Беларусь гасцінная
Беларусь - краіна са старажытнай гісторыяй і багатымі традыцыямі, маляўнічай прыродай і цудоўнай архітэктурай, прамысловымі гігантамі і развітой сельскай гаспадаркай, самабытнай кухняй і гасціннымі людзьмі. І з кожным годам яна становіцца ўсё больш прывабнай для турыстаў.
Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы на перакрыжаванні многіх міжнародных маршрутаў. Плошча нашай краіны - 207,6 тыс. кв.км. Галоўнае, чым славяцца беларусы, - гэта гасціннасць і ветлівасць. Мы шырока адкрываем дзверы для турыстаў. У краіне паспяхова дзейнічае бязвізавы рэжым.
Гэта рашэнне было прынята Кіраўніком дзяржавы, яно рэгламентавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 года № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян". На момант прыняцця дакумента турысты, не афармляючы візу, маглі знаходзіцца ў нашай краіне да 5 дзён.
Такі падыход даказаў сваю эфектыўнасць, і ў сувязі з гэтым рашэннем Прэзідэнта з 27 ліпеня 2018 года тэрмін знаходжання замежных грамадзян, якія наведваюць Рэспубліку Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, павялічаны да 30 дзён. У пераліку дзяржаў, адносна якіх устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду і выезду, пасля ўнясення змяненняў ва ўказ, знаходзяцца 74 краіны.
Дзве асобныя бязвізавыя тэрыторыі існавалі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях - турысцка-рэкрэацыйная зона "Брэст" і парк "Аўгустоўскі канал".
З 10 лістапада 2019 года яны аб’яднаны ў адну: "Брэст - Гродна". Гэта стала магчымым дзякуючы прыняццю Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2019 года № 300 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян".
У рэгіёне тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах складае да 15 сутак для грамадзян
73 дзяржаў. Гэта норма дзейнічае як для індывідуальных турыстаў, так і арганізаваных груп.
Таксама без віз замежныя грамадзяне цяпер могуць перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей пры ўмове перамяшчэння ў складзе арганізаваных турыстычных груп з 5 чалавек і больш.