Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі

Мэта работы ўсіх прафсаюзных арганізацый - абарона інтарэсаў чалавека працы. І аснова гэтай работы - справядлівасць у адносінах да людзей. Галоўным з'яўляецца прынцып салідарнасці і партнёрскага ўзаемадзеяння з органамі ўлады і наймальнікамі. Як на ўзроўні прадпрыемстваў, так і на рэспубліканскім усе спрэчныя пытанні прафсаюзы вырашаюць шляхам дыялогу і абмеркаванняў. Эфектыўнасць узаемадзеяння прафсаюзаў, органаў улады, наймальнікаў забяспечвае Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Гэта пляцоўка, на якой сацыяльныя партнёры выпрацоўваюць дамоўленасці па найбольш вострых сацыяльна-эканамічных пытаннях. Яны замацоўваюцца на ўзроўні трохбаковага Генеральнага пагаднення і абавязковыя для выканання. На ўзроўні рэгіёнаў і галін дзейнічаюць мясцовыя і тарыфныя пагадненні, а на ўзроўні прадпрыемстваў - калектыўныя дагаворы.

Прафсаюзы на пастаяннай аснове прымаюць удзел у падрыхтоўцы і разглядзе праектаў нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы і інтарэсы грамадзян.

На аснове запытаў працоўных прафсаюзы выступаюць з прапановамі па ўдасканаленні працоўнага, пенсійнага заканадаўства. Як вынік, толькі за апошнія гады нарматыўна-прававая база краіны дапоўнена шэрагам норм у інтарэсах чалавека працы.

Для аказання прававой дапамогі і падтрымкі работнікаў у сістэме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі дзейнічае прававая інспекцыя працы. Больш як 100 прафесійных юрыстаў на бясплатнай аснове штогод кансультуюць грамадзян. Пры неабходнасці юрысты ФПБ таксама бясплатна абараняюць інтарэсы членаў прафсаюза ў судах.

Прафсаюзная прававая дапамога максімальна даступна для людзей. Яе можна атрымаць па тэлефоне, на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ або на асабістым прыёме. Акрамя таго, штомесячна праводзяцца бясплатныя прафсаюзныя прававыя прыёмы ва ўсіх раёнах краіны.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці прафсаюзаў - ахова працы.

Тэхнічныя і грамадскія інспектары працы ФПБ кантралююць пытанні стварэння бяспечных умоў працы, забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы. Тэхнічныя інспектары працы прымаюць удзел у расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Іх галоўная мэта - адстаяць правы пацярпелых і пры неабходнасці дабіцца належнай кампенсацыі.

У мэтах абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў прафсаюзы на пастаяннай аснове ажыццяўляюць кантроль за выкананнем наймальнікамі ўстаноўленых тэрмінаў выплаты заработнай платы ў арганізацыях усіх форм уласнасці, а таксама ў галіне аплаты працы, занятасці і сацыяльных гарантый ва ўсіх сферах эканомікі.

Федэрацыя прафсаюзаў таксама праводзіць работу па аздараўленні працоўных, іх далучэнні да здаровага ладу жыцця.

У сістэме ФПБ 12 санаторыяў. Прайсці аздараўленне з 25-працэнтнай скідкай у іх могуць усе члены прафсаюзаў, якія ўваходзяць у сістэму Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Асаблівую ўвагу прафсаюзы ўдзяляюць развіццю дзіцячага спорту. У краіне дзейнічаюць 94 прафсаюзныя спартшколы, дзе падрыхтоўку па 51 відзе спорту праходзяць амаль 30 тыс. дзяцей і падлеткаў. Штогод спартыўныя школы перадаюць у вышэйшае звяно падрыхтоўкі больш як 400 спартсменаў-навучэнцаў. Прафсаюзны дзіцячы спорт - гэта не толькі падрыхтоўка прафесійных спартсменаў, але і дадатковая сацыяльная падтрымка сем'яў, магчымасць даступнага і карыснага адпачынку для падрастаючага пакалення.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі надае вялікае значэнне захаванню памяці аб гістарычным мінулым нашай краіны. Сумесна з працоўнымі калектывамі, моладдзю, ветэранскімі арганізацыямі праводзіць маштабную работу па добраўпарадкаванні знакавых і памятных мясцін, пахаванняў салдат і мірных жыхароў, рэалізуе знакавыя акцыі і мерапрыемствы, прызначаныя захаваць і перадаць маладому пакаленню гістарычную праўду.

У 2017 годзе Федэрацыя прафсаюзаў удастоена высокай узнагароды - прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Яна ўручана за шэраг праектаў ФПБ, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, у тым ліку дзяцей, навучэнскай і рабочай моладзі. Адным з самых маштабных праектаў стала рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Курган Славы". У 2019 годзе сіламі Федэрацыі прафсаюзаў у ім была пашырана экспазіцыя музея ваеннай тэхнікі. Па ініцыятыве нацыянальнага прафцэнтра тут быў устаноўлены першы ў Беларусі адрэстаўрыраваны легендарны штурмавік "Іл-2" і баявая машына БМ-13 - легендарная "Кацюша".

У лютым 2020 года на VIII З'ездзе ФПБ Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзначыў: "Прафсаюзы заўсёды знаходзіліся ў цэнтры важнейшых эканамічных і палітычных падзей. Яны з'яўляюцца тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве".

За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, абароне правоў і інтарэсаў працоўных Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдастоена Ганаровага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.