Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Адміністрацыя ажыццяўляе арганізацыйнае, інфармацыйнае, экспертна-аналітычнае і прававое забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта.
Адміністрацыя Прэзідэнта рыхтуе і ўносіць на разгляд Кіраўніка дзяржавы праекты рашэнняў Прэзідэнта, матэрыялы для штогадовых пасланняў Кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, матэрыялы па пытаннях захавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, а таксама грамадзянства, памілавання, вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў выпадках, вызначаных заканадаўчымі актамі.
Адміністрацыя забяспечвае ўзаемадзеянне Прэзідэнта з органамі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, мясцовага самакіравання, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі (аб'яднаннямі) і іншымі грамадска-палітычнымі інстытутамі, а таксама са сродкамі масавай інфармацыі.
У функцыі Адміністрацыі таксама ўваходзіць:
- сістэматычны аналіз і прагназаванне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне;
- распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні ўнутранай палітыкі дзяржавы, у тым ліку маладзёжнай, інфармацыйнай і этнаканфесійнай, у сферы адукацыі, навукі, аховы здароўя, дэмаграфіі, культуры і спорту;
- каардынацыя і аналіз эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў рэспубліцы;
- вывучэнне грамадскай думкі, грамадска-палітычнай сітуацыі ў рэгіёнах, прагназаванне яе развіцця.
На Адміністрацыю Прэзідэнта ўскладаецца вядзенне кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы, узгадненне назначэння на пасады і вызвалення ад пасад у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.
Адміністрацыя праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, аналіз і кантроль прынятых мер па выніках зваротаў, выяўляе найбольш вострыя праблемы, што хвалююць насельніцтва, прадстаўляе даклады Прэзідэнту аб колькасці і характары зваротаў, прынятых па іх рашэннях, прапановах па ўстараненні выяўленых праблем.
Адміністрацыя рыхтуе матэрыялы па ўзнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта.
У Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ёсць намеснікі, у тым ліку першы.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта з'яўляецца членам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго Прэзідыума. Ён ажыццяўляе агульнае кіраванне дзейнасцю Адміністрацыі, нясе персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на Адміністрацыю задач і функцый, выдае распараджэнні па яе дзейнасці, забяспечвае падрыхтоўку прапаноў Прэзідэнту па асноўных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Адміністрацыю Прэзідэнта ў адносінах з унутрыдзяржаўнымі, замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі, праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, а таксама рэалізуе іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам.
Кіраўнікі структурных падраздзяленняў Адміністрацыі Прэзідэнта кіруюць дзейнасцю адпаведных падраздзяленняў і нясуць персанальную адказнасць за выкананне ўскладзеных на іх задач, дакладваюць падрыхтаваныя ў структурным падраздзяленні дакументы кіраўніцтву Адміністрацыі, праводзяць нарады з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях, што ўваходзяць у кампетэнцыю структурных падраздзяленняў, кантралююць выкананне рашэнняў і даручэнняў Прэзідэнта і Кіраўніка Адміністрацыі, праводзяць асабісты прыём грамадзян.
У структуру Адміністрацыі ўваходзяць памочнікі Прэзідэнта - інспектары па абласцях, г.Мінску, па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы. Памочнікі Прэзідэнта забяспечваюць выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па напрамках іх дзейнасці.