Дзяржаўная падтрымка сям’і ў Рэспубліцы Беларусь
У Рэспубліцы Беларусь падтрымка сям’і з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам. Сям’я выступае важнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, узнаўлення чалавечага капіталу, накаплення і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей.
Для падтрымкі сем’яў з дзецьмі рэалізуецца комплекс мер з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем’і:
- выплата дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей;
- прадастаўленне сямейнага капіталу шматдзетным сем’ям;
- сацыяльнае абслугоўванне сем’яў з дзецьмі;
- дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля;
- забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця і іншыя віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі;
- гарантыі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага, падатковага і жыллёвага заканадаўства.
Сістэма дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей
У рэспубліцы дзейнічае разгалінаваная сістэма дзяржаўных дапамог. У яе ўваходзяць тры групы дапамог: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей - усяго 11 відаў (Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей").
Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў устаноўлена на ўзроўні 35-45% сярэднямесячнага заработку па краіне.
Дапамога выплачваецца за ўвесь перыяд догляду дзіцяці да надыходу ўзросту дзіцяці 3 гадоў (у тым ліку пры выхадзе асобы, якая ажыццяўляла догляд дзіцяці, на работу), прычым усім атрымальнікам, незалежна ад узроўню даходаў, факта выплаты страхавых узносаў, занятасці.
Памеры аднаразовых дапамог: пры нараджэнні першага дзіцяці 10 БПМ у сярэднім на душу насельніцтва, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 14 БПМ.
Расходы на выплату дапамог у адрас сем’яў з дзецьмі ў 2022 годзе склалі Br2,86 млрд.
Дадатковыя выплаты таксама ажыццяўляюцца са сродкаў мясцовых бюджэтаў пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей; народжаных адначасова (двойні, тройні) (у памеры 2БПМ на кожнае дзіця).
Праграма сямейнага капіталу
З 2015 года рэалізуецца праграма сямейнага капіталу.
Сямейны капітал - гэта безнаяўныя грашовыя сродкі, якія прадастаўляюцца сем'ям грамадзян Рэспублікі Беларусь пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга альбо наступнага дзіцяці.
Памер сямейнага капіталу вызначаецца на дату нараджэння, у выпадку ўсынаўлення (удачарэння) - на дату ўсынаўлення (удачарэння) трэцяга альбо наступных дзяцей:
- з 1 студзеня 2015 г. па 31 снежня 2019 г. - 10 000 долараў ЗША;
- з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2020 г. - 22 500 рублёў;
- з 1 студзеня 2021 г. па 31 снежня 2021 г. - 23 737,5 рубля;
- з 1 студзеня 2022 г. па 31 снежня 2022 г. - 25 995 рублёў;
- з 1 студзеня 2023 г. па 31 снежня 2023 г. - 29 950 рублёў;
- з 1 студзеня 2024 г. па 31 снежня 2024 г. - 31 480 рублёў.
Пачынаючы з 1 студзеня 2021 г. у мэтах захавання пакупной здольнасці памер сямейнага капіталу індэксуецца нарастаючым вынікам на велічыню індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год, які разлічваецца Нацыянальным статыстычным камітэтам.
Новы памер сямейнага капіталу дзейнічае на працягу каляндарнага года (з 1 студзеня па 31 снежня) і размяшчаецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны на афіцыйным сайце не пазней за 31 студзеня бягучага года.
Права на распараджэнне сямейным капіталам прадастаўляецца пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям'я набыла права на яго прызначэнне.
Пры гэтым сямейны капітал можа быць скарыстаны датэрмінова на:
- будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля, пагашэнне запазычанасці па крэдытах, прадастаўленых на гэтыя мэты, і выплату працэнтаў за карыстанне такімі крэдытамі сем'ямі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;
- атрыманне агульнай вышэйшай адукацыі, спецыяльнай вышэйшай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі, установах адукацыі ФПБ і Белкаапсаюза;
- атрыманне медыцынскіх паслуг (замена медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў замест уключаных у рэспубліканскія фармуляры пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі), у тым ліку стаматалагічных (пратэзаванне зубоў, дэнтальная імплантацыя з наступным пратэзаваннем, артадантычная карэкцыя прыкусу);
- набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарату.
Сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем’яў з дзецьмі
Найбольш запатрабаванай у сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, з’яўляецца паслуга пагадзіннага догляду дзяцей (паслуга нянькі). Яна прадастаўляецца бязвыплатна сем’ям, якія выхоўваюць двойню, тройню ва ўзросце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, сем’ям, дзе абодва бацькі або адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі I і II груп.
Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі пры захаванні правоў на ўсе сацыяльныя выплаты (да 56 дзён у каляндарным годзе). Яе мэта - даць бацькам (членам сям’і) магчымасць для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў.
Для арганізацыі комплекснага падыходу ў вырашэнні праблем сям’і ў цэнтрах аказваецца паслуга сацыяльнага патранату.
Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ажыццяўляюць таксама дзейнасць, накіраваную на папярэджанне дамашняга насілля, сямейнага недабрабыту, гандлю людзьмі. У выпадку неабходнасці такім асобам прадастаўляецца паслуга часовага прытулку ў "крызісным" пакоі.
Прававыя гарантыі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, у галіне працоўнага заканадаўства
Нормы, якія рэгулююць правы асоб з сямейнымі абавязкамі ў працоўных адносінах, закладзены ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Асноўныя працоўныя гарантыі распаўсюджваюцца на абодвух бацькоў, у тым ліку на мачыху і айчыма.
Адна з асноўных норм - водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў. На заканадаўчым узроўні прадастаўлена права сям’і самастойна вызначаць, хто з працуючых бацькоў будзе ажыццяўляць догляд дзіцяці і адпаведна знаходзіцца ў такім водпуску. Сістэма прадастаўлення водпуску гібкая - яго можна падзяліць на часткі любой працягласці.
Прадугледжана права працуючых маці або бацькі на свабодныя ад работы дні, якія аплачваюцца ў памеры сярэдняй заработнай платы:
- пры выхаванні дзіцяці-інваліда да 18 гадоў - на адзін дадатковы выхадны дзень у месяц, які аплачваецца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, або скарачэнне працягласці штодзённай работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы;
- пры выхаванні траіх і больш дзяцей да 16 гадоў (дзіцяці-інваліда да 18 гадоў) - на адзін дадатковы выхадны дзець у тыдзень, што аплачваецца за кошт сродкаў наймальніка, або скарачэнне працягласці штодзённай работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.
Устаноўлены абавязак наймальніка запланаваць працоўны водпуск работнікам, жонкі якіх знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, - у перыяд гэтага водпуску.
Прадугледжана абавязковае прадаўжэнне тэрміну кантракта:
- з працуючай жанчынай, якая знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, маці (татам дзіцяці замест маці, апекуном), што знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, - не менш як да заканчэння названых водпускаў;
- з маці (татам дзіцяці замест маці, апекуном), якая пачала працаваць да або пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, са згоды - не менш як да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў.
Для забеспячэння гендарнага парытэту ў сям’і ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь унесены наступныя нормы:
- прадастаўленне тату (айчыму) кароткачасовага водпуску пры нараджэнні дзіцяці па яго заяве (да 14 дзён у першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці);
- права выбару працоўнага водпуску ў летні час у бацькаў (айчымаў), якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў;
- прадастаўленне тату (айчыму), які выхоўвае дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), права выкарыстання працоўнага водпуску да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка;
- распаўсюджанне гарантый, прадугледжаных для працуючых жанчын-маці, на працуючых адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей.
У мэтах сумяшчэння прафесійных і бацькоўскіх функцый у Працоўным кодэксе ўрэгуляваны пытанні, звязаныя з дыстанцыйнай занятасцю.
Агульнарэспубліканская база даных уліку шматдзетных сем’яў
Для маніторынгу за прадастаўленнем поўнага аб’ёму гарантый і льгот шматдзетным сем’ям з 1 студзеня 2020 года ўведзена ў дзеянне адзіная агульнарэспубліканская база даных уліку шматдзетных сем’яў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 2019 года № 264).
Цяпер у базе даных змешчана інфармацыя пра больш як 123,6 тыс. шматдзетных сем’яў. Пераважная большасць сем’яў маюць траіх дзяцей - гэта звыш 99,2 тыс. сем’яў, чацвярых - 17,7 тыс., пяцярых і больш дзяцей - 6,7 тыс. сем’яў. Самы "шматдзетны рэгіён" Беларусі - гэта Брэсцкая вобласць.
Заахвочванне працы шматдзетных маці
Праца мацярынства высока ацэньваецца на дзяржаўным узроўні. Для маці, якія з годнасцю выхавалі пяцярых і больш дзяцей, прадугледжана дзяржаўная ўзнагарода - ордэн Маці. З 1996 года ў краіне ўзнагароджана больш за 13,4 тыс. маці.