Сустрэча з Намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Казахстана Муратам Нуртлеу

  • 6
  • 3:32

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня правёў сустрэчу з Намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Казахстана Муратам Нуртлеу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты візіт будзе садзейнічаць умацаванню двухбаковых адносін. "Мы можам канстатаваць сёння, што адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, але, як кажуць спартсмены, ёсць над чым працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі, паводле слоў Прэзідэнта, вельмі ўважліва назіраюць за працэсам трансфармацыі інстытутаў кіравання і грамадства ў Казахстане і, як кажуць, многае бяруць на карандаш. "Вельмі правільна вы робіце, умацоўваючы тым самым і незалежнасць сваёй дзяржавы, і бяспеку, што немалаважна сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы павінны ведаць, што Беларусь заўсёды была вашым сябрам і на нас вы тут, калі вам трэба будзе, можаце разлічваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што адносіны Беларусі і Казахстана з'яўляюцца фундаментам узаемадзеяння шэрага інтэграцыйных структур, асабліва АДКБ і ЕАЭС. "Заўсёды Казахстан адыгрываў важную ролю ў фарміраванні гэтых структур, у іх дзейнасці. Гэтак жа, як і Беларусь", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Казахстан, Расія і Беларусь - я, гледзячы наперад, бачу такі прыцягальны цэнтр для іншых дзяржаў. Нядаўна я пра гэта гаварыў: спадзявацца на тое, што прыйдзе нейкі багаты сусед і нам дапаможа, не даводзіцца. На жаль, свет сёння эгаістычны, нацыяналістычны. Вы (міністры замежных спраў) гэта бачыце лепш, чым я. Таму трэба, прынамсі ў дадзены момант, спадзявацца на сябе і на сваіх сяброў, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу і падтрымаюць", - падкрэсліў беларускі лідар.

У час сустрэчы беларускі лідар таксама перадаў прывітанне і самыя цёплыя пажаданні свайму казахстанскаму калегу і добраму сябру Касым-Жамарту Такаеву. "Калі будзе магчымасць, і Першаму Прэзідэнту Казахстана, з якім мы вельмі шмат працавалі, Нурсултану Абішавічу (Назарбаеву. - Заўвага) таксама перадайце самыя добрыя пажаданні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Мурат Нуртлеу ў сваю чаргу асабліва адзначыў тую гасціннасць, якую ён бачыць у Беларусі. "Я лічу, што прыехаў да сяброў. Сёння для мяне гэта вялікая магчымасць данесці наша пасланне беларускім братам, сябрам, што Казахстан высока цэніць наша стратэгічнае партнёрства, - заявіў ён. - Мы абсалютна прыхільныя да далейшага развіцця нашых дружалюбных, братэрскіх адносін".

Ён падкрэсліў, што за тры дзесяцігоддзі супрацоўніцтва ў якасці незалежных дзяржаў у адносінах паміж Беларуссю і Казахстанам дасягнута вельмі шмат. "У першую чаргу дзякуючы лідарам дзяржаў. Прэзідэнты нашых краін уносяць вялікі ўклад у збліжэнне нашых народаў, каб сувязі не разрываліся, каб мы шанавалі традыцыі, памяць аб мінулым", - сказаў кіраўнік МЗС Казахстана.