Сустрэча з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ

  • 10
  • 26:01

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня сустрэўся з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

"Дыялог паміж нашымі краінамі ў сферы ўмацавання калектыўнай бяспекі цяпер актуальны як ніколі. Скажу адкрыта, што ад вас, галоўных памочнікаў кіраўнікоў дзяржаў у вашых краінах па бяспецы, многае залежыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што такія сустрэчы даўно выйшлі за рамкі пратакольных, паколькі геапалітычная сітуацыя патрабуе выпрацоўкі своечасовых рашэнняў.

Нядаўна Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецыяльных службаў краін СНД. "Прайшла нарада кіраўнікоў. Як мне дакладваюць, вельмі эфектыўная размова была, вельмі важная размова. І я, шчыра кажучы, гэтаму рады", - сказаў ён.

"Вы бачыце, ваенна-палітычная абстаноўка напружана да мяжы, але гэта толькі вяршыня айсберга. У аснове ўсіх гарачых канфліктаў ляжыць масіраванае гібрыднае ўздзеянне на ключавыя сферы нашага грамадскага жыцця: эканамічную, інфармацыйную, біялагічную, сацыяльную, гуманітарную і нават духоўную. Наступаюць па ўсіх франтах, і свабоднага месца няма", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сітуацыя цяпер напружана ўсюды: на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, ва Украіне, неспакойна ў Польшчы і Прыбалтыцы.

"На фоне таго, што адбываецца, мы маем справу з фактам крушэння ўсёй архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, якая фарміравалася дзесяцігоддзямі. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Канфлікт на тэрыторыі Украіны - гэта адзін са многіх прыкладаў таго, як заходнія эліты выкідваюць трыльёны долараў на мілітарызацыю і разарэнне дзяржаў", - заявіў беларускі лідар.

"Любая наша нарада не абыходзіцца без абмеркавання сітуацыі ва Украіне. Выбачайце за нясціпласць, як чалавек ужо вопытны ў палітыцы хацеў бы проста папрасіць вас і перасцерагчы ад спробы пашукаць цяпер нейкія прычыны. Рана ці позна мы будзем гаварыць аб прычынах гэтага канфлікту. Але цяпер важнейшае пытанне - спыніць гэты канфлікт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"І павінен адкрыта сказаць, паколькі мы з Расіяй на адным баку: нас запісалі ў суагрэсары. Павінен сказаць, што "суагрэсары" з трэцяга дня канфлікту - а можа, і з першага - прапанавалі мірны працэс. І ён пачаўся тут, у Беларусі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Тры пасяджэнні прайшло, потым далі каманду: у Беларусь не ляцець. Я гэта ведаю дакладна".

Мірныя перагаворы было вырашана праводзіць у Стамбуле. Быў выпрацаваны праект дагавора з вялікімі ўступкамі з боку Расіі, расказаў Прэзідэнт. Кіраўнікі дэлегацый узгаднілі гэты дакумент, але на гэтым перагаворы спыніліся.

"Чаму не пайшлі далей? Таму што, хутчэй за ўсё, Украіна гэтыя рашэнні ўжо не прымала тады. Што гаварыць пра цяпер. Цяперашні момант характарызуецца тым (вось учора мы размаўлялі з Уладзімірам Уладзіміравічам, у нас абсалютна падобныя меркаванні), што Захад, які ваюе там (зразумела, калі б там не было зброі Захаду і наёмнікаў, даўно б ужо ўсё скончылася), чакае вынікаў "контрнаступу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што за апошні час знішчана вялікая колькасць украінскай тэхнікі. Акрамя таго, паводле яго слоў, загінула вялікая колькасць украінскіх салдат.

"Тры дні "контрнаступу". Тое, што бачым мы, і інфармацыя, якую я атрымаў ад Прэзідэнта Расіі, цалкам супадаюць. За тры дні каля трох дзясяткаў танкаў знішчана - наступаючых, украінскіх. Абараняцца прасцей, чым наступаць - вы разумееце. 120 або 130 БМП за тры дні. І самае страшнае - больш за 2 100 загінула ўкраінцаў. 2 100! З гэтага боку крыху больш за 70. Вось вам вынік гэтай спробы "контрнаступу", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што контрнаступленне было вялікай дэзынфармацыяй з боку Украіны. "Ніякага "контрнаступу" няма і быць не можа. А калі - вось вынік за тры дні. І самае галоўнае - чацвёрты-пяты дзень цішыня. Аб чым гэта сведчыць? Пацярпелі сур'ёзнае паражэнне, селі і думаюць (Захад), а што рабіць далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што іншага шляху, акрамя як перагаворы, няма. Гэта, паводле яго слоў, пазіцыя і Прэзідэнта Расіі. "Мір і толькі мір. Але мір не патрэбны. Захад учапіўся жалезабетонна за Украіну, каб падмяць пад сябе Расію і выцерці аб яе ногі. Але гэтага не будзе. Вы ведаеце расіян, ведаеце нас - на калені мы не станем. Таму трэба дамаўляцца, пакуль гэта магчыма. Далей будзе горш", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Начыненне зброяй (гэта мы бачым тут, знаходзячыся ў гэтым катле ў цэнтры Еўропы), нагнятанне абстаноўкі, канфрантацыі і вялікія грошы, якія траціць перш за ўсё Еўропа, - прычына гэтага канфлікту больш глыбокая, чым Украіна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Для амерыканцаў важна паставіць на калені Еўропу. Яны ім пакажуць, што такое ўводзіць еўра супраць долара. Гэта таксама зразумела. І еўра пачало адваёўваць у свой час месца пад сонцам. Гэта амерыканцам не патрэбна. А фінансы - крывяносная сістэма".

Паводле слоў Прэзідэнта, з-за гэтага ЗША пачалі націскаць на Еўропу і цяпер хочуць расчляніць яе. "Адгарадзіць яе ад нас. Ад Балтыкі да Чорнага мора праз Польшчу, Украіну. З Беларуссю не атрымалася: была задума гэты санітарны кардон выбудаваць ад Смаленска і ніжэй на Балтыку. Але цяпер узбройваюць Польшчу і Украіну. Але трэба, каб Украіна перамагла. Гэта іх залатая мара. Вось задума", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што Польшча сапсавала адносіны не толькі з Беларуссю, але і з Германіяй. І наўрад ці польскі бок выстаўляе рахунак ФРГ за Другую сусветную вайну, таму што такая смелая, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Ды не. Амерыканцы ціхенька (мы гэта таксама бачылі) ёй падказвалі: давайце душыце немцаў. Таму што ў Еўропе немцы - асноўная сіла. Вы думаеце, брэксіт, калі Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага саюза, - гэта проста так? Калі б амерыканцы былі зацікаўлены ва ўзмацненні Еўрасаюза, яны ніколі на гэта не далі б дабро і не пайшлі. Але яны адарвалі Вялікабрытанію, магутную ў эканамічных ды і ў ваенна-палітычных адносінах ад Еўрасаюза яшчэ раней, гэта значыць ім трэба гэты кацёл заварыць, каб панаваць. Яны ж добра разумеюць, што асноўныя кропкі росту ў свеце пасля ЗША - гэта Еўрапейскі саюз, Кітай і наша прастора, дзе мы асмеліліся выступіць", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Таму, гаворачы аб прычынах, трэба туды глыбей глядзець. І трэба аддаць належнае расіянам - яны своечасова падхапіліся і сказалі: добра, гэта вашы праблемы, але вы гарантуйце нам бяспеку. І Беларусі ў тым ліку. Адказ на гэту просьбу - гарантый вы бачылі. Цяпер яны гавораць: ды гэта Расія запатрабавала несур'ёзную паперку па бяспецы. І, сустракаючыся з некаторымі вашымі калегамі, я ім задаю пытанне: добра, Расія запатрабавала несур'ёзную паперку, а чаго вы несур'ёзную паперку не далі ёй? Узялі б і далі. Я маю на ўвазе прапановы па бяспецы тут, па савецкай прасторы і перш за ўсё Расіі. Не далі", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён прызнаў, што расійская спецаперацыя ва Украіне стала падарункам для Захаду. "І яны тут пачалі чапляцца за яе, каб паставіць на калені нашу прастору. А далей - Кітай. Гэта галоўная іх мэта", - падкрэсліў беларускі лідар.

"І потым: рабочая сіла пасля Афганістана вызвалілася. Яе ж трэба недзе прымяняць. Пакуль самі (амерыканскія войскі. - Заўвага) туды не ўлезлі, але, калі будзе так прадаўжацца, упэўнены, гэта пытанне часу. Таму што наёмнікаў там мора. Хутка і рэгулярныя войскі з'явяцца, калі мы не спынім гэты канфлікт. Мы да гэтага гатовы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што практыка разнастайных аднабаковых абмежавальных мер і санкцый нарошчваецца. "Слухайце, не прайшло. Яўна не прайшло. Так, няпроста. Так, складана, цяжка. Але не прайшло. Трэба таксама гэта разумець", - заўважыў ён.

"Санкцыі ператварыліся ўжо з інструмента прымушэння да міру і бяспекі ў новую комплексную пагрозу глабальнага маштабу. Цэлыя рэгіёны асуджаны на голад, холад і беднасць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Яны і вас датычацца, гэтыя санкцыі. Мы ж бачым з расіянамі, як візіцёры-амерыканцы паехалі, пачынаючы ад Арменіі і заканчваючы Таджыкістанам, і пачынаюць на вас націскаць, каб вы не супрацоўнічалі з намі. Мы гэта бачым".

Менавіта таму процідзеянне санкцыям павінна ажыццяўляцца комплексна і сумесна, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Ні беларусы, ні расіяне не хочуць, каб вы трапілі пад санкцыі, супрацоўнічаючы з намі. Мы гэтага не хочам, таму што мы ад гэтага нічога не атрымаем, а вы толькі страціце. Але - як толькі магчыма (у жыцці ёсць шмат магчымасцей) - мы павінны глядзець у гэты бок разам. Эканоміка нас да гэтага штурхае. Мы не павінны страціць гэты рынак", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краінам постсавецкай прасторы складана прабіцца на іншыя рынкі. Нават у Афрыцы цяпер няпроста: там ужо сутыкнуліся інтарэсы Кітая, Злучаных Штатаў і Еўрасаюза. "Я не гавару, што не трэба працаваць на рынкі Еўрасаюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, Блізкага, Далёкага Усходу, на індыйскі, афрыканскі і іншыя рынкі. Не, трэба працаваць. Але нам нельга страціць сваё. Паколькі ў выніку мы сыдзем і страцім адзін аднаго, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Беражыце эканоміку, не спяшайцеся".

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне ўрэгулявання канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам.

"І азербайджанцы, і армяне - гэта родныя. Як два пальцы на адной руцэ. І што хочаш з гэтым, тое і рабі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што ў мінулыя гады ён уклаў шмат намаганняў ва ўрэгуляванне канфлікту паміж бакамі, стараючыся наладзіць узаемадзеянне паміж лідарамі Арменіі і Азербайджана.

"Цяпер усё ўскладнілася. Трэба разабрацца ў гэтай сітуацыі. У гэтым выпадку я, вядома, Нікола Ваваевіча (Пашыняна, Прэм'ер-міністра Арменіі. - Заўвага) падтрымліваю, разумеючы, што на гэту ўладу, на яго ўсе гэтыя недахопы наваліліся. Таму (цяпер патрэбны. - Заўвага) цярпенне і спробы знайсці вырашэнне пытання, каб было выгадна і Арменіі, і Азербайджану", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, свае прапановы павінны ўнесці і сакратары саветаў бяспекі краін АДКБ, бо яны не староннія наглядальнікі ў гэтай сітуацыі. "Вы галоўныя нашы памочнікі па пытаннях абароны і бяспекі", - адзначыў ён.

Беларусь у 2023 годзе старшынствуе ў АДКБ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіна будзе імкнуцца дапамагчы Арменіі і Азербайджану ўрэгуляваць спрэчныя пытанні. Прэзідэнт падкрэсліў, што канфлікты на прасторы АДКБ, тым больш узброеныя, трэба вырашаць. "Не можам мы спакойна глядзець, калі ў нас на прасторы АДКБ канфлікты. Ад іх нельга адыходзіць. Яны складаныя. Гэта нашы браты: мы ў адной дзяржаве жылі. Таму іх трэба вырашаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У бліжэйшы час мы з Прэзідэнтам Расіі сустрэнемся. Я абавязкова раскажу аб нашай сустрэчы. Ён ведае, што я сёння сустракаюся з вамі. У яго заўтра з прэм'ер-міністрамі сустрэча (у Сочы ў гэтыя дні праходзіць пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. - Заўвага). Абмяркуем усе гэтыя пытанні і паспрабуем, можа, нешта прапанаваць вам. Але я яшчэ раз гавару: з вашага боку павінны быць разумныя, талковыя ініцыятывы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ласка, не сварыцеся адзін з адным. Нам яшчэ будзе магчымасць пасварыцца са многімі: вы бачыце, як нас спрабуюць расцягнуць. Не буду канкрэтызаваць", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што неабароненым элементам сістэмы міжнароднай бяспекі стала інфармацыйная сфера. "Вы бачыце, нават ва Украіне наперадзе ідзе інфармацыйна-псіхалагічная вайна", - сказаў ён.

"Вы, напэўна, здагадваецеся, хто ўзарваў Кахоўскую ГЭС. Кажуць, на злодзеі і шапка гарыць. Хто першы аб гэтым закрычаў? - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Зразумела, што ўкраінскаму боку трэба было скрыць тры дні "контрнаступу", дзе амаль дзве сотні бронемашын было знішчана і больш за 2 тыс. чалавек загінулі. Таму - Кахоўка, Кахоўка, а пра тое (страты пры спробе контрнаступлення. - Заўвага) ніхто не гаворыць. А гэта ж усё відаць".

"І вы бачыце, якую акуратную, асцярожную пазіцыю занялі ЗША, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Абавязаны аддаць ім належнае. Яны адразу сказалі: "Мы пакуль не можам сказаць, хто гэта зрабіў. Мы павінны разабрацца". Падумайце, з чаго б гэта?"

Прэзідэнт адзначыў важнасць процідзеяння інфармацыйна-псіхалагічным аперацыям і прапанаваў падзяліцца беларускім вопытам у гэтай сферы, заўважыўшы, што па гэтым пытанні ёсць актыўнае ўзаемадзеянне з ФСБ Расіі. "А каб процідзейнічаць, трэба свой парадак дня выстаўляць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Краіны АДКБ непасрэдна знаходзяцца пад прыцэлам гэтага націску і небяспечнай інфармацыйнай зброі, якія ўвесь час ствараюць нам унутры праблемы", - сказаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён згадаў пра нядаўнія падзеі ў Кыргызстане, дзе была ўчынена спроба расхістаць абстаноўку ўнутры краіны, але ўлады яе своечасова спынілі: "Малайцы, справіліся. У зародку справіліся, не далі гэтай заразе распаўсюдзіцца. Значыць, вывады зрабілі з гісторыі. Проста малайцы! Я аддаю даніну павагі".

"Бачыце, спрабуюць хістаць, хістаць… Ды адстаньце вы ад Кыргызстана! Яны пачалі паднімацца з кален, няхай развіваецца краіна. Каму яна праблемы стварае? Нікому. Тым не менш хістаюць. А вы думаеце, што Кыргызстан хістаюць проста так? Не. Гэта для таго, каб падабрацца праз Кыргызстан да Казахстана зноў, як праз Расію - да Кітая. Звярніце на гэта ўвагу. Асабліва ў Казахстане - спакойна жыць не дадуць", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць удасканаліць сістэму крызіснага рэагавання ў АДКБ: "Нам трэба да канца выбудаваць, удасканаліць сістэму крызіснага рэагавання. Па-сапраўднаму выбудаваць. Гэта задача нашых спецслужбаў і праваахоўных органаў".

Кіраўнікі апаратаў саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, паводле слоў Прэзідэнта, адыгрываюць у гэтым пытанні важную каардынуючую ролю. "Гэта ваша работа, ваша сфера адказнасці, - прадоўжыў ён. - Таму дамаўляйцеся, уносьце прапановы на зацвярджэнне кіраўнікоў дзяржаў. Не думаю, што тут будзе нейкае тармажэнне".

"З улікам маштабнай трансфармацыі пагроз ужо цяпер мэтазгодна падумаць над канцэпцыяй новай стратэгіі калектыўнай бяспекі арганізацыі на перыяд да 2035 года", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гэта неабходнасць абумоўлена таксама і тым, што існуючы дакумент быў прыняты ў 2016 годзе і разлічаны да 2025 года.

"Думаю, што Камітэту сакратароў саветаў бяспекі і ў цэлым АДКБ неабходна пачаць работу над узгадненнем падыходаў і выпрацоўкай адпаведных прапаноў адносна будучай архітэктуры бяспекі Еўразійскага кантынента. Гэта важнейшае пытанне", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт прапанаваў правесці комплексную рэвізію дагаворна-прававой базы АДКБ, як, дарэчы, і Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС. "Неабходна паглядзець, што нам трэба, што не трэба. Адкінуць усё тое, што мы там панапрацавалі, панапісалі таго, што не можа і не будзе ніколі працаваць, і пакінуць асноўныя напрамкі. Трэба вярнуцца да асноватворных дакументаў, усё там прапісаць жалезабетонна і дамовіцца , што ў такім выпадку, пры такім характары канфлікту - рэагаванне такое", - прапанаваў беларускі лідар. На яго думку, гэта ў значнай ступені спрасціла б і зрабіла б больш эфектыўным урэгуляванне канфліктаў накшталт тых, што ўзнікаюць паміж Арменіяй і Азербайджанам, Кыргызстанам і Таджыкістанам. "З улікам рэалій трэба ўсё прапісаць. І жалезна дамовіцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, ён расказаў аб сваім намеры прапанаваць Прэзідэнту Расіі выбудаваць праграму дзеянняў, своеасаблівы план унутранага развіцця тэрыторый. "З вопыту Савецкага Саюза вы памятаеце: мы пад прыгнётам былі, ніхто не выказваў нам прыхільнасць, нас спрабавалі ўдушыць. Але мы, у некаторых адносінах замкнёныя ў сваіх граніцах, цудоўна працавалі, былі самадастатковымі. Трэба разумець, што і Беларусь, і Расія - мы павінны гэту прастору адбудаваць, выбудаваць планы, каб мы маглі быць самадастатковымі, каб нас праз долар, яшчэ якую-небудзь валюту не ставілі пастаянна на калені. Нам трэба выпрацаваць план унутранага развіцця нашай прасторы, перш за ўсё Расіі і Беларусі, калі ўжо мы апынуліся ў адной лодцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"А так мы ўвесь час нешта робім і аглядваемся то на Усход, то на Захад - як нам жыць далей і ці можам мы жыць без Усходу, без Захаду, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Трэба выкарыстоўваць вопыт мінулага, каб у будучым забяспечыць нармальнае жыццё нашай прасторы. Таму што ў нас адзіны эканамічны рынак, ды і на сённяшні дзень адзіная абаронная прастора".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што голас краін АДКБ будзе пачуты, калі яны разам, адзіным фронтам выступяць з міралюбівым і справядлівым парадкам дня ў Еўразійскім рэгіёне і падключаць да гэтага працэсу ШАС і СНД. "Беларусь як старшыня АДКБ гатова прыкласці максімум намаганняў для ўмацавання нашай арганізацыі і калектыўнай бяспекі ў зоне яе адказнасці", - заявіў ён.

Больш таго, Прэзідэнт прапанаваў выкарыстоўваць пры неабходнасці магчымасці беларускага старшынства, "каб данесці да кіраўнікоў дзяржаў і абмеркаваць важнейшыя пытанні бяспекі".

"Народная мудрасць кажа: адзін у полі не воін. Толькі адзінства робіць нас мацнейшымі. Я ўпэўнены, што дэвіз нашага старшынства "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі" адпавядае інтарэсам усіх нашых дзяржаў", - рэзюмаваў Прэзідэнт.