Малая радзіма
Нарадзіўся Прэзідэнт Беларусі ў вёсцы Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. А жыў і вучыўся цераз раку — у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна на Магілёўшчыне. Там хадзіў у школу, цягнуў руку з трэцяй парты, адказваў на ўроках. Сёння, сустракаючыся з моладдзю і ўспамінаючы школьныя гады, Кіраўнік дзяржавы прызнаецца, што заўсёды быў гуманітарыем. Пры гэтым асабліва любіў літаратуру і гісторыю, у студэнцкія гады - філасофію.
"У першы клас ішоў без рукзака - такія бедныя часы давялося перажыць. Кніжкі паклалі ў матчыну хустку".
Прэзідэнт часта ўспамінае пра цяжкасці, з якімі даводзілася сутыкацца ім з маці ў тыя раннія гады. Але цяжкасці навучылі стойкасці, прывучылі не баяцца цяжкай працы, не заставацца абыякавым да чужой бяды.
У родным пасёлку Прэзідэнта бачаць часта, і не толькі па тэлевізары. Аляксандр Лукашэнка, бываючы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях з рабочымі паездкамі, абавязкова прыязджае на малую радзіму - адпачыць душой, выпіць роднай, з дзяцінства прывычнай крынічнай вады. Непадалёку ад аграгарадка Александрыя размешчана Трафімава крыніца. Лекавая крыніца - частка сямейнай гісторыі. Яе адшукаў у лясным гушчары і добраўпарадкаваў дзед Аляксандра Рыгоравіча - Трафім. Крыніца была цалкам адноўлена па даручэнні Прэзідэнта ў жніўні 2013 года.
І сёння сюды, на Шклоўшчыну, людзі едуць па ваду за сотні, тысячы кіламетраў. У часы Вялікай Айчыннай вайны ў крынічкі прасілі вярнуць дадому мужоў і сыноў здаровымі. І цяпер людзі вераць у цудадзейныя ўласцівасці крышталёва чыстай вады. Яе мяккі смак ацанілі і дэлегацыі з розных краін, і высокія госці, якіх Аляксандр Лукашэнка запрашаў да сябе дадому, на малую радзіму.
Гасцей гэты край збірае ахвотна. Кожнае лета тут святкуюць спрадвечна беларускае Купалле. "Александрыя збірае сяброў" - фестываль на беразе маляўнічага Дняпра. Сотні тысяч гасцей з Беларусі, братоў з Расіі і Украіны разам спяваюць песні, водзяць карагоды і скачуць праз касцёр згодна з народнымі традыцыямі.
Мясціны гэтыя, як і тысячы іншых беларускіх вёсак і мястэчак, дагледжаны, добраўпарадкаваны. Гэта палітыка дзяржавы. Бо калі ў сваім доме наведзены парадак, парадак будзе ва ўсёй краіне. Усё пачынаецца з малога. Малая радзіма кожнага беларуса — нашы вёскі, мястэчкі, гарады — даюць сілу нашаму народу, нашай нацыі.