Заканадаўства

У адпаведнасці з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устаноўлены прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй актаў заканадаўства.

Сістэму актаў заканадаўства складаюць нарматыўныя прававыя акты:

  • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
  • рашэнні рэспубліканскага рэферэндуму; рашэнні Усебеларускага народнага сходу; законы, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, раней выдадзеныя ім дэкрэты;
  • законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • пастановы Урада;
  • пастановы палат Парламента, нарматыўныя прававыя акты Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, нарматворчых органаў, падпарадкаваных (падсправаздачных) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;
  • нарматыўныя прававыя акты міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
  • рашэнні мясцовых рэферэндумаў, рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў;
  • нарматыўныя прававыя акты іншых нарматворчых органаў (службовых асоб);
  • тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную сілу, прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і замацоўвае асноватворныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найважнейшых грамадскіх адносін.

Парламент прымае законы – нарматыўныя прававыя акты, якія замацоўваюць прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найбольш важных грамадскіх адносін.

Закон можа прымацца ў выглядзе кодэкса, які з’яўляецца сістэмаўтваральным нарматыўным прававым актам, што замацоўвае прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найбольш важных грамадскіх адносін і забяспечвае найбольш поўнае прававое рэгуляванне пэўнай сферы грамадскіх адносін.

Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У мэтах сістэмнага вырашэння пытанняў, якія маюць прыярытэтнае палітычнае, сацыяльнае і эканамічнае значэнне, Прэзідэнт можа выдаваць указы праграмнага характару – дырэктывы.

Законы, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, раней выдадзеныя ім дэкрэты з’яўляюцца заканадаўчымі актамі.

Урад, міністэрствы і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць у межах кампетэнцыі нарматыўныя прававыя акты на аснове і (або) у мэтах выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, іншага заканадаўчага акта або ў мэтах рэалізацыі міжнародных дагавораў і іншых міжнародна-прававых актаў.

Сістэма заканадаўства Рэспублікі Беларусь выбудоўваецца ў адпаведнасці з Адзіным прававым класіфікатарам Рэспублікі Беларусь.

Гэты Класіфікатар прызначаны для ўпарадкавання актаў, якія прымаюцца ў краіне, іх аднясення да пэўных галін і сфер прававога рэгулявання. Так, напрыклад, Закон ад 1 чэрвеня 2022 г. №175-З "Аб дзяржаўнай службе" ў адпаведнасці з Класіфікатарам адносіцца да рубрыкі 01.19.01.01, што азначае раздзел "Канстытуцыйнае заканадаўства", падраздзел "Асновы дзяржаўнага кіравання", параграф "Дзяржаўная служба" і пункт "Агульныя палажэнні заканадаўства аб дзяржаўнай службе". На падставе Класіфікатара ажыццяўляецца сістэматызацыя і кадыфікацыя заканадаўства.

Глядзець у поўным памеры

Усе акты, якія складаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, падлягаюць уключэнню ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

Глядзець у поўным памеры

Штогод масіў беларускага заканадаўства папаўняецца больш як на 10 500 прававых актаў. Усяго па стане на 1 студзеня 2020 года ў Рэестр уключана 222 899 прававых актаў.

Глядзець у поўным памеры

Кожнаму віду прававых актаў адпавядае свой раздзел Рэестра. Напрыклад, дэкрэты, указы і распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў раздзел 1, а рашэнні мясцовых органаў улады – у раздзел 9.

Глядзець у поўным памеры

Вядзенне Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Названыя рэсурсы фарміруюцца з 1999 г.

Нарматворчая дзейнасць – гэта дзяржаўна-ўладная дзейнасць па планаванні, рэалізацыі нарматворчай ініцыятывы, падрыхтоўцы, правядзенні экспертыз, прыняцці (выданні), афіцыйным апублікаванні, змяненні, афіцыйным тлумачэнні, прыпыненні, аднаўленні, прадаўжэнні і спыненні дзеяння нарматыўных прававых актаў.

Нарматворчая дзейнасць уключае шэраг паслядоўных стадый, сукупнасць якіх называецца нарматворчым працэсам. Адным з відаў нарматворчага працэсу з’яўляецца заканатворчы працэс.

Заканадаўчы працэс у Рэспубліцы Беларусь пачынаецца з моманту ўнясення праекта закона на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Правам заканадаўчай ініцыятывы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь валодаюць:

Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, потым у Савеце Рэспублікі.

Законапраект, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай палаты.

Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў i адобраны Саветам Рэспублікі, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Перад падпісаннем закона ён можа быць накіраваны ў Канстытуцыйны Суд для правядзення абавязковага папярэдняга кантролю на прадмет канстытуцыйнасці прынятага закона.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:

  • падпісвае законы;
  • мае права ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго палажэнні са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў;
  • мае права адмяняць акты Урада;
  • непасрэдна або праз ствараемыя ім органы ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства мясцовымі органамі кіравання і самакіравання;
  • мае права прыпыняць рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству.
Прэзідэнт ажыццяўляе дзяржаўную каардынацыю нарматворчай дзейнасці асабіста і праз упаўнаважаныя ім дзяржаўныя органы ў межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў.
  • Прэзідэнт зацвярджае штогадовыя планы падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў.
  • Метадычнае кіраўніцтва нарматворчай дзейнасцю, у тым ліку дзейнасцю па прымяненні патрабаванняў нарматворчай тэхнікі, ажыццяўляецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў.
  • Скаардынаванасць нарматворчай дзейнасці ва Урадзе (у сістэме рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных Ураду) забяспечвае Міністэрства юстыцыі.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь нарматыўныя прававыя акты падлягаюць афіцыйнаму апублікаванню або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам. Пры гэтым акты, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб, уступаюць у сілу толькі пасля іх афіцыйнага апублікавання.

Афіцыйным апублікаваннем прававых актаў з’яўляецца давядзенне гэтых прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам размяшчэння іх тэкстаў у поўнай адпаведнасці з падпісанымі арыгіналамі на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.