Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы
- 9
- 5:06
Беларуска-расійскія адносіны з'яўляюцца стрыжнем супрацоўніцтва на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сустрэча двух лідараў у Сочы была запланавана яшчэ даўно. Гэтымі днямі тут якраз праходзяць пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД.
"Мы яшчэ ў Маскве з Вамі дамовіліся, што ў гэты час перасячомся. Якраз прэм'еры нашы будуць працаваць. Усё ж такі беларуска-расійскія адносіны з'яўляюцца стрыжнем. Калі раптам будуць пытанні, мы адрэагуем. Вы якраз будзеце сустракацца з прэм'ер-міністрамі. Я лічу, што гэта комплекснае, добрае мерапрыемства, якое мы праводзім. Так, ёсць эканамічныя пытанні. Яны вырашаюцца. Ёсць куды рухацца. Самае галоўнае - мы ведаем, што рабіць і ў якім напрамку рухацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"І атрымліваецца. Дзякуй богу, атрымліваецца", - заўважыў Уладзімір Пуцін.
"Мы думалі, будзе горш. Але пакуль крыху лепш, чым мы думалі. І дзякуй богу. І так пакрыху мы адбудуем нашы адносіны. Я публічна ўжо сказаў на сходзе ў нас сакратароў саветаў бяспекі: мы з Расіяй прадумаем план дзеянняў у гэтай сітуацыі. Спадзявацца на тое, што санкцыі адменяць, яшчэ нешта - нам пра гэта нават гаварыць не трэба. Нам трэба арыентавацца на свае сілы і на сябе. І калі мы выпрацуем такі план нашых дзеянняў, нашы партнёры абавязкова падключацца. Я ўпэўнены, Казахстан у рамках ЕАЭС і Узбекістан. І створым прывабныя тут умовы. Я ўпэўнены, што наш саюз будзе толькі мацнейшы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы цяпер пагаворым па ўсіх пытаннях: і па пытаннях бяспекі, эканамічнага ўзаемадзеяння. Ёсць пра што пагаварыць", - сказаў Уладзімір Пуцін, вітаючы свайго беларускага калегу.
Паводле яго слоў, тое, як развіваецца эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, не можа не радаваць, а яго тэмпы Прэзідэнт Расіі лічыць "вельмі добрымі".
"Якасць узаемадзеяння, структура нашых эканамічных узаемаадносін мяняюцца ў патрэбны бок. Перш за ўсё ўпор робіцца не толькі на традыцыйную галіну, але і на высокатэхналагічныя сферы. Гэта не можа не радаваць", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Гаворачы ў цэлым аб сітуацыі ў сферы бяспекі, Уладзімір Пуцін ахарактарызаваў яе як стабільную. "Я нават сказаў бы, добрая, упэўненая. Мы ўзаемадзейнічаем у гэтай сферы. Па найбольш вострых пытаннях, аб якіх мы з Вамі дамаўляліся, усё ідзе ў адпаведнасці з планам: 7-8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаванняў, і адразу пачнём мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраенняў. Таму ўсё ў адпаведнасці з планам, усё стабільна", - сказаў расійскі лідар.