Уручэнне даверчых грамат
- 12
- 12:50
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня прыняў даверчыя граматы паслоў дзевяці замежных дзяржаў.
Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Рэспублікі Гана (па сумяшчальніцтве), Ісламскай Рэспублікі Іран, Рэспублікі Карэя, Ісламскай Рэспублікі Маўрытанія (па сумяшчальніцтве), Мексіканскіх Злучаных Штатаў (па сумяшчальніцтве), Рэспублікі Панама (па сумяшчальніцтве), Рэспублікі Таджыкістан, Каралеўства Тайланд (па сумяшчальніцтве), Рэспублікі Эквадор (па сумяшчальніцтве).
Прывітаўшы дыпламатаў на беларускай зямлі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер у іх ёсць магчымасць сваімі вачамі ўбачыць, як і чым жывуць беларусы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што цырымонія ўручэння даверчых грамат праходзіць напярэдадні дзвюх значных для беларускага народа дат - 22 чэрвеня і 3 ліпеня.
"Першая з іх трагічная - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, які звязаны з пачаткам гітлераўскай агрэсіі супраць Савецкага Саюза. Беларусь была ў яго складзе і таму аказалася першай на шляху захопнікаў, прыняўшы на сябе самы цяжкі ўдар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як шмат давялося перажыць старэйшаму пакаленню і ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, аднаўляючы цалкам разбураную краіну.
"Краіну літаральна ўзнімалі з руін. Думаю, вы чулі пра гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці, трагедыі Хатыні і Трасцянца. Цяпер вы можаце наведаць гэтыя свяшчэнныя для нас мясціны народнай памяці і смутку, якія нікога не пакідаюць абыякавым", - дадаў Прэзідэнт.
Гаворачы пра дату 3 ліпеня, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта радасны дзень вызвалення Мінска, які цяпер у Беларусі святкуюць як Дзень Незалежнасці. Хоць цяпер цяжка сабе нават уявіць, што Мінск быў практычна цалкам разбураны падчас вайны.
"Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад разбурае сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Арганізацыя Аб'яднаных Нацый з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій аб будучым развіцці свету ператварылася ў дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы. Пакуль запраўляюць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Спрабуюць затармазіць развіццё асобных дзяржаў і цэлых рэгіёнаў, а на граніцах з тымі, хто не згодны, разгортваюць ударныя сілы НАТА".
Беларусь катэгарычна не згодна з такім раскладам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "І дзе ўсе гэтыя міжнародныя арганізацыі, якія гэта ўсё бачаць, - ААН, АБСЕ, Савет Еўропы, МВФ, Сусветны банк, калі нас ужо трэцяе дзесяцігоддзе душаць незаконнымі санкцыямі?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
"Адначасова ва Украіне інтэнсіўную падрыхтоўку праходзяць нацыяналістычныя фарміраванні, якія складаюцца з мярзотнікаў усіх масцей. На Захадзе адкрыта заяўляюць, што маюць намер выкарыстоўваць іх для звяржэння ўзброеным шляхам законнай улады ў Беларусі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь як самастойны і адказны ўдзельнік міжнароднай супольнасці ўносіць істотны ўклад у сістэму міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, канстатаваў Прэзідэнт.
"Мы гатовы весці дыялог аб супрацоўніцтве з любой краінай, якая паважае выбар беларускага народа, прызнае суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы. Гэтак жа, як і вы, - заявіў ён. - Падкрэсліваю, на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Беларусь заўсёды адкрытая і гасцінная з тымі, хто адкрыты і шчыры з намі. Менавіта на гэтых прынцыпах мы традыцыйна развівалі і развіваем кантакты з усімі партнёрамі".
Па традыцыі Прэзідэнт Беларусі коратка спыніўся на супрацоўніцтве з кожнай з краін, якія прадстаўляюць дыпламаты.
Пра Таджыкістан
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь мае даўнія дружалюбныя ўзаемаадносіны з дзяржавамі Азіі.
Аляксандр Лукашэнка, вітаючы пасла Таджыкістана, адзначыў: "З гэтай краінай у нас трывалыя сувязі яшчэ з часоў Савецкага Саюза. І хоць змянілася ўжо не адно пакаленне беларусаў і таджыкаў, вузы дружбы і братэрства ніколі не перарываліся. Гэтаму таксама садзейнічаюць нашы даўнія сяброўскія адносіны з Прэзідэнтам Эмамалі Шарыпавічам Рахмонам, які вельмі шмат зрабіў для ўмацавання беларуска-таджыкскага партнёрства".
Кіраўнік дзяржавы пажадаў паслу Таджыкістана паспяховага выканання дыпламатычнай місіі і плённай працы.
Пра Іран
Асаблівыя адносіны ў Рэспублікі Беларусь складваюцца і з Ісламскай Рэспублікай Іран. "Мінск і Тэгеран заўсёды глыбока разумелі адзін аднаго, знаходзячыся пад прыгнётам несправядлівых, процізаконных санкцый", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Іран як важнага міжнароднага іграка з велізарным эканамічным патэнцыялам. "Сёння наша супрацоўніцтва выходзіць на новы этап", - адзначыў Прэзідэнт.
Пра Тайланд
"Мы заўсёды разглядалі Каралеўства Тайланд у якасці аднаго з перспектыўных партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - І добра разумеем, што цяперашні ўзровень гандлю не адпавядае існуючаму патэнцыялу".
"Бачым значныя магчымасці для пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, чаму маглі б садзейнічаць актывізацыя беларуска-тайландскіх кантактаў, а таксама абмен візітамі на розных узроўнях.
Пра Рэспубліку Карэя
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Мінска і Сеула нямала прыкладаў паспяховага ўзаемадзеяння па самых розных напрамках: у гандлі і інвестыцыях, навуцы і тэхналогіях, культуры і спорце.
"Сёння мы маем шэраг праектаў, па якіх вядзецца работа, але гэтага мала, - упэўнены Прэзідэнт Беларусі. - Сітуацыя ў свеце цяпер няпростая, неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб стаць бліжэй".
Пра Гану
"Сёння мы па-новаму адкрываем для сябе Афрыку. Без Афрыкі няма развіцця ў свеце наогул. Будучыня - за Афрыкай, - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы. - Зацікаўлены ў пашырэнні партнёрства з усімі дзяржавамі кантынента і гатовы абмяркоўваць любыя канструктыўныя прапановы".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на наяўнасць істотнага патэнцыялу ўзаемадзеяння Беларусі і Ганы як па лініі палітычнага дыялогу, так і па лініі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
"Беларускі бок гатовы ўдзельнічаць не толькі ў сельскагаспадарчых, але і ў інфраструктурных, энергетычных і адукацыйных праектах, што рэалізуюцца ў вашай краіне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Пра Маўрытанію
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што надышоў час для больш актыўных кантактаў з Маўрытаніяй. "У нас ёсць кампетэнцыі і тэхналогіі, каб дапамагчы вашай краіне нарасціць прамысловы патэнцыял, забяспечыць харчовую бяспеку, мадэрнізаваць транспартную інфраструктуру, павысіць кваліфікацыю кадраў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пра Мексіку
Беларусь падтрымлівае традыцыйна дружалюбныя адносіны з многімі дзяржавамі Лацінскай Амерыкі, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Сёння мы з вялікай цікавасцю назіраем за ростам уплыву Мексікі ў рэгіёне, - адзначыў Прэзідэнт. - Нашы дзяржавы валодаюць вытворчым патэнцыялам, развітымі прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, магчымасці якіх павінны быць максімальна выкарыстаны для павелічэння гандлю, нягледзячы на тое, што ў вас вельмі вялікі і развіты паўночны сусед".
Пра Панаму
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: "Пры ўзаемнай цікавасці мы гатовы да прапрацоўкі з Рэспублікай Панама праектаў супрацоўніцтва ў такіх сферах, як машынабудаванне, перапрацоўчая прамысловасць, хімія і нафтахімія, транспарт, лагістыка, альтэрнатыўная энергетыка".
Пра Эквадор
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што Мінск зацікаўлены ў больш актыўных адносінах з горадам Кіта.
"Прапануем эквадорскаму боку свае паслугі ў механізацыі сельскай гаспадаркі, развіцці інфраструктуры, рэалізацыі праектаў у сферах здабычы карысных выкапняў і абсталявання. Аб гэтым ужо было сказана, калі я наведваў гэту цудоўную краіну", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да дыпламатаў. "Вы, вядома ж, шмат чулі пра Беларусь. Я разумею, што чулі больш негатыўнага, чым пазітыўнага. Таму вельмі важна, што вы прыехалі ў Беларусь, што вы будзеце тут працаваць. І мой самы галоўны, вялікі інтарэс, каб вы бліжэй пазнаёміліся з нашай краінай. Каб вы на свае вочы ўбачылі, чым мы жывём. І я ўпэўнены, што, убачыўшы ўсё гэта, вы здзівіцеся той розніцы, якая ёсць у сапраўднасці, і таму, як гэта падаюць часам, перш за ўсё на Захадзе і ў Злучаных Штатах Амерыкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў паслам, каб іх работа ў Беларусі ў якасці кіраўнікоў дыпламатычных місій стала значным этапам у жыцці, а кар'ера развівалася толькі па нарастаючай. "Калі трэба вам нешта, звяртайцеся - праз Адміністрацыю Прэзідэнта, праз міністра. Я адрэагую, абяцаю вам", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь ужо доўгія гады застаецца своеасаблівым запаведным краем спакою і стабільнасці. У гэтым вы зусім хутка пераканаецеся, - сказаў Прэзідэнт. - У такіх умовах, думаю, камфортна жыць і працаваць".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што кіраўнікі дыпламатычных місій заўсёды могуць разлічваць на яго асабістую падтрымку і дапамогу ўрада. "Мы пойдзем насустрач усім вашым канструктыўным ідэям, праектам і прапановам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў паслоў з пачаткам адказнай місіі ў Беларусі, пажадаўшы ім здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у працы.