Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў

ОО "Белорусское общественное объединение ветеранов"

Грамадскія арганізацыі Беларусі адыгрываюць найважнейшую ролю ў фарміраванні сучаснай грамадзянскай супольнасці. Актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны прымае і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў (БГАВ).

Палітычная і грамадская дзейнасць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны бярэ свой пачатак у 50–60-я гады ХХ стагоддзя, калі сталі ўтварацца камітэты ветэранаў вайны. Але працэс іх аб’яднання ў адзіную арганізацыю завяршыўся толькі ў снежні 1986 года.

Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў створана 27 сакавіка 1987 гады, калі на першай канферэнцыі быў прыняты яго статут, а кіраўніком арганізацыі выбраны А.Я.Андрэеў.

Пасля набыцця ў 1991 годзе Рэспублікай Беларусь незалежнасці ветэранская арганізацыя прадоўжыла сваю работу па абароне законных правоў ветэранаў (пенсіянераў), забеспячэнні іх дастойнага становішча ў грамадстве.

БГАВ мае ў сваім складзе 6 абласных, Мінскую гарадскую арганізацыю ветэранаў на правах абласной, 12 - гарадскіх, 146 - раённых, больш за 6 680 пярвічных ветэранскіх арганізацый, якія аб'ядноўваюць амаль 1,23 млн ветэранаў. Старшынёй Рэспубліканскага савета БГАВ з 2016 года з'яўляецца Гардзейчык Іван Аркадзьевіч.

У 2023 годзе, у сувязі з прыняццем новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб аднясенні БГАВ да суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія маюць права на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) у асаблівых формах.

У шэрагах арганізацыі знаходзіцца найбольш актыўная частка ветэранаў, чый вопыт, веды, уменні і здольнасці прыносяць карысць Рэспубліцы Беларусь. Многія члены арганізацыі ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці БГАВ з'яўляюцца:

  • далучэнне ветэранаў да грамадскай і пасільнай працоўнай дзейнасці, павышэнне грамадзянскай самасвядомасці, палітычнай культуры і сацыяльнай адказнасці;
  • удзел у рэалізацыі мерапрыемстваў органаў дзяржаўнай улады, накіраваных на паляпшэнне жыцця народа, забеспячэнне стабільнасці ў краіне, павышэнне аўтарытэту Рэспублікі Беларусь у свеце;
  • удзел у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні грамадзян, заснаваным на культурных і духоўных традыцыях, захаванні гістарычнай праўды і памяці беларускага народа, у мерапрыемствах па забеспячэнні грамадзянскага (народнага) адзінства, незалежнасці, дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці;
  • удзел у распрацоўцы дзяржаўных нарматыўна-прававых актаў і праграм па сацыяльнай абароне ветэранаў, паляпшэнні іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, медыцынскага, культурнага і іншых відаў абслугоўвання;
  • падтрыманне сувязей з ветэранскімі арганізацыямі іншых краін і ўзаемадзеянне ва ўмацаванні міру і бяспекі народаў, прадухіленні міжнародных канфліктаў і войнаў.

Значная работа праводзіцца членамі арганізацыі па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, увекавечанні памяці загінулых і прапаўшых без вестак. Ветэраны прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўных свят Рэспублікі Беларусь, асабліва да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці і Дня народнага адзінства.

З непасрэдным удзелам членаў БГАВ у рэспубліцы ідзе пошукавая работа.

Аб'яднанне выступае адным з арганізатараў штогадовага правядзення мітынгаў-рэквіемаў у мемарыяльных комплексах "Брэсцкая крэпасць-герой" і "Буйніцкае поле", прымеркаваных да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мерапрыемстваў, прысвечаных барацьбе партызан Беларусі, Расіі і Латвіі з фашызмам, каля мемарыяла Дружбы на тэрыторыі Верхнядзвінскага і Себежскага (Расія) раёнаў.
 

З 1995 года БГАВ з'яўляецца адным з арганізатараў рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў "Не старэюць душой ветэраны", а з 2010 – рэспубліканскага вакальнага конкурсу сярод ветэранаў "Песні Перамогі".

З 2021 года БГАВ арганізуе і праводзіць рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка "Нам мір завешчана зберагчы".

Важным напрамкам дзейнасці аб'яднання з'яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. БГАВ уваходзіць у міжнародны саюз "Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў (пенсіянераў) незалежных дзяржаў" і разам з Усерасійскай грамадскай арганізацыяй ветэранаў (пенсіянераў) вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў з'яўляецца сузаснавальнікам Міжнароднага Саюза грамадскіх аб'яднанняў ветэранаў.

У рамках дзейнасці міжнароднага саюза "Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў незалежных дзяржаў" БГАВ арганізуе і праводзіць мерапрыемствы з ветэранамі іншых краін па пытаннях захавання гістарычнай праўды аб вайне, умацавання міру і бяспекі, прадухілення міжнародных канфліктаў і войнаў.

За актыўную гуманітарную дзейнасць па аказанні дапамогі ветэранам і ўвекавечанні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе БГАВ прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". За актыўную грамадскую працу многія ветэраны атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.