Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

Беларусь - адна з нямногіх краін на постсавецкай прасторы, у якой па асабістай ініцыятыве і пад патранажам Прэзідэнта сістэмна рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка. Яе станаўленне адбывалася з першых дзён незалежнасці краіны, і сёння створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця маладых людзей, раскрыцця іх творчага патэнцыялу і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў.
Ля вытокаў стварэння БРСМ стаяў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы перад дэлегатамі 38-га аб'яднальнага з'езда БСМ і БПСМ, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што магутная аб'яднаная маладзёжная арганізацыя павінна стаць адной з апор нашага грамадства.
Галоўная мэта Саюза моладзі - стварэнне ўмоў для эфектыўнага ўдзелу маладых людзей у грамадска-палітычным і культурным жыцці грамадства, фарміраванне ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі і падрыхтоўка кадраў для ўсёй дзяржаўнай сістэмы.
Сёння арганізацыя аб'ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў новага пакалення, тых, хто імкнецца прыкласці свае сілы і здольнасці, каб зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным уласнае жыццё і жыццё равеснікаў, будаваць працвітаючую Беларусь.
БРСМ стымулюе маладых людзей займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, і, ствараючы сацыяльныя ліфты, прадастаўляе юнакам і дзяўчатам шырокі спектр магчымасцей.
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці БРСМ з'яўляюцца:
- грамадзянска-патрыятычнае выхаванне (у тым ліку рух маладзёжных атрадаў правапарадку);
- працаўладкаванне моладзі (студатрадаўскі рух);
- прапаганда здаровага ладу жыцця;
- падтрымка адоранай і таленавітай моладзі;
- міжнароднае супрацоўніцтва;
- развіццё валанцёрскага руху;
- работа з моладдзю ў інфармацыйнай прасторы;
- прававое выхаванне моладзі;
- падтрымка маладзёжных ініцыятыў.
На фарміраванне грамадзянскай пазіцыі маладых людзей, папулярызацыю дасягненняў дзяржавы ў перыяд незалежнасці і суверэнітэту краіны, інстытута Прэзідэнцтва накіраваны цэлы комплекс мерапрыемстваў. У іх ліку адкрытыя дыялогі з моладдзю, рэспубліканскія патрыятычныя праекты "Канстытуцыя - Сіла Асноўнага Закона", прававы турнір "Сіла Закона", інтэлектуальна-прававая гульня "Сіла Закона: мы і права".
Прававому суправаджэнню - умацаванню прававых навыкаў юнакоў і дзяўчат, фарміраванню прававой культуры юных грамадзян, устойлівых грамадскіх каштоўнасцей і прававых арыенціраў моладзі - садзейнічае супрацоўніцтва БРСМ з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта, Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў, Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў.
Цікавасць юнакоў і дзяўчат да захавання традыцый беларускага народа, атрыбутаў дзяржаўнай сімволікі, выкарыстання нацыянальнага беларускага арнаменту знайшла адлюстраванне ў праектах "Роднае-народнае" і "Народная зарадка".
Пры падтрымцы дзяржавы БРСМ змог адрадзіць знакаміты камсамольскі брэнд - студатрадаўскі рух. Яго папулярнасць пацвярджаюць дзясяткі тысяч штогод працаўладкаваных юнакоў і дзяўчат. Толькі ў перыяд 2021–2024 гг. Саюз моладзі аказаў дапамогу ў працаўладкаванні ў складзе студэнцкіх атрадаў больш як 175 тыс. юнакоў і дзяўчат.
Валанцёры руху БРСМ "Добрае Сэрца" клапоцяцца аб канкрэтных маладых людзях і дзецях, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.
Добраахвотнікі Саюза моладзі аказваюць дапамогу ветэранам вайны і адзінокім пажылым людзям, сваім аднагодкам з абмежаванымі магчымасцямі, наводзяць парадак на зямлі, высаджваюць кветкі і дрэвы, добраўпарадкоўваюць берагі рэк, азёр, аднаўляюць храмы, гістарычныя помнікі.
Візітныя карткі БРСМ
- дабрачынны марафон "Усе фарбы жыцця для цябе";
- Дзень моладзі на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску";
- міжканфесійны праект "Аднаўленне святынь Беларусі";
- фестываль здаровага ладу жыцця "Алімпія";
- рэспубліканскія конкурсы і праекты: "Студэнт года", "Міс і Містар Студэнцтва Беларусі", "Моладзь за ўраджай!", "Уладар вёскі", "Курсант года" і многія іншыя.
На фоне росту ўвагі да інавацыйнай творчасці маладзёжны праект "100 ідэй для Беларусі" на лепшую інавацыйную ідэю ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, цікавую для практычнай рэалізацыі, а таксама "Конкурс маладзёжных ініцыятыў" з'яўляюцца адной з тых форм работы, якая дае магчымасць маладым людзям праявіць сябе абсалютна ў любой сферы на карысць краіны.
Саюз моладзі знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм і ідэй і адкрыты для ўсіх, хто настроены на супрацоўніцтва і гатовы рэалізоўваць сумесныя праекты.
Будучыня Беларусі залежыць непасрэдна ад ініцыятыўных, здольных крэатыўна мысліць, знаходзіць дастойныя адказы на выклікі часу маладых людзей. За гады сваёй дзейнасці БРСМ стаў сур'ёзнай школай асобаснага і грамадзянскага станаўлення, асноўная задача якой - фарміраванне ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі і падрыхтоўка кадраў для ўсёй дзяржаўнай сістэмы.
БРСМ плённа супрацоўнічае з БРПА ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Піянерскія дружыны разам з пярвічнымі арганізацыямі БРСМ школ прымаюць актыўны ўдзел у праектах і акцыях Саюза моладзі і піянерскай арганізацыі. Піянеры, якія становяцца больш дарослымі, робяць свядомы выбар і ўступаюць у рады БРСМ.
За значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі ў 2015 годзе Цэнтральны камітэт ГА "БРСМ" адзначаны прэміяй Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне".
У 2024 годзе названай узнагароды за рэалізацыю міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта "Дарогамі памяці і славы" ўдастоены Магілёўскі абласны камітэт ГА "БРСМ" сумесна з тэлерадыёкампаніяй "Магілёў" і Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Я.Р.Раманава.