Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь

Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь - канстытуцыйны, вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-палітычны орган, які ствараецца ў мэтах рэалізацыі паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як Кіраўніка дзяржавы і Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
Совет Безопасности Республики Беларусь

У адпаведнасці з артыкулам 84 Канстытуцыі Прэзідэнт Беларусі фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, назначае на пасаду і вызваляе з яе Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі.

Прававую аснову дзейнасці Савета Бяспекі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы, рашэнні Кіраўніка дзяржавы, у тым ліку Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, а таксама міжнародныя дагаворы краіны па адпаведных пытаннях.

Да ведання Савета Бяспекі аднесены пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі, якія закранаюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, прыняцце важнейшых рашэнняў па забеспячэнні палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, сацыяльнай, дэмаграфічнай, інфармацыйнай, ваеннай і экалагічнай бяспекі дзяржавы і яе грамадзян.

Савет Бяспекі:

  • вызначае жыццёва важныя інтарэсы краіны, выяўляе рэальныя і патэнцыяльныя ўнутраныя і знешнія пагрозы яе бяспецы;
  • распрацоўвае асноўныя напрамкі стратэгіі забеспячэння нацыянальнай бяспекі, арганізуе эфектыўна функцыянуючую сістэму гарантавання бяспекі краіны;
  • рыхтуе прапановы Прэзідэнту Беларусі для прыняцця рашэнняў па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі ў галіне забеспячэння бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы;
  • каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў у працэсе падрыхтоўкі і рэалізацыі рашэнняў у галіне забеспячэння бяспекі і ацэньвае эфектыўнасць іх работы;
  • рыхтуе аператыўныя рашэнні па прадухіленні надзвычайных сітуацый;
  • распрацоўвае прапановы па рэфармаванні існуючых або стварэнні новых органаў, якія забяспечваюць бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы;
  • арганізуе супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі па пытаннях бяспекі, інфармаванне грамадскасці аб дзяржаўнай палітыцы ў галіне нацыянальнай бяспекі і практычных мерах па яе рэалізацыі.

У склад Савета Бяспекі ўваходзяць Прэзідэнт, які адначасова з’яўляецца яго Старшынёй, і пастаянныя члены: Прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генеральны пракурор, Міністр унутраных спраў, Міністр абароны, Старшыня камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Членамі Савета Бяспекі з’яўляюцца па пасадзе: Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка, Старшыня Следчага камітэтаМіністр замежных спраў, Міністр фінансаў, Міністр па надзвычайных сітуацыях, Старшыня дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл - першы намеснік Міністра абароны.

Актыўны ўдзел у рабоце Савета Бяспекі і падрыхтоўцы яго рашэнняў прымаюць і іншыя кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, цэнтральных і іншых арганізацый, буйнейшых нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама дэпутаты палат Парламента, аўтарытэтныя навуковыя і грамадскія дзеячы, эксперты ў сферах эканомікі, права, сацыяльнай палітыкі.

Рабочым органам Савета Бяспекі з’яўляецца Дзяржаўны сакратарыят. Ён ажыццяўляе інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта Беларусі і Савета Бяспекі ў сферы нацыянальнай бяспекі пры ацэнцы ўнутраных і знешніх пагроз жыццёва важным інтарэсам асобы, грамадства і дзяржавы, а таксама прававое і арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне іх дзейнасці па рэалізацыі паўнамоцтваў у забеспячэнні бяспекі. Каардынуе дзейнасць дзяржорганаў па распрацоўцы асноўных напрамкаў стратэгіі забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі кантралюе рэалізацыю рашэнняў Савета Бяспекі і дзейнасць дзяржорганаў, якія забяспечваюць бяспеку асобы, грамадства і дзяржавы.

Дзяржаўны сакратарыят забяспечвае дзейнасць міжведамасных камісій пры Савеце Бяспекі. Сярод іх - камісіі па бяспецы ў эканамічнай сферы, па ахове дзяржаўных сакрэтаў, па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і экспартным кантролі, па бяспецы ў інфармацыйнай сферы.