Сустрэча з Міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам і Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым
- 9
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня правёў сустрэчу з Міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам і Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым.
"Я запрасіў вас для таго, каб закрануць пытанні, якія знаходзяцца ў сферы вашай дзейнасці. Многія пачнуць гаварыць, што ў нас у бюджэце грошай не хапае, таму мы пра падаткі пачалі гаварыць. Гэта звычайныя заявы нашых "свядомых" пратэстуноў. Абсалютна не. Якраз дзіўна, але бюджэт складваецца нават лепш, чым мы думалі, і лепш, чым магло быць", - заявіў беларускі лідар.
"Але гэта не значыць, што мы павінны адысці ад фундаментальных пытанняў, аб якіх мы гаварылі. Выплата падаткаў - гэта справа святая", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я вельмі часта прыводзіў прыклады іншых дзяржаў, дзе адказнасць за парушэнні падатковага заканадаўства самая страшная. У так званых дэмакратычных краінах - ЗША і іншых. Злачынства нумар адзін - гэта нявыплата падаткаў. Можа, таму яны багатыя дзяржавы. Таму што там кожны чалавек, любы чалавек не думае нават аб тым, каб неяк не выплаціць падаткі або абысці падатковае заканадаўства. Наперад заплаціць, каб да яго не было прэтэнзій", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў частцы работ падатковай сістэмы раней ужо давалася шмат даручэнняў і цяпер неабходна ацаніць, як ідзе працэс: "Мы нешта ўбачылі і атрымалі ўрокі з мінулага, асабліва мінулага года. Было даручана ўдасканаліць падатковае заканадаўства. Гэта галоўнае пытанне - як ідзе ўдасканаленне?"
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што грамадзяне павінны разумець, за што і колькі неабходна плаціць, а таму ўсё павінна быць максімальна проста. "Не трэба скончыць факультэт і вывучаць вышэйшую матэматыку, каб вылічыць падаткі. Таму падатковае заканадаўства пастаянна патрабуе ўдасканалення", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы Прэзідэнт перасцярог бізнесменаў ад спроб прыкрыць пераходам у палітыку тыя ці іншыя махінацыі і парушэнні закону.
"Сёння я хацеў бы ўзняць гэта пытанне. Мы апошнім часам, зыходзячы з урокаў мінулага года, убачылі, хто ёсць хто, і жорстка і прынцыпова пачалі патрабаваць выплаты падаткаў і нармальных паводзін проста бізнесменаў. Я не маю на ўвазе, што бізнесмен - гэта бяспраўны чалавек і не мае права на ўласнае меркаванне. Абсалютна не. Але заўсёды падкрэсліваў і, думаю, што разумныя бізнесмены мяне пачулі, што палітыка і бізнес - гэта рэчы розныя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё ў законах не прапішаш, і законы ёсць розныя, у палітыцы гэта ці ў бізнесе. "Любы бізнесмен, які хоча займацца палітыкай, павінен строга прытрымлівацца закону. Палітыкі і бізнесмены павінны выконваць законы. Але калі ты пракраўся, як у нас гэта часта бывае (і прыклады ведаем), і папёрся потым у палітыку, каб прыкрыць гэта ўсё, і калі раптам што, то абвінаваціць уладу, што, вось, ведаеце, я сумленны бізнесмен, пайшоў у палітыку і таму мяне заціснулі тут? Некаторыя сядзельцы, якія сёння там знаходзяцца (у месцах зняволення. - Заўвага) так сябе і паводзілі. Вось гэта будзе спыняцца адназначна. І не трэба на ўладу скардзіцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час вывучаў на гістарычным факультэце працы Уладзіміра Леніна, які гаварыў аб тым, што толькі тады ўлада нечага вартая, калі яна ўмее абараніць сама сябе. "Але я магу тут дадаць: гэта ўлада тады нечага вартая, калі яна не толькі сябе можа абараніць, але і свой народ, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І ўлада - гэта не прахадны двор: у адны дзверы зайшоў, у іншыя выйшаў. Гэта вельмі сур'ёзная справа, гэта дзяржава, людзі, мільёны людзей. Таму бізнесмены гэта павінны добра разумець".
"Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што бізнесменам, кіраўнікам кампаній забаронена ісці ва ўладу. Можна. Але для гэтага ёсць выбары. Ідзіце, змагайцеся і будзьце непадкупнымі. Рабіце так у жыцці, каб не было за што цябе зачапіць. Як тут адзін з карцінамі і іншым - накраў мільёны долараў і пайшоў на выбары. Чаго пайшоў - зразумела, трэба было гэта ўсё прыкрыць. Цяпер гэта ўсё відаць - усё гэта зладзейства", - заявіў Прэзідэнт.
"Таму ва ўладу трэба ісці з чыстымі рукамі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы апошнім часам вельмі прынцыпова, у адпаведнасці з законам ставімся да тых, хто павінен плаціць падаткі, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Хачу вас папрасіць і папярэдзіць: мы пад гэту марку ні ў якім выпадку не павінны пакрыўдзіць людзей, якія сумленна працуюць, якія займаюцца ў адпаведнасці з законам бізнесам, прадпрымальніцтвам. Некалі я іх сюды запрашаў і абяцаў ім: усё, аб чым мы дамовімся, на падставе закону будзем свята выконваць", - заявіў беларускі лідар.
"Я хачу, каб вы разумелі: ні адзін волас з прадпрымальніка і бізнесмена, які сумленна працуе, упасці не павінен. Мы ні ў якім разе не павінны ператварыць у моду - задушыць нейкага прадпрымальніка і бізнесмена. Гэта людзі, якія працуюць на дзяржаву і прыносяць ёй карысць. Толькі адзінае: падаткі трэба плаціць, людзей, якія ў цябе працуюць, не крыўдзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адначасова Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга беспадстаўна "накатваць" на бізнес і спецыяльна шукаць для гэтага падставу. "Мы ні ў якім выпадку не павінны "накатваць". Хоць і гадка сябе павялі некаторыя іпэшнікі, айцішнікі і іншыя. Нельга проста ўзяць і іх за нешта пакараць. Не трэба шукаць падставу, прычыны і гэтак далей. Няхай працуюць у адпаведнасці з законам. Парушыў закон - па поўнай няхай адказваюць", - папярэдзіў беларускі лідар.
"Я хачу, каб бізнесмены мяне пачулі, што ніхто з імі зводзіць разлікі не будзе. Нехта памыліўся, нехта заблудзіўся, нехта няправільна зразумеў нешта. Трэба з імі перагаварыць. Я гатовы нават на маім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Але тых, хто працаваў сумленна ў нас, тых, хто хоча да нас прыйсці працаваць, мы павінны іх прымаць як сваіх людзей, якія прыносяць карысць для народа і дзяржавы. Перагібаў нельга дапускаць ні ў якім выпадку. Я не бачу такіх перагібаў, але не хачу, каб яны былі ў будучым", - заявіў Прэзідэнт.
"Разумець трэба адно: дзяржава і народ - гэта ўсё, усе мы павінны на гэта працаваць. Хто гэтага не разумее, гэта іх праблемы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бізнесмены павінны як мае быць аплачваць працу людзей, якія на іх працуюць, а не думаць толькі аб тым, як набіць свае ўласныя кішэні.
"Нельга, каб ты набіваў свае кішэні, а людзі вялі напаўжабрацкае існаванне. Вы помніце, напярэдадні выбараў я ставіў жорстка пытанне, што нам трэба ўстанавіць сярэднюю заработную плату, ніжэй за якую нельга, і наогул бізнесмены, прыватныя структуры павінны крыху вышэй, чым сярэднюю зарплату, плаціць. Гэта ой як не спадабалася бізнесу: "Як гэта я аддам грошы?!" Дык гэтыя ж людзі на цябе працуюць, прыносяць табе грошы. Гэта ж не значыць, што ты, груба кажучы, 10 працэнтаў ім аддаў, а 90 працэнтаў сабе ў кішэнь паклаў. Такі бізнес нікому не патрэбны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане ён заклікаў звярнуць увагу на палітыку Кітая. "Кампартыя Кітая, Сі Цзіньпін заявілі аб тым, што багатыя павінны дапамагчы бедным. Трэба дзяліцца: вы значна зарабілі - дапамажыце бедным. Павінна быць грамадства сярэдняга дастатку. Нядаўна яны абвясцілі гэты тэзіс - мудрыя кітайцы, найбагацейшая краіна. А мы заўсёды праводзілі гэту палітыку: калі ты зарабіў, ну, падзяліся з тымі, хто на цябе працуе, і плаці падаткі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.