Палац Незалежнасці, які прыняў першых высокіх гасцей 24 кастрычніка 2013 года, знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Мінска, на адной з галоўных транспартных артэрый - праспекце Пераможцаў.
Будынак гарманічна ўпісваецца ў знакавы для ўсіх беларусаў сталічны квартал: побач з палацам размешчана плошча Дзяржаўнага сцяга, крыху паводдаль - Парк Перамогі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і знакамітая стэла "Мінск - горад-герой".
Нягледзячы на тое што Палац Незалежнасці - адзін з самых маладых адміністрацыйных будынкаў у краіне, ён ужо ўвайшоў у летапіс сусветнай гісторыі. У лютым 2015 года тут адбыўся лёсавызначальны саміт "нармандскай чацвёркі". Для ўдзелу ў перагаворах, якія прадаўжаліся больш як 15 гадзін, у Мінск прыбылі палітычныя лідары Германіі, Расіі, Украіны і Францыі.
Палац Незалежнасці з'яўляецца культурным здабыткам усёй беларускай нацыі, таму яго залы па асабістым распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ва ўстаноўлены час адкрытыя для экскурсій.
Палац Незалежнасці дэманструе шматграннасць талентаў беларусаў. У метале, дрэве, камені, шкле, тэкстылі і на палатне ўвасоблена багатая духоўна-культурная спадчына беларускай нацыі і перадавыя дасягненні айчыннай інжынерна-архітэктурнай думкі.
Рашэнне пра будаўніцтва адміністрацыйна-прадстаўніцкага комплексу - сімвала суверэнітэту і незалежнасці краіны - было прынята Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам у 2011 годзе.
Пастаўленая Кіраўніком дзяржавы задача была не з простых: у даволі сціслыя тэрміны стварыць унікальную для Беларусі афіцыйную цырыманіяльную пляцоўку, у абліччы і ўнутраным убранні якой павінны гучаць нацыянальныя, культурныя і гістарычныя матывы.
Пад яго кіраўніцтвам вялікі калектыў прафесіяналаў прадпрыемства "Мінскпраект" і іншых арганізацый скрупулёзна працаваў над фарміраваннем цэласнага вобраза будынка і кожнага яго памяшкання асобна, па-майстэрску ўплятаючы ў элементы дызайну традыцыі і сучаснасць.
Палац Незалежнасці ўяўляе сабой трохузроўневы прамавугольны будынак са старанамі 120 на 140 метраў у стылі постмадэрнізму. Яго агульная плошча — 53 778,6 кв.м.
Строгія фасады выкананы са шкла, металу і высакароднага каменю. Дзяржаўнай сімволікай у выглядзе гербаў упрыгожаны галоўныя фасады, размешчаныя на ўездах з боку праспекта Пераможцаў - вуліцы Арлоўскай, а таксама фасад на ўваходзе з боку Нацыянальнага выставачнага павільёна "БелЭКСПА".
Тэрыторыя, якая прылягае да Палаца Незалежнасці, займае 15 га. Тут размясціліся кветкавая кампазіцыя "Міні-Беларусь", Алея ганаровых гасцей, цэнтральная алея з фантанам, Плошча ўрачыстых цырымоній, прагулачныя дарожкі і малыя архітэктурныя формы.
Для ўнутранай аддзелкі палаца прымяняліся матэрыялы айчынных вытворцаў. Выключэнне складаюць толькі некалькі парод мармуру і граніту.
Інтэр'еры выкананы ў класічным стылі. Адначасова шырока выкарыстоўваецца нацыянальны арнамент, у першую чаргу матывы слуцкіх паясоў. Традыцыйныя беларускія ўзоры прысутнічаюць у многіх элементах інтэр'ера, яны лёгка пазнаюцца ў мармуры, метале, мазаіцы, мастацкім роспісе сцен і столей.
Унутраная прастора будынка напоўнена дзённым і штучным святлом. Усе люстры і бра ў палацы вытворчасці лідскага ЗАТ "Каскад", па ўзроўні складанасці і майстэрства яны не ўступаюць работам вядомых чэшскіх і італьянскіх вытворцаў.
У стварэнні ўтульнай атмасферы залаў і холаў палаца ўдзельнічалі вядомыя далёка за межамі краіны беларускія мэблевыя кампаніі: ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў", ААТ "Бабруйскмэбля", ЗАТ "Маладзечнамэбля", ААТ "Гомельдрэў".
На трэцім паверсе размяшчаецца Музей падарункаў. Гэта сапраўдная скарбніца, якая захоўвае некалькі соцень падарункаў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь ад замежных калег, высокапастаўленых палітычных дзеячаў, дэлегацый, дыпламатаў, сусветна вядомых персон, выдатных спартсменаў, а таксама ад радавых беларусаў-суайчыннікаў і працоўных калектываў краіны.
Дзесяць фактаў пра Палац Незалежнасці:
- 24 кастрычніка 2013 года адбылася афіцыйная прэзентацыя Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
- Агульная плошча будынка – 53 778,6 кв.м.
- Тэрыторыя комплексу - 15 га.
- Палац быў пабудаваны за 30 месяцаў замест запланаваных 58.
- Зала ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці вышынёй 18 м і плошчай 3,5 тыс. кв.м з'яўляецца самай вялікай у Рэспубліцы Беларусь.
- Дыяметр самага вялікага герба ў палацы - 5,5 м, яго вага дасягае амаль 1,5 т.
- Зала ўручэння дзяржаўных узнагарод - адзіная ў палацы, у якой няма прамога дзённага асвятлення.
- Сярод аўдыторый палаца самую незвычайную форму - амфітэатра - мае Універсальная зала.
- 150 відаў экзатычных раслін прадстаўлены ў Палацы Незалежнасці.
- Скляпенні Зімняга саду палаца маюць асаблівую акустыку: дзякуючы архітэктурнаму рашэнню тут нават самы ціхі гук набывае незвычайную сілу і выразна чутны па ўсім перыметры памяшкання.