Нарада па пытаннях удасканалення работы з кадрамі
- 14
- 13:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня сабраў нараду па пытаннях удасканалення работы з кадрамі.
Да абмеркавання кадравай работы запрошана шырокае кола прадстаўнікоў кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Урада і парламента, а таксама губернатары, міністры, памочнікі Прэзідэнта па абласцях.
Такі прадстаўнічы склад нарады, паводле слоў Прэзідэнта, абсалютна абгрунтаваны. "Важнейшае пытанне мы сёння абмяркуем - кадры. Як гаварыў класік, яны вырашаюць усё. Гэта сапраўды так. Як бы ні спрабавалі апошнім часам замусоліць гэтыя словы, гэта - ісціна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адразу абазначыў, што на нарадзе трэба будзе ўсебакова абмеркаваць работу з кадрамі і вызначыцца, у якім напрамку рухацца далей, якія ёсць недахопы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі выбудавана стройная сістэма кіравання дзяржавай: эканомікай займаецца Урад, ідэалогіяй, кадравымі пытаннямі, прававым кантролем і падрыхтоўкай нарматыўных актаў Кіраўніка дзяржавы - Адміністрацыя Прэзідэнта, на губернатарах ляжаць усе гэтыя функцыі ў абласным разрэзе, у гарадах і раёнах - адпаведна.
"Адказныя вызначаны. Калі вы ў мяне спытаеце, ці задаволены я выбудаванай сістэмай функцыянавання кадраў, адразу скажу: не", - сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, гэта перш за ўсё адносіцца да работы Адміністрацыі Прэзідэнта, хоць кадравая палітыка, вядома, больш шырокая - яе ажыццяўляюць усе тыя, хто прысутнічае на нарадзе.
"Мы маем прававую базу і добры практычны вопыт. Але час не стаіць на месцы, таму трэба работу (з кадрамі. - Заўвага) удасканальваць. Магчыма, і сістэму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Удасканаленне кадравай работы - гэта складаная шматузроўневая задача, якая датычыцца не толькі вытворчай, але і сацыяльнай сферы. "Не адкрыю Амерыку, калі падкрэслю, што сітуацыя застаецца найбольш стабільнай у калектывах, дзе прымаюцца ўсе магчымыя меры для замацавання кадраў, у тым ліку маладых спецыялістаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У частцы замацавання кадраў трэба выкарыстоўваць як каласальны вопыт савецкага перыяду, так і тыя падыходы, якія выпрацаваны на сучасным этапе, упэўнены беларускі лідар.
"На жаль, у нас ёсць яшчэ і тыя, хто працуе па прынцыпе латання дзірак. Стварэннем прывабных сацыяльна-бытавых умоў ім займацца няма калі, размаўляць з калектывам яны не ўмеюць, а часам проста не хочуць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, асобныя кіраўнікі мясцовай улады не разумеюць усёй глыбіні пытання і бяздзейнічаюць. "Пры такім стаўленні нашы нават самыя амбіцыйныя эканамічныя планы застануцца на паперы, чаго дапусціць, вядома ж, я не магу. Аналізуючы сітуацыю, я яшчэ ў кастрычніку мінулага года засяродзіў увагу на гэтай праблеме і даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта і Ураду ўкараніць ад аблвыканкама да самага нізавога ўзроўню сістэму ўзгаднення кадравых перамяшчэнняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і пацікавіўся, як яна рэалізуецца на месцах, ці дастаткова прынятых мер і ці патрабуюцца дадатковыя.
"Паступова да кіраўнікоў мясцовых органаў і арганізацый прыходзіць разуменне, што запатрабаванне з іх за вынікі работы з кадрамі будзе толькі ўзрастаць. Але пакуль разваротлівасці яўна не хапае. Аблвыканкамы не працуюць як трэба, не кантралююць на належным узроўні дзейнасць раённых і гарадскіх выканкамаў. На месцах часта мы бачым шмат фармалізму, элементарную адсутнасць выканальніцкай дысцыпліны", - звярнуў увагу на недахопы Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно пытанне для абмеркавання, якое абазначыў Аляксандр Лукашэнка, - перасаджванне, перамяшчэнне нядбайных начальнікаў з аднаго кіруючага крэсла ў іншае. Аб такіх фактах Кіраўніка дзяржавы, паводле яго слоў, праінфармавала Адміністрацыя Прэзідэнта. "А дзе рашэнні вашы? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы кадравую работу ажыццяўляеце. Што вы мне ўсё пішаце: там дрэнна і там дрэнна? Вы мяне чарговы раз вымушаеце пра гэта гаварыць і меры прымаць. Дык уносьце прапановы!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і дадаў, што перасаджванне нядбайных кіраўнікоў, якія праваліліся, з аднаго крэсла ў іншае падобна да карупцыі.
Ён адзначыў, што яшчэ ў 2014 годзе Дэкрэтам № 5 была ўведзена забарона працаўладкавання на кіруючыя пасады асоб, звольненых раней па дыскрэдытуючых абставінах. Як далажылі Прэзідэнту, кантроль за гэтай работай наладжаны, хоць, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у гэтай сферы яшчэ ёсць над чым працаваць. "Баюся, што калі я, як па ахове здароўя, прайдуся па гэтым пытанні, то, Ігар Пятровіч (Сергяенка, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), пачынаючы з Вас і заканчваючы іншымі, многія з партфелямі расстануцца", - заўважыў Прэзідэнт.
"Асобныя кіраўнікі пачынаюць ліберальнічаць пры расставанні з няўдалымі ўпраўленцамі, мякка кажучы. Дадумаліся падмяняць падставы іх звальнення. Дазваляюць гора-начальнікам як ні ў чым не бывала зноў "усплываць" на адказных участках работы. Хочуць здавацца добрымі для ўсіх", - прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што сістэма работы з кадрамі вызначана: ніхто не мае права без згоды Прэзідэнта назначыць каго-небудзь са звольненых начальнікаў на новую кіруючую пасаду. І Кіраўнік дзяржавы такія рашэнні часам прымае. "Такіх выпадкаў было нямала. І нямала было ўзгоднена. Нібыта людзі працуюць нядрэнна. Але гэта трэба было вывучыць, каб даць ацэнку тым, хто хадайнічаў (у асноўным гэта губернатары)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта не дзяржаўны падыход, калі мы пачынаем займацца нейкім лібералізмам. Гэта кругавая парука. І адказнасць тут непасрэдная губернатараў і старшынь гар-, райвыканкамаў", - дадаў Прэзідэнт.
У мэтах узмацнення выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці за работу з кадрамі Кіраўнік дзяржавы ўжо ставіў пытанне аб неабходнасці замацавання дзеючага механізма на заканадаўчым узроўні. Такая прапанова паступіла з Адміністрацыі Прэзідэнта ў выглядзе праекта рашэння Кіраўніка дзяржавы. "Сёння таксама яго абмяркуем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хацеў бы пачуць і іншыя рацыянальныя прапановы ад прысутных. Яны павінны датычацца таксама мер стымулюючага характару для прыцягнення і захавання кадравага патэнцыялу краіны".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка на нарадзе адзначыў, што ў краіне дзейнічае шматузроўневая сістэма работы з кадрамі, якая ахоплівае практычна ўсе пытанні камплектавання дзяржаўных органаў і арганізацый. Паводле яго слоў, ёсць неабходная заканадаўчая аснова, якая рэгламентуе работу ўсіх суб'ектаў гэтай сферы адносін. Прынята 10 актаў Кіраўніка дзяржавы, шэраг пастаноў Урада, лакальных дакументаў міністэрстваў і выканкамаў.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў: "Калі мы ўдасканальваем нешта, усякія акты Урада па кадравых пытаннях трэба зняць, гэта не іх справа. Яны там няхай узгадняюць, мы ж без іх не прымаем нічога. Яны няхай уносяць хоць дзясятак кандыдатур вам. Вы аналізуеце, уносіце Прэзідэнту. Я да чаго гэта? Не таму, што не давяраю Ураду. Мы ўмеем любое пытанне размазаць па стале або па ўсёй краіне. Навошта? Ёсць орган, які займаецца кадравай палітыкай. Навошта ў развіццё рашэнняў Прэзідэнта яшчэ нейкія пастановы Урада? Гэта наша бяда".
"Ніякіх адсылачных дакументаў, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Прынялі адзін нарматыўна-прававы акт. І каб чалавек разумеў: вось прынята рашэнне па кадрах, яно вычарпальнае. Ніякіх там адсылачных і даручэнняў".
Прэзідэнт упэўнены, што галоўны крытэрый у ацэнцы кадраў - вынік.
"Гэта наш, дарэчы, вялікі недахоп (і мой таксама). Мы ўсякую размазню пачынаем слухаць. Калі Адміністрацыя недзе недапрацоўвае або не працуе, то ва ўрада з'явіўся, на мой пункт гледжання, крэн - прыгожа расказаць, растлумачыць, упакаваць мудрагеліста і паспрабаваць мне даказаць, што гэта немагчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў у прыклад работу па стварэнні вытворчасці новых боепрыпасаў. Першапачаткова Прэзідэнту дакладвалі, што арганізаваць гэта будзе вельмі складана. Але Кіраўнік дзяржавы даручыў сур'ёзна заняцца гэтым пытаннем, і ў выніку пастаўленыя ім задачы былі выкананы.
"Вы проста не разумееце, з кім маеце справу. Вопыт у мяне ёсць. І крытэрыі мною вызначаны асабіста. Таму не спрабуйце мне тут нешта даказаць. Галоўнае ў ацэнцы кадраў - вынік. Даручана ў кожным раёне рэалізаваць адзін інвестыцыйны праект - рэалізоўвайце. Не рэалізавалі - значыць, вам там рабіць няма чаго, - падкрэсліў Прэзідэнт. - А так мне расказваюць: старшыня райвыканкама не цягне, не дацягвае, вось чуць-чуць, вымову аб'явім, перавыхаваем. Слухайце, вы што? Каго вы перавыхаваеце? Яму ўжо за сорак, пад пяцьдзясят, а вы яго хочаце перавыхаваць. Калі ён на такой пасадзе, якая на вачах ва ўсіх (гэта і губернатараў датычыцца, і членаў Урада - усіх службовых асоб), і калі ён не выдаў вынік, што вы ад яго чакаеце? Чым далей будзе, тым горш".
У якасці яшчэ аднаго прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў стан спраў у сельскай гаспадарцы. Кожную раніцу кіраўнік дзяржавы атрымлівае зводкі з палёў. Прэзідэнт параўнаў: Брэсцкая і Гродзенская вобласці знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых умовах, але ў першай тэмпы работ па нарыхтоўцы кармоў у два разы вышэйшыя.
"У чым справа? Я ж не параўноўваю Гродна і Брэст з Віцебскам. А хто гарантуе Караніку (старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку. - Заўвага), што заўтра ўся яго тэхніка і ён не будуць перакінуты ў Віцебск для таго, каб аказаць падтрымку там? Вы чаго марудзіце? Мне патрэбны вынік, асабліва ў крытычнай сітуацыі, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - У сельскай гаспадарцы сітуацыя няхай не крытычная, але вельмі сур'ёзная. Але гэта мы на наступным тыдні паслухаем Урад, як ён думае з гэтай сітуацыі выходзіць".
"Але гэта так, прыклад. Каб вы разумелі, што, гледзячы на краіну, я ацэньваю работу кадраў і думаю: а чаму няма ў гэтым напрамку руху, вы чаго чакаеце? Таму ніякіх размазванняў, размоў і бойкіх дакладаў не трэба. Патрэбны вынік. І па гэтым крытэрыі будзем ацэньваць усе кадры", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы абмеркавалі работу з кадрамі, сітуацыю на рынку працы, стварэнне новых працоўных месцаў і ўмоў для замацавання кадраў, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Удзельнікі нарады агучылі свае прапановы, Прэзідэнт даручыў іх абагульніць і сістэматызаваць, каб пры неабходнасці распрацаваць комплексны нарматыўны дакумент па сістэме работы з кадрамі або ўнесці змяненні ў дзеючае заканадаўства.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае - не новыя заканадаўчыя акты, якімі б бліскучымі яны ні былі, а адказны падыход да работы кожнага на сваім месцы.