Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам
- 6
- 2:20
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 5 жніўня рабочую сустрэчу са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.
У цэнтры ўвагі былі тры тэмы - стварэнне пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватных структурах, рэакцыя прафсаюзаў на санкцыйную палітыку і садзейнічанне правядзенню ўборачнай кампаніі.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы са стварэннем пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары і акцэнтаваў увагу, што гэта пытанне ўзнімалася неаднаразова.
"Сур'ёзнае пытанне - стварэнне пярвічных арганізацый перш за ўсё ў прыватных структурах. Калі да гэтага часу ёсць яшчэ асобныя, якія не зразумелі, значыць, трэба ва Урадзе неадкладна абмеркаваць гэтыя пытанні і ўнесці канкрэтныя прапановы аж да ліквідацыі прыватных структур, якія адмаўляюцца мець прафсаюзныя арганізацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Яшчэ адна важная тэма, якую закрануў Аляксандр Лукашэнка, гэта рэакцыя ФПБ на санкцыйны націск. "Хачу падзякаваць Вам і нашым прафсаюзам за актыўную работу ў плане процідзеяння санкцыям. Гэта дастойная работа, калі арганізавалі людзей, і ў міжнародным плане быў пачуты голас не толькі лідараў прафсаюзаў, а нашых людзей, працоўных, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Малайцы".
"Тысячы і тысячы людзей, якія вырашылі выказацца. Гэта вялікая справа", - заўважыў беларускі лідар. На яго думку, такая маштабная рэакцыя людзей у адказ на санкцыйны націск абавязкова дасць вынік.
"Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць над тым, каб процідзейнічаць і процістаяць гэтым недружалюбным і варожым дзеянням", - запэўніў Кіраўніка дзяржавы Міхаіл Орда. На яго думку, для ўсіх відавочна, што заходнія санкцыі ўводзяцца для нанясення эканамічнага ўрону Беларусі і яе грамадзянам. "Мэта зразумела, яны яе і не ўтойваюць: яны хочуць выклікаць абурэнне людзей, гэта захоп краіны і падпарадкаванне Беларусі інтарэсам іншых краін", - падкрэсліў Міхаіл Орда.
Акрамя таго, Прэзідэнт і кіраўнік ФПБ абмеркавалі ход уборачнай кампаніі і садзейнічанне яе правядзенню з боку прафсаюзаў. "Санкцыі санкцыямі, але калі будзе ў што апрануць дзяцей да школы і людзям апрануцца нармальна, калі будзе што паесці людзям, тады будзе вынік", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ўборачная кампанія ў Беларусі традыцыйна праходзіць у асаблівых умовах надвор'я, і прафсаюзам трэба аказаць аграрыям неабходнае садзейнічанне, як гэта бывае кожны год. "У жніўні заўсёды час спрасаваны, і надвор'е нас правярае на цвёрдасць і рашучасць. Трэба забяспечыць людзей. Перш за ўсё - зарплата, харчаванне ў полі і гэтак далей, звычайная работа прафсаюзаў", - паставіў задачу беларускі лідар.