Грамадскія аб'яднанні
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 г. "Аб асновах грамадзянскай супольнасці" Міністэрствам юстыцыі да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія маюць права на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) у асаблівых формах, аднесены Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын" і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Асаблівымі формамі ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб'ектаў грамадзянскай супольнасці з'яўляюцца:
- выбранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў прадугледжаным законам парадку;
- правядзенне сустрэч з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, прамых тэлефонных ліній, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, выязных прыёмаў грамадзян у мэтах збору і выпрацоўкі прапаноў для вынясення на абмеркаванне Усебеларускага народнага сходу;
- удзел у рэалізацыі рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) – нацыянальны прафцэнтр, самая масавая грамадская арганізацыя краіны.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне "Белая Русь" – грамадская арганізацыя, якая аб'ядноўвае ў сваіх радах прадстаўнікоў беларускага народа, якія імкнуцца пабудаваць незалежную, моцную і працвітаючую Рэспубліку Беларусь, падтрымліваюць і прызнаюць Праграму аб'яднання і выконваюць яго Статут.
Сацыяльнай апорай Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" з'яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім неабыякава будучыня краіны і іх дзяцей.
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" налічвае ў сваіх радах больш за 242 тыс. чалавек. У аб'яднанне ўваходзяць 6 абласных, Мінская гарадская, 146 раённых, гарадскіх і раённых у гарадах арганізацый, 12 арганізацый па вытворчым прынцыпе і больш за 8 820 пярвічных арганізацый.
У Беларусі актыўна развіваецца маладзёжны рух. Буйнейшымі і найбольш уплывовымі з арганізацый з’яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.
БРСМ аб’ядноўвае звыш 410 тыс. юнакоў і дзяўчат, у шэрагах піянерскай арганізацыі – больш як 635 тыс. акцябрат і піянераў ва ўзросце 7-14 гадоў.
Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны прымаюць ветэранскія, жаночыя і спартыўныя арганізацыі.