Старшыня Усебеларускага народнага сходу

Старшынёй Усебеларускага народнага сходу сёмага склікання выбраны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

У адпаведнасці з артыкулам 31 Закона "Аб Усебеларускім народным сходзе" Старшыня УНС:

  • уносіць пытанні для разгляду Прэзідыумам УНС, падпісвае рашэнні УНС і пастановы Прэзідыума;
  • прадстаўляе УНС ва ўзаемаадносінах з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным сходам, Урадам, іншымі дзяржорганамі і арганізацыямі Беларусі і замежжа, міжнароднымі арганізацыямі;
  • арганізуе і кантралюе дзейнасць Сакратарыята УНС;
  • выдае распараджэнні;
  • прыводзіць да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў;
  • мае права ініцыяваць скліканне з'езда суддзяў Рэспублікі Беларусь.
"Наша веча, Усебеларускі народны сход, не падмяняе дзяржаўныя органы і не ўмешваецца ў іх дзейнасць. Гэта тая пляцоўка, на якой прысутнічаюць усе: ад звычайнага, простага вяскоўца, рабочага за станком да кіраўніка дзяржавы - дзе мы павінны абмяркоўваць галоўныя стратэгічныя пытанні будаўніцтва і арыентаваць наша грамадства, па якім шляху ісці, развівацца. Мы павінны, не гледзячы ні на што, быць вышэйшымі за асабістыя амбіцыі і бягучыя абставіны. Наша задача - абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай Радзімы. Мы павінны захаваць краіну, забяспечыць яе шчаслівую будучыню. Больш гэта ніхто не зробіць за нас. Таму што час выбраў нас!"

Усебеларускі народны сход

Усебеларускі народны сход - вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Упершыню Усебеларускі народны сход быў скліканы ў 1996 годзе, калі ў цяжкі для краіны час Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напрамую звярнуўся за падтрымкай да народа. Затым пасяджэнні гэтага найважнейшага органа народаўладдзя праходзілі раз у пяць гадоў - у 2001, 2006, 2010, 2016 і 2021 гадах.

Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасць Усебеларускага народнага сходу вызначаецца главой 31 Канстытуцыі і законам.

Быць дэлегатам УНС - гэта ў першую чаргу несці адказнасць за лёс краіны. Выступаць барометрам грамадскіх настрояў. Быць прынцыповым у абароне нацыянальных інтарэсаў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Усебеларускі народны сход:

  • зацвярджае найбольш важныя для краіны дакументы (асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця);
  • уносіць прапановы аб правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі;
  • разглядае пытанні аб легітымнасці выбараў;
  • выбірае суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў ЦВК, вызваляе іх з пасады;
  • устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;
  • узнагароджвае Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама ўносіць прапановы аб узнагароджанні імі іншых асоб.

Рашэнні УНС з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.