампактна размешчаны багатыя радовішчы калійнай і каменнай солі, бурага вугалю, гаручых сланцаў, шкляных пяскоў, мелу. Таксама ёсць будаўнічы камень, граніт, гліна і іншыя. Разведана каля 1500 радовішчаў торфу.

У 1964 годзе паблізу Рэчыцы была здабыта першая прамысловая нафта. Сёння яе атрымана больш за 100 млн т. Штогод здабываецца 1,8 млн т.

Спорт і турызм

У Гомельскай вобласці развіваецца 50 відаў спорту.

Алімпійскімі чэмпіёнамі розных гадоў сталі многія прадстаўнікі вобласці, у тым ліку Леанід Гейштар (веславанне на байдарках і каноэ, 1960), Мікалай Гарбачоў (веславанне на байдарках і каноэ, 1972), Алена Рудкоўская (плаванне, 1992), Ігар Макараў (дзюдо, 2004), Раман Петрушэнка (веславанне на байдарках і каноэ, 2008), Артур Літвінчук (веславанне на байдарках і каноэ, 2008), Ала Цупер (фрыстайл, 2014).

Спартыўнымі збудаваннямі міжнароднага ўзроўню з’яўляюцца лядовы палац, палацы лёгкай атлетыкі, гульнявых і водных відаў спорту, стадыён і коннаспартыўны манеж у Гомелі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Жлобіне.

Візітнай карткай Гомельшчыны стаў сучасны гарналыжны комплекс, пабудаваны ў маляўнічай узгорыстай мясцовасці Мазыра. Тут ёсць усё неабходнае для актыўнага адпачынку: траса для прафесіяналаў і вучэбны схіл для навічкоў, развітая інфраструктура.

У Гомельскай вобласці прадстаўлены розныя віды турызму: культурна-пазнавальны, спартыўны, гастранамічны, рэлігійны, паляўнічы, вытворчы, рэкрэацыйны, аграэкатурызм.

Брэндам рэгіёна стала “Залатое кальцо Гомельшчыны” – асноўны турыстычны маршрут вобласці, які праходзіць па дзевяці населеных пунктах і ўключае 17 аб’ектаў турыстычнай індустрыі.

Турыстычная інфраструктура рэгіёна актыўна развіваецца. У 2023 годзе прымалі гасцей 76 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, 143 суб’екты аграэкатурызму, 20 домікаў паляўнічага і рыбака.

У Гомельскай вобласці 9 санаторыяў: “Прыдняпроўскі”, “Чонкі”, “Срэбраныя ключы”, “Сонечны бераг”, “Сосны”, “Машынабудаўнік”, “Залатыя пяскі”, “Васілёк”, санаторый РУП “Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі”.

Культура і асноўныя выдатныя мясціны

Гомель, Палац Румянцавых і Паскевічаў

У Гомельскай вобласці знаходзіцца 866 помнікаў археалогіі, архітэктуры і мастацтва. Тут 26 музеяў (у тым ліку 2 мастацкія галерэі), 4 тэатры, філармонія, цырк.

Візітнай карткай Гомеля называюць палац Румянцавых і Паскевічаў – адну з пяці самых папулярных славутасцей Беларусі. Цэнтральная частка палаца з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XVIII стагоддзя (1777–1796). Сёння залы палаца – гэта не толькі музей. Гомель з’яўляецца культурным і навуковым сэрцам вобласці, цэнтрам міжнародных славянскіх сустрэч, таму ў зале ўрачыстых прыёмаў праходзяць вельмі важныя перагаворы, цырымоніі падпісання дакументаў і іншыя мерапрыемствы.

У ліку іншых знакавых помнікаў архітэктуры, якія карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей вобласці, варта адзначыць сабор Святых Пятра і Паўла ў Гомелі, касцёл Святога Міхаіла Архангела XVIII стагоддзя ў Мазыры, Свята-Успенскі сабор XIX стагоддзя і Свята-Троіцкі касцёл пачатку XX стагоддзя ў Рэчыцы, Замкавую гару ў Тураве.

Адна са славутасцей Палескага краю – каменныя крыжы. Паводле легенды, адразу пасля хрышчэння Русі ў Х стагоддзі гэтыя крыжы трапілі ў Тураў па рэках Днепр і Прыпяць з Кіева. Людзі ўбачылі крыжы,  якія плылі, і выцягнулі на бераг. Крыжоў прыплыло роўна 12 – па колькасці апосталаў. Да нашых дзён у Тураве і яго наваколлі захаваліся чатыры крыжы. Два –непасрэдна ў горадзе, у царкве Усіх Святых і ў двары сабора Свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Трэці захоўваецца ў царкве Узвіжання Святога Крыжа ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Найбольш шануемы крыж, вядомы як растучы крыж, знаходзіцца пад Туравам, на Барысаглебскіх могілках.

Таксама на гэтых могілках размешчана капліца, дзе захоўваецца Казанская ікона Божай Маці, якая перыядычна міраточыць (апошняе сведчанне датавана 4 жніўня 2017 года).

Прыцягвае турыстаў і Ветка – горад, заснаваны стараверамі ў 1685 годзе. У Ветцы знаходзіцца адзін з самых цікавых музеяў Беларусі – музей народнай творчасці (з 2012 года Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава). У ім сабрана ўнікальная экспазіцыя: ад старажытных ікон і кніг да самабытных узорных ручнікоў. Тут найбольш поўна прадстаўлена неглюбскае ткацтва: на неглюбскіх ручніках вытканы індаеўрапейскія, старажытныя славянскія знакі.

Не толькі ў самой Гомельшчыне, але і за яе межамі шырока вядомы рэспубліканскія фестывалі народнага гумару “Аўцюкі” і фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

Рэлігія

Гомель, Палац Румянцавых і Паскевічаў

У Рэспубліцы Беларусь свабода веравызнання з’яўляецца неад’емным правам кожнага грамадзяніна, таму насельніцтву краіны ўласціва разнастайнасць рэлігійных плыняў. Самая распаўсюджаная рэлігія – хрысціянства. Найбольш масавымі хрысціянскімі абшчынамі Гомельскай вобласці з’яўляюцца праваслаўе, каталіцызм і евангелізм. Усяго ў Гомельскай вобласці налічваецца 17 рэлігійных канфесій з агульнай колькасцю рэлігійных абшчын – 424.