Як стаць Прэзідэнтам
Для таго каб стаць Кіраўніком дзяржавы, трэба шмат чаму вучыцца, мець шырокі кругагляд, любіць сваю краіну і імкнуцца зрабіць яе лепшай. Кажучы простымі словамі, трэба быць грамадзянінам і патрыётам роднай Беларусі.
Прэзідэнт мае шмат паўнамоцтваў. Ён з'яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Гэта вялікая адказнасць і цяжкая штодзённая праца.
Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў прамым галасаваннем усімі грамадзянамі, якія маюць выбарчае права.
Прэзідэнт забяспечвае пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады.
"Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віда на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі".
Арт. 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Акрамя паўнамоцтваў, Прэзідэнт мае шэраг правоў і абавязкаў.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:
- фарміруе Урад;
- прадстаўляе Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі;
- з'яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь;
- прымае меры па ахове суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі;
- назначае на вышэйшыя дзяржаўныя пасады;
- выдае ўказы і распараджэнні, падпісвае законы;
- звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі;
- узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі.