Нарада па актуальных пытаннях аховы здароўя
- 22
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 мая правёў нараду па актуальных пытаннях аховы здароўя.
У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства - кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, губернатары і начальнікі абласных упраўленняў па ахове здароўя, рэктары медыцынскіх ВНУ, галоўныя ўрачы бальніц рознага ўзроўню, дырэктары некаторых рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што анансаваў гэту нараду ў час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, каб вельмі падрабязна разгледзець найбольш вострыя праблемы айчыннай аховы здароўя і прыняць неабходныя рашэнні. "Для гэтага ў гэту залу спецыяльна ў такім шырокім складзе запрошаны прафесіяналы - ад практыкуючага ўрача і нават не да міністра аховы здароўя, а вышэйшых службовых асоб", - адзначыў ён.
"Медыцына - гэта не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складальнік бяспекі любой дзяржавы, тым больш нашай. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе. У любой дзяржаве эканоміка з'яўляецца фундаментам. Без дысцыпліны, без гатоўнасці правільна рэагаваць на сучасныя выклікі не будзе рэальнага суверэнітэту і незалежнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што айчынная сістэма аховы здароўя пацвердзіла сваю жыццяздольнасць і прайшла добрую загартоўку ў перыяд пандэміі. "На фоне іншых дзяржаў больш чым дастойна прайшлі гэта выпрабаванне. На практыцы пацвердзілі жыццяздольнасць нашай сістэмы аховы здароўя. У вашай асобе хачу яшчэ раз падзякаваць усім медыкам за тую нялёгкую працу і яшчэ раз вам нагадаць тое, што я гаварыў у час пандэміі: я вам дзякую не за тое, што вы працавалі (вы за гэта зарплату атрымліваеце - вялікую, малую, але гэта ваш выбар), а за тое, што вы хутка ў вельмі цяжкай сітуацыі, асабліва псіхалагічнага націску, знайшлі метады лячэння гэтага віруса", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя выказаў шэраг нараканняў наконт выкрытых негатыўных фактаў.
"З боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае. Сродкі на медыцыну - рамонт, абсталяванне, зарплаты, лякарствы - выдзяляюцца каласальныя. І, вядома, людзі маюць права бачыць аддачу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я не хачу сказаць, што мы зрабілі ўсё ў ахове здароўя з пункту гледжання дзяржавы. Але параўнайце нас, напрыклад, з найбагацейшай Украінай. Да вайны. Вы ж у кантакце былі з нашымі братамі ва Украіне. Вы бачылі, у якой сітуацыі знаходзілася найбагацейшая Украіна з пункту гледжання аховы здароўя. Прычына адна - улада самаўхілілася ад вырашэння праблем аховы здароўя. Мы ж, сціснуўшы зубы, трывалі. І ўрачы невялікую часам зарплату атрымлівалі, і мы апошняе аддавалі на ахову здароўя. На выпрацоўку сістэмы функцыянавання гэтай найважнейшай галіны жыцця любога грамадства. Даражэй за здароўе ў чалавека нічога няма".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў айчыннай ахове здароўя сапраўды ёсць шэраг дасягненняў і многае робіцца. Напрыклад, у галіне аховы мацярынства і дзяцінства, у транспланталогіі і гэтак далей. "Сёння размова не аб гэтым. Мы гэта ўсё добра ведаем, - сказаў ён. - Два словы (аб гэтых дасягненнях. - Заўвага), калі нехта думае хваліцца. Усё астатняе - ад жыцця".
"Сёння размова пойдзе аб тым, як мы ставімся да нашага народа, як мы ставімся да нашых простых людзей, без якіх нас бы ў гэтай зале не было. А калі канкрэтна: як мы лечым людзей там - у вёсцы, у малых гарадах, пасёлках, аграгарадках, як мы да іх ставімся? Не ў РНПЦ - гэта таксама важна, яны ідуць у авангардзе, павінны паказваць прыклад і вучыць тых, хто непасрэдна на барыкадах", - абазначыў Прэзідэнт асноўнае прынцыповае пытанне для абмеркавання.
Апошнім часам стала паступаць шмат сігналаў аб зніжэнні якасці аказання медыцынскай дапамогі, ды і проста аб адсутнасці належнага парадку ва ўстановах аховы здароўя. Гэтыя факты вывучала створаная па даручэнні кіраўніка дзяржавы незалежная рабочая група.
"На сённяшняй нарадзе мы павінны даць аб'ектыўную ацэнку існуючай сітуацыі і вырашыць, што рабіць далей. Я вас перасцерагаю ад кругавой парукі тут. Пойдзеце адсюль без партфеляў, і пойдзеце не проста да сябе дадому, а ў іншыя месцы. Патрэбна аб'ектыўная ацэнка таго, што адбываецца. Мы не сабраліся тут хваліць і захвальваць адзін аднаго. Прычын для гэтага няма. Акрамя справаздачы незалежнай рабочай групы, даклада міністра я хацеў бы пачуць меркаванне нашых кантралёраў і нашых медыкаў, кіраўнікоў знізу - чаго не хапае. Павінны быць канкрэтныя прапановы. Нам трэба прымаць рашэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што калі па выніках нарады будзе зроблена выснова, што па тых ці іншых напрамках не ўсё добра, то вінаваты ў гэтым не толькі цяперашні Міністр Дзмітрый Піневіч: "Але спытаем і з Караніка (старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, які раней займаў пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя. - Заўвага), які рэкамендаваў яго, і ўсю тую групу, якая сёння ў Міністэрстве аховы здароўя працуе. І які кляўся мне. Я не забыў".
"На стале ў мяне матэрыялы з падрабязнымі справаздачамі экспертнай групы і кантралюючых органаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы не думайце, што я даручыў гэтай групе - і ўсё. У нас ёсць жалезабетонныя законы, якія павінны выконвацца. І за аднастайным і дакладным выкананнем законаў у Беларусі ажыццяўляе кантроль пракуратура. У нас ёсць магутны кантралюючы орган - не толькі ад улады, але і ад народа - Камітэт дзяржаўнага кантролю. І яны не па слядах прайшлі, а паралельна паглядзелі на сітуацыю ў ахове здароўя. І далажылі".
Прэзідэнт расказаў, што, рэагуючы на гэта, Урад прыслаў яму адпіску за подпісам Прэм'ер-міністра і віцэ-прэм'ера. "Але гэта мы з ім асобна будзем разбірацца. Напэўна, забылі, дзе працуюць. Гэта характэрна становіцца для Урада па ўсіх практычна напрамках. Адпіскі мне не патрэбны. Гэта датычыцца Урада і губернатараў, цэнтральных органаў улады", - падкрэсліў беларускі лідар.
"І вы ведаеце, пералапаціўшы гэтыя матэрыялы не адзін раз, што мяне больш за ўсё здзівіла? Тое, што да гэтага часу ёсць недапушчальныя праблемы бардака ў бальніцах, паліклініках, ФАПах: сцены і столі развальваюцца, дзверы перакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. Слухайце, любая ўстанова аховы здароўя павінна быць узорам санітарыі. Прычым такое здараецца нават у педыятрычных аддзяленнях. Паслухайце, але там жа дзеці! Ці гэта не вашы дзеці? Вядома, гэта не вашы дзеці. Але гэта мае дзеці!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ёсць і выпадкі прастойвання дарагога сучаснага абсталявання. "А часам гэта адзіны шанц на выратаванне чыйго-небудзь жыцця!" - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён агучыў факты, што часам такое абсталяванне прастойвае некалькі гадоў без рамонту. "І Міністр аховы здароўя мне бойка адважваецца дакладваць, што ў яго ўсё ў парадку, у яго ўсё схоплена, ён усё адрамантаваў, у яго запчастак хапае. А нехта на нейкія санкцыі пачынае спасылацца. Няма для вас санкцый. Няма!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ведаеце, я разумею, з кім я сёння размаўляю і хто мяне пачуе. Гэта ж белая косць - урачы. Хіба іх можна крытыкаваць? Не! Ну дык запомніце: я ні перад чым не спынюся і парадак тут будзе наведзены! Нават калі палова з вас пойдзе. Але я буду ведаць, з кім я буду працаваць. Сталі нахабнымі да крайняй ступені. Бегаюць вакол начальнікаў ад раённага звяна да Прэзідэнта. Толькі іх прыгожа ўмеем лячыць. А звычайныя людзі, якія ўтрымліваюць гэта ўсё? Апусціцеся на зямлю! Ад нас, хто сядзіць у гэтай зале, залежыць наогул усё ў краіне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Куды глядзяць губернатары? Гэта ж іх перш за ўсё сфера адказнасці - культура, спорт, адукацыя, ахова здароўя. Бальніцы і школы ў вас жа. Куды глядзяць начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя? І ўвогуле, навошта яны вам пры такой рабоце? Кіраўнікі цэнтраў гігіены, старшыні райвыканкамаў... Урад, Міністэрства аховы здароўя ведаюць аб гэтых праблемах ці не? А вось ведаць і кантраляваць вы павінны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тымі пытаннямі, якімі займалася створаная па даручэнні Кіраўніка дзяржавы незалежная рабочая група, павінны штодзень займацца Міністр і яго каманда - Міністэрства аховы здароўя. "Там усе спецыялісты сканцэнтраваны. Гэта яны павінны ствараць групы і камісіі і глядзець, што адбываецца на месцах. Атрымліваецца як заўсёды: куды Прэзідэнт не даехаў, там цішыня ды супакой", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Прэзідэнт запатрабаваў спыніць вольніцу ў пытанні адпрацоўкі медыкаў, якія навучаліся ў ВНУ па мэтавым наборы. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя.
"Як вы збіраецеся ўтрымаць спецыялістаў на месцах, калі там не створаны нармальныя ўмовы для пацыентаў? І для медыкаў таксама. Адсюль і кадравыя праблемы: нібыта рыхтуем дастаткова ўрачоў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце", - даручыў беларускі лідар.
"І ніякіх адгаворак пасля таго, як адвучыўся. Ты павінен пяць гадоў там адпрацаваць. Замуж, яшчэ кудысьці там... Гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы трацім каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў. Ні ў адной сферы такіх затрат няма, а ў нас усё вольніца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ адно адкрыццё для мяне - недастатковы ўзровень падрыхтоўкі і прафесіяналізму ўрачоў. Неяк гэта не стасуецца з запатрабаванасцю нашых спецыялістаў не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Выпрацаваць трэба сістэму спагнання з рэктараў ВНУ. Яны ў нас недатыкальныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як дакладваюць Прэзідэнту, апошнія гады вядзецца інтэнсіўнае навучанне ўрачоў райзвяна высокім тэхналогіям. "Каму вы пускаеце пыл у вочы? Якія высокія тэхналогіі яны асвоілі? Мы ж некалі паўтара дзясятка гадоў таму на маім узроўні зацвердзілі ўсе маніпуляцыі, якія мы павінны праводзіць. Пачынаючы ад ФАПа, участковай бальніцы да РНПЦ. Мы ж вызначыліся", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што сапраўды шэраг высокатэхналагічных аперацый паступова распаўсюджваюць на абласны ўзровень. Але ў раённых бальніцах пералік маніпуляцый, якія выконваюцца, у асноўным застаецца ранейшым. "Сачыце за людзьмі, дапамагайце ім. Асабліва цяжкахворых - мы ж дамовіліся, стварылі міжраённыя цэнтры і практычна завяршылі іх аснашчэнне. І калі, напрыклад, у Шклоўскай бальніцы не могуць навесці парадак, то за 30 кіламетраў Магілёў. Мы ж аб гэтым дамовіліся, стварылі сістэму. Чаму яна не працуе?" - паставіў пытанне беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, што не так у пытаннях кваліфікацыі і падрыхтоўкі медыкаў, у чым прычыны, дзе недапрацоўваюць медыцынскія ўніверсітэты. "Хіба не павінны РНПЦ, абласныя бальніцы аказваць гэтым спецыялістам метадычную дапамогу, навучаць і кантраляваць іх? У тым ліку своечасова падключацца да лячэння цяжкіх хворых, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба іх цягнуць кучай у БелМАПА (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі. - Заўвага) на павышэнне кваліфікацыі. Вязіце ў РНПЦ. І заплаціце тым, хто будзе вучыць гэта звяно раённае, з абласных бальніц і гэтак далей. Там трэба вучыць! Са скальпелем і эндаскопам у руках. Каб яны бачылі, як гэта робіцца. І правялі гэтыя складаныя аперацыі, маніпуляцыі, навучыліся таму, што ўмеем мы наверсе. У нас абсалютны разрыў вось гэтых верхніх навукова-практычных цэнтраў з сярэднім і ніжнім звяном".
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў важнасць забеспячэння якаснай аховы здароўя менавіта на ніжнім і сярэднім узроўні. "Слухайце, як вы не разумееце, што там нашы бацькі. Не ўсе ж вы будзеце з партфелямі тут сядзець. Хутка мы адыдзем, будзем звычайнымі людзьмі. Няўжо вы не разумееце, што мы трапім у такую сітуацыю. Да нас будуць гэтак жа ставіцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці вострай праблемы Кіраўнік дзяржавы абазначыў даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў вёсцы. "Я вам ніколі за вёску не дарую. Ніколі! Запомніце гэта. Перш за ўсё губернатары. Я з вас шкуру здзяру, але вы наведзяце там парадак!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Асобна Прэзідэнт закрануў тэму аптымізацыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў падыходзіць да пытання ўзважана, абдумана, зыходзячы ў першую чаргу з інтарэсаў людзей і мэтазгоднасці. "Закрывайце, аптымізуйце, ніхто не супраць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але вы ж спачатку комплексы на колах завязіце, якімі вы хочаце замяніць ФАПы (размова аб перасовачных медыцынскіх комплексах. - Заўвага), а потым закрывайце". А што датычыцца аргумента аб эканоміі фінансавых сродкаў за кошт аптымізацыі ФАПаў, то Прэзідэнт заўважыў, што затраты на іх утрыманне не настолькі вялікія, калі штат супрацоўнікаў там зусім невялікі. "І што, нам такія дарагія гэтыя ФАПы? Адзін чалавек ходзіць, фельчар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На прыкладзе Расіі, дзе спачатку закрылі такія медустановы на месцах, а потым усвядомілі памылковасць такіх рашэнняў і спрабуюць іх цяпер вярнуць, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што аптымізацыя павінна быць добра абдуманай: "Яны пазакрывалі, а цяпер спрабуюць гераічна назад вярнуцца. Мы што робім? Разбярыцеся. ФАПы, участковыя бальніцы… Там жа нашы людзі жывуць".
"Неадкладна разбярыцеся! Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. - Заўвага), вы кантралюеце гэту сферу, падключыцеся", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
У час нарады Прэзідэнт зрабіў акцэнт на пашырэнні вытворчасці айчынных прэпаратаў.
"Што робіцца для дастатковага забеспячэння лякарствамі насельніцтва, у тым ліку сельскіх жыхароў?" - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў мерапрыемства.
"З лякарствамі поўны бардак. Хто хоча - той бярэ, хто хоча - той нясе, куды захоча - туды і нясе", - выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Асобна Кіраўнік дзяржавы спытаў аб мерах, што прымаюцца для пашырэння айчыннай вытворчасці запатрабаваных прэпаратаў. Апошнім часам, на думку Прэзідэнта, гэтаму пытанню не ўдзяляецца належнай увагі. "У час Жарко (Васіль Жарко, былы Міністр аховы здароўя. - Заўвага) далажылі: больш за 50% пачалі вырабляць уласных прэпаратаў. І спыніліся, ляжым і не варушымся", - акрэсліў праблему беларускі лідар.
Галоўным паказчыкам эфектыўнасці работы сістэмы аховы здароўя з'яўляецца не колькасць справаздач, а людзі, якім дапамаглі захаваць здароўе і жыццё, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Бюракратызацыя - тое, чаго быць наогул не павінна ў ахове здароўя. Галоўны паказчык эфектыўнасці вашай работы - не колькасць справаздач, а людзі, якім вы дапамаглі захаваць здароўе, а часам і жыццё. Не бывае не важных пацыентаў, усе важныя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт запатрабаваў асаблівую ўвагу ўдзяляць не толькі лячэнню, але і ранняй дыягностыцы захворванняў, дзякуючы якой у шэрагу выпадкаў можна захаваць чалавеку здароўе. "Гэта што за "гераізм", калі ў вас кожны пяты чалавек з пачатку года ад анкалогіі памірае? - строга спытаў Прэзідэнт. - Не вашы сваякі, гэта зразумела. Чаму паміраюць? Таму што вы своечасова дыягностыку не ажыццявілі, таму што не паехалі, як у савецкія часы, да людзей і не паглядзелі, што ў яго за захворванне. Калі мы рак выяўляем на ранняй стадыі, людзі па 8-10 гадоў жывуць".
Галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская, якая кіравала міжведамаснай рабочай групай, на нарадзе далажыла аб выніках праверкі эфектыўнасці функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання медыцынскай дапамогі. Яна расказала, што рабочая група з лютага па сакавік 2023 года наведала 81 лячэбную ўстанову ва ўсіх абласцях і Мінску. Выбіраліся яны выпадкова. "Вынікі работы групы даволі дакладна адлюстроўваюць сітуацыю ва ўсёй сістэме аховы здароўя краіны. Нягледзячы на тое, што ў цэлым работа сістэмы аховы здароўя можа быць прызнана здавальняючай, быў выяўлены шэраг праблем, якія маюць сістэмны характар і ўплываюць на якасць і даступнасць аказання меддапамогі", - сказала яна.
Найбольш аб'ёмны блок недахопаў - у частцы арганізацыйна-кіраўніцкіх пытанняў. Былі адзначаны таксама недастатковы ўзровень падрыхтоўкі галоўных урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў і іх намеснікаў, нізкая працоўная і выканальніцкая дысцыпліна, фармальны падыход да распрацоўкі лакальных нарматыўных дакументаў, дарожных карт па накіраванні і размеркаванні патокаў пацыентаў паміж установамі раёна і вобласці без вызначэння канкрэтных адказных асоб.
"У цэлым нарматыўна-прававая база сістэмы аховы здароўя патрабуе дасканалай экспертызы, аналізу і перагляду з пазіцыі практыкапрымянення і зваротнай сувязі з практычным звяном аховы здароўя", - звярнула ўвагу кіраўнік групы.
Асобна яна закранула пытанне акрэдытацыі медыцынскіх устаноў. Паводле яе слоў, пры такім падыходзе акрэдытацыя несвоечасовая і мае фармальны характар, а яе вынікі не ўплываюць на работу ўстаноў, якія, з'яўляючыся адзінымі ў сваіх населеных пунктах, у любым выпадку працягваюць функцыянаваць.
Ірына Абельская падкрэсліла, што востра стаіць пытанне ўкамплектаванасці кадрамі, рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду, медабсталявання. Пры даволі высокім узроўні забяспечанасці ўрачэбнымі і сястрынскімі кадрамі ў параўнанні з іншымі краінамі захоўваюцца экстэнсіўныя падыходы да кадравага забеспячэння.
Паводле яе слоў, у пераважнай большасці наведаных лячэбных устаноў медыцынскія работнікі ў размове адзначалі, што задаволены і заработнай платай, і вырашэннем жыллёвых пытанняў, і забеспячэннем вырабамі медыцынскага прызначэння, медабсталяваннем. "Нягледзячы на шэраг выяўленых недахопаў, у тым ліку і сістэмных, ахова здароўя Беларусі функцыянуе і выконвае сваю асноўную задачу. Але шмат у чым - за кошт пэўнага запасу трываласці і істотных рэсурсаў, якія дзяржава траціць на яе ўтрыманне", - падкрэсліла галоўны ўрач.
У ліку недахопаў была адзначана адсутнасць адзінага падыходу ў пытаннях падпарадкаванасці лячэбна-прафілактычных устаноў, бальніц.
Прэзідэнт у адказ звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо выбудавана кіраўніцкая вертыкаль улады і неабходнасці ў яе пераўтварэнні няма. "Сістэма тут мною калісьці была створана. Іншая справа, што гэта ўсё забыта і закінута. Губернатары павінны адказваць непасрэдна за вобласць. Культура, спорт, адукацыя, ахова здароўя ў іх. Яны павінны стварыць сістэму прызначэння, вызвалення. А вось закупкі і іншае ў нас ажыццяўляюцца з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў. І вось тут Міністэрству аховы здароўя ніхто не перашкаджае, не забараняе, яны павінны ўсё гэта ўзгадніць. Але пафігісцка-наплявацельскае стаўленне міністра да гэтага стварыла вось такую катавасію", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта значыць, нібыта сістэма створана ў нарматыўным плане, але яна не функцыянуе, таму што галава не працуе. А калі б галава працавала ў выглядзе віцэ-прэм'ера, Міністра аховы здароўя, тады ўсе варушыліся б. Таму перш чым ламаць - трэба аднавіць. Аднавіць тое, што некалі было створана", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Асобна яна закранула пытанне акрэдытацыі медыцынскіх устаноў. Паводле яе слоў, пры такім падыходзе акрэдытацыя нясвоечасовая і мае фармальны характар, а яе вынікі не ўплываюць на работу ўстаноў, якія, з'яўляючыся адзінымі ў сваіх населеных пунктах, у любым выпадку прадаўжаюць функцыянаваць.
Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць адназначны падыход да правядзення акрэдытацыі лячэбных устаноў, паколькі ад іх стану залежыць якасць аказання дапамогі людзям. Пры гэтым важна, каб стан гэтых установаў нават у аддаленых рэгіёнах адпавядаў пэўным стандартам.
"Акрэдытоўваць, не акрэдытоўваць... На злобу: ні Прэзідэнт, ні Ігар Пятровіч (Сергяенка, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага) туды аперыравацца не паедуць. Ну і акрэдытавалі. А як ужо там будуць - малаінвазіўна або сякерай сячы гэтага чалавека, або скальпелем рэзаць - пляваць на гэта на ўсё, гэта далёка", - адзначыў Прэзідэнт.
"Аляксандр Мікалаевіч (Косінец. - Заўвага), вазьміце на кантроль, Вы спецыяліст у гэтым. Каб да канца года акрэдытавалі па-сапраўднаму ўсе лячэбныя ўстановы. Калі дзверы перакошаны, няхай губернатар свае прынясе і паставіць. Калі лякарстваў не хапае, спецыялістаў, нечага іншага, няхай да канца года зробяць і акрэдытуюць. Вазьміце гэта на кантроль, па сваіх прынцыпах, жалезабетонна. Устроілі фармалізм!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Адным з сур'ёзных недахопаў, выяўленых рабочай групай у сістэме аховы здароўя, стаў фармальны падыход да правядзення дыспансерызацыі насельніцтва. Як адзначыла Ірына Абельская, людзей не выклікаюць масава ў паліклінікі для актыўнага апытання і анкетавання, а прымаюць для дыспансерызацыі толькі тых, хто звярнуўся сам па тых ці іншых прычынах. "Пераважная большасць звяртаюцца ў паліклінікі па факце захворвання. І ім праводзіцца ўжо дыспансерызацыя па факце захворвання. Гэту работу (па дыспансерызацыі. - Заўвага) трэба праводзіць, але яна патрабуе на сённяшні дзень аналізу і растлумачэння на месцах, як трэба працаваць, а таксама камп'ютарызаваных працоўных месцаў. Інакш гэта зноў фармальны падыход да правядзення гэтага важнага мерапрыемства", - звярнула яна ўвагу.
"І як вынік, толькі што было сказана, - кожны пяты ў нас на працягу года памірае ад раку", - удакладніў Прэзідэнт.
Галоўны ўрач наконт гэтага растлумачыла: каля 20% - гэта гадавая смяротасць, гэта значыць, калі на працягу года выяўлена ўпершыню 100 чалавек з анкалагічным захворваннем, то з іх гэты працэнт на працягу першага года памірае, таму што захворванне выяўлена на позніх стадыях.
У сваю чаргу Уладзімір Каранік (губернатар Гродзенскай вобласці, які раней доўгі час працаваў анколагам і кіраваў Мінскім гарадскім анкадыспансерам. - Заўвага) заўважыў, што негатыўны ўклад у сітуацыю з раннім выяўленнем анказахворванняў унесла пандэмія. Людзі радзей звярталіся да ўрачоў па іншых падставах, і, як вынік, выяўленне анкалагічных хвароб знізілася на 14% у параўнанні з дапандэмійным перыядам. "Наша задача на бліжэйшыя год-два - максімальна аператыўна гэтых пацыентаў з пачатковым праяўленнем, якіх цяпер нічога не трывожыць і яны не звяртаюцца, знайсці і выявіць, пакуль яны не перайшлі ў 3-ю і 4-ю стадыі", - сказаў Уладзімір Каранік.
"Растлумач, гэта нармальна, калі жанчына памірае ад раку грудзей і раку шыйкі маткі? - звярнуўся да яго Кіраўнік дзяржавы. - Мы ж гэта лячыць можам і выратаваць чалавека. Я многіх людзей ведаю, мне давялося ўнікаць, лячыць такіх людзей, якія жывуць ужо восьмы-дзявяты год".
"Па раку шыйкі маткі - абсалютна згодны з вамі, ненармальна, - адказаў Уладзімір Каранік. - На сённяшні момант ёсць усе магчымасці для ранняга выяўлення. Тое, што датычыцца раку малочнай залозы, ад 5% да 7% - гэта спадчынная схільнасць. Гэта дэфект проціпухліннай абароны, і, на жаль, ва ўсіх краінах на гэты працэнт мы паўплываць не можам. Гэта, як правіла, ранні агрэсіўны рак у маладых жанчын, які дрэнна паддаецца лячэнню".
"Гэта значыць, у нас узровень смяротнасці ад раку малочнай залозы лепшы, чым ва ўсім свеце?" - спытаў Прэзідэнт.
"Па многіх паказчыках не горшы, - сказаў у адказ Уладзімір Каранік. - Мы павінны разумець, што гэта дасягаецца часта вельмі дарагім лячэннем".
"Не толькі Міністр (аховы здароўя. - Заўвага), але і ты галавой адкажаце за жаночыя хваробы. І вы мне тут не расказвайце радасныя карціны. Мы адказваем за жанчын", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыла галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Абельская, у ходзе праверак група сутыкнулася з недастатковым прафесійным узроўнем некаторых работнікаў лячэбных устаноў. Адна з прычын гэтага, на яе думку, - фармальны і абыякавы адукацыйны працэс на ўзроўні паслядыпломнай адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў медыцынскіх універсітэтаў.
"Гэта значыць універсітэты і БелМАПА працуюць няважна?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Сказаць адназначна, што яны працуюць дрэнна, вядома, нельга. Тут шмат залежыць ад матывацыі студэнтаў і ўрачоў, якія прыходзяць на курсы, ад кратнасці гэтых курсаў", - адказала Ірына Абельская. Паводле яе слоў, востра стаіць пытанне перагляду, абнаўлення праграм падрыхтоўкі спецыялістаў і кантролю ведаў. "Напэўна, няма ніводнага спецыяліста, які прайшоў падрыхтоўку або курсы павышэння кваліфікацыі, якому паставілі б нездавальняючую адзнаку або адлічылі па выніках заліку або экзамену пасля заканчэння курсаў. Тое ж датычыцца і студэнтаў медуніверсітэтаў, асабліва тых, хто набраны па мэтавай падрыхтоўцы", - заўважыла яна.
Неабходна ўзмацніць і практычную падрыхтоўку спецыялістаў, падкрэсліла Ірына Абельская. "Немагчыма навучыцца сучасным тэхналогіям, якія падмацоўваюцца закупкай дарагога медыцынскага абсталявання, калі ты будзеш проста стаяць ля хірургічнага стала і глядзець, - сказала яна. - Толькі адпрацоўка практычных навыкаў. І мы спадзяёмся, што ў бліжэйшы час усё ж будзе ўведзены рэспубліканскі сімуляцыйна-атэстацыйны цэнтр, які дасць магчымасць нашым спецыялістам адпрацоўваць практычныя навыкі".
"Падрыхтоўка спецыялістаў практычнай аховы здароўя павінна праводзіцца ў адукацыйных навукова-практычных цэнтрах, дзе свежая думка, веды, якія ідуць у нагу з сучаснымі тэарэтычнымі і практычнымі навыкамі. І трэба вярнуць стажыроўку на працоўным месцы. Калісьці яна была. Сёння такой узаконенай формы павышэння кваліфікацыі няма", - звярнула ўвагу галоўны ўрач.
"Я сказаў бы: толькі стажыроўка на працоўным месцы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Там будзе і тэорыя, і практыка, таму што больш, груба кажучы, чым Румо (Алег Румо - дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. - Заўвага), ніхто не ведае ў транспланталогіі ні па тэорыі, ні па практыцы. Я гавару "Румо" ўвогуле. У яго там каманда людзей, якія ведаюць тэарэтычна і практычна больш (у гэтай галіне медыцыны, чым хто-небудзь яшчэ. - Заўвага), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Што вы іх збіраеце ў школьную або студэнцкую аўдыторыю і пачынаеце там распінацца, лекцыі чытаць? Хто лепш за каманду Румо пра транспланталогію раскажа?"
Сітуацыю ў сферы аховы здароўя таксама вывучылі Камітэт дзяржаўнага кантролю і Генеральная пракуратура. "Паралельна рабоце камісіі мною былі задзейнічаны і іншыя інструменты. Але я заўсёды папярэджваў, што карыстаюся не адной крыніцай інфармацыі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня КДК Васіль Герасімаў у час нарады далажыў аб выніках маніторынгу. Ён звярнуў увагу на шэраг выкрытых праблем. У першую чаргу размова ішла аб вялікіх тэрмінах чакання медыцынскіх даследаванняў. Напрыклад, недзе зламаўся апарат МРТ, і пацыента, замест таго каб накіраваць у іншую паліклініку, прымушаюць чакаць некалькі месяцаў, а тое і год.
Прэзідэнт выказаў недаўменне, чаму ва ўстановах аховы здароўя так ставяцца да людзей: "Гэта безадказнасць. Гэта ваша расхлябанасць. Інакш не скажаш. Вам напляваць, што чалавек памрэ праз тры дні. Шарлатаны!"
Васіль Герасімаў прывёў яшчэ некалькі прыкладаў. "Не забяспечваецца правядзенне абавязковых даследаванняў. Жанчыны Бялыніцкага раёна абследуюцца на мамографе толькі на платнай аснове ў абласным дыягнастычным цэнтры. Да стаматолага дзяцей паліклінікі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы запісваюць толькі два разы ў месяц. У Быхаве дзецям дашкольнага ўзросту не праводзяцца абавязковыя даследаванні сэрца. Чакаюць больш за 20 месяцаў", - пералічыў ён.
"Сэрца даследаваць - пяць мінут усяго трэба! Як можна цярпець вось такое безадказнае стаўленне! Трэба за руку ўзяць гэтага чалавека з праблемай і весці адразу да губернатара. Ён распарадзіцца, дзе абследаваць гэтага чалавека. Уначы, удзень, дзе хочаце. Падняць урача і даследаваць. Ну чым гэта можна растлумачыць?" - абурыўся Прэзідэнт сітуацыяй, што склалася.
Паводле інфармацыі КДК, у дзяржустановах аховы здароўя не арганізавана кругласутачнае выкананне даследаванняў. "Мы такую магчымасць аддаём для заработку прыватным цэнтрам. Часта гэта звязана нават з суботай і нядзеляй - немагчыма прайсці тыя ці іншыя даследаванні, - заўважыў кіраўнік ведамства. - Не ў поўнай меры вырашана пытанне высокага кошту платных медыцынскіх паслуг. Калі па некаторых паслугах мы ўжо дабіліся зніжэння, то па некаторых яны (цэны на паслугі. - Заўвага), на нашу думку, зашкальваюць. Напрыклад, стаматалагічныя паслугі. Міністэрствам аховы здароўя ўстаноўлены тарыф. Некаторыя ўстановы завышаюць яго ў 35 разоў, у 20. Таму што яны маюць выключна рэкамендацыйны характар. І наша прапанова была - устанаўленне гранічных цэн".
Нездавальняючай Камітэт дзяржкантролю лічыць і работу холдынга "Белфармпрам" па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці. "Развіццё фармпрадпрыемстваў, мякка кажучы, запаволілася. Асартымент лякарстваў практычна не пашыраецца. У 2022 годзе зарэгістравана 235 прэпаратаў, з якіх толькі 30 - айчыннай вытворчасці, - праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы Васіль Герасімаў. - Не нарошчваецца вытворчасць інавацыйных, у тым ліку анкалагічных прэпаратаў. У рэспубліцы вытворчасцю анкапрэпаратаў займаюцца шэсць вытворцаў. І гэта ўсяго толькі 11% ад таго, што закупляе Міністэрства аховы здароўя. Усё астатняе - 70% - на суму 86 млн мы імпартуем за кошт бюджэту".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу ўрада на сітуацыю ў гэтай сферы. Прэзідэнт заўважыў, што самыя простыя вырабы закупляюцца за мяжой, хоць можна было б даўно наладзіць іх вытворчасць у Беларусі. "Гэта ж элементарнае. Гэта так званае імпартазамяшчэнне", - падкрэсліў ён.
У ліку дакладчыкаў у час нарады выступіў і Генеральны пракурор Андрэй Швед. Нагляднае ведамства паралельна са спецыяльна створанай рабочай групай і Камітэтам дзяржаўнага кантролю правяло сваю праверку ўстаноў аховы здароўя.
"Нягледзячы на Вашы канкрэтныя даручэнні навесці парадак у гэтай сферы, дадзеныя ў снежні мінулага года, сёння ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў мы адзначаем, што належныя меры па іх выкананні не прымаюцца, - падкрэсліў Генпракурор. - Міністэрствам аховы здароўя не прыняты сістэмныя меры па вырашэнні праблем, якія назбіраліся. Ведамству неабходна забяспечыць рэальную каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый у галіне аховы здароўя, у тым ліку з дапамогай прававога рэгулявання".
Андрэй Швед адзначыў наяўнасць праблем у рабоце фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Гэта бліжэйшыя для сельскіх жыхароў медыцынскія падраздзяленні. Недзе іх спрабуюць замяніць перасовачнымі медыцынскімі комплексамі, але гэта адбываецца не заўсёды належным чынам: ФАП закрываюць перш, чым паспяваюць паставіць у раён перасовачны медпункт, і вяскоўцам даводзіцца звяртацца па дапамогу ў суседнія вёскі.
Сярод выяўленых праблем - адсутнасць у некаторых установах аховы здароўя ўмоў для правядзення скрынінгу анкалагічных захворванняў, вялікія тэрміны чакання розных даследаванняў, недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыя і пагоня за паказчыкамі. Але некаторыя факты ўразілі нават Генпракурора.
"У бягучым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на памыйніцу прыдатныя для ўжывання вакцыны супраць COVID-19. 6 405 упаковак знойдзена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай вобласці. Пачынаем разбірацца, узбуджаны крымінальныя справы, будзе дадзена прававая ацэнка. Але пакуль, папярэдне, на паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыкавідных прэпаратаў перавышае Br180 тыс.", - адзначыў Андрэй Швед.
Ён таксама звярнуў увагу на карумпіраванасць сферы аховы здароўя. Па выніках мінулага года і ў бягучым пракурорамі ўжо ўзбуджана больш за 60 крымінальных спраў. Прычым размова ідзе не толькі пра хабарніцтва. "У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя выкарыстоўваюць выдзеленыя па вашым даручэнні так званыя кавідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700%. А тым медыцынскім сёстрам, якія якраз і працавалі ў кавідных аддзяленнях, - 27-29%. Гэта здзек над людзьмі, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах", - падкрэсліў Генпракурор.
"Я вось сяджу і думаю, мы наогул можам па-чалавечы да сваіх людзей ставіцца ці не? - адрэагаваў на даклад Генеральнага пракурора Аляксандр Лукашэнка. - Я чалавек такі, сам асабіста праводжу некаторыя эксперыменты. Памятаеце Сірыю. Турцыя, Сірыя. Асабліва Сірыя мяне непакоіла - бедная, разбітая краіна, вайна ідзе даўно. Землетрасенне - трэба было дапамагчы. Я распарадзіўся перакінуць туды брыгаду, папрасіў у Пуціна самалёты (дзякуй яму: ён прадаставіў за свой кошт нам гэтыя самалёты). Гэта ў асноўным ваенныя былі ўрачы, так? Слухайце, люба-дорага было паглядзець. І не толькі Башар Асад, Прэзідэнт, мне падзякаваў за гэта".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў тых умовах дапамога беларускіх медыкаў аказалася вельмі дарэчы: "Вайна, якая медыцынская дапамога, там наогул нічога не было. І людзі туды рынуліся. Нашы прымалі ўсіх. Каму таблетку, каму тэмпературу, каму зуб вырвалі. Рабілі ўсё. І там чэргі, чэргі, чэргі былі. Суткамі працавалі. Самае пазітыўнае стаўленне да нашых урачоў. Гэта аб чым сведчыць? Аб тым, што мы можам. Мы ўмеем, калі патрэбна. Чалавеку ж часам элементарнае трэба. І размова сёння ідзе аб гэтым звяне - вяскоўцы, малыя гарады, аграгарадкі, раённыя цэнтры. Аб гэтых людзях ідзе гаворка. Ім патрэбна такое стаўленне".
"Дык гэты ж шпіталь перакінуты за тысячы кіламетраў, імгненна разгорнуты. Якая там медыцынская дапамога, не ведаю, але як задаволены былі людзі. А ў нас жа цэнтры, раённыя бальніцы, якія мы гладзім, чысцім. Нібыта, як аказалася. Няўжо раён не можа цэнтральную бальніцу прывесці ў парадак? Гэта бязладнасць губернатараў і вашых падначаленых. Толькі ў гэтым прычына. Любы дасць няшчасную капейку для таго, каб бальніцу гэту прывесці ў парадак, таму што сам туды некалі загрыміш. Гультаі! Глядзіце, каб непасрэдна з пракурорам не давялося размаўляць", - папярэдзіў беларускі лідар.
"Як вынік: праз тыдзень у мяне на стале дакумент - або распараджэнне, або пратакол даручэнняў. Збярыце стэнаграму, усё, аб чым гаварылі. Усё павінна быць прапісана. Тэрмін адзін - 1 студзеня будучага года, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады. - Усе недахопы, пра якія тут гаварылі, да 1 студзеня павінны быць ліквідаваны. За подпісам Прэзідэнта павінен быць дакумент, абавязваючы ўсіх - ад Урада да ФАПа".
Выкананне ўсіх даручэнняў павінна быць узята на кантроль, запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. Адказныя за гэта - КДК і Генеральная пракуратура. "Не дай бог, мне даложаць, што вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, крыўдуйце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў захаваць рабочую групу, якая вывучала сітуацыю ў ахове здароўя. Ёй да канца года трэба яшчэ раз правесці маніторынг тых устаноў, якія былі ўзяты на заметку.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на падрыхтоўку кадраў, даручыўшы правесці рэвізію ў медыцынскіх універсітэтах. "Максімальна паглядзіце на іх. Рэктараў і кіраўніцтва ВНУ трэба ўзварухнуць, не разварушваюцца - унясіце прапановы па замене. Усіх, значыць, усіх. Гэта недапушчальна, усё пачынаецца адтуль", - адзначыў ён.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння ідзе размова не пра поспехі беларускай аховы здароўя і далейшае развіццё высокатэхналагічных навукова-практычных цэнтраў - з гэтым праблем няма. Цяпер важна навесці парадак у звычайных паліклініках у невялікіх гарадках, раёнах і вёсках. "Гэта ж нашы людзі. І вы што, думаеце, я вам дарую такое стаўленне да сваіх людзей? Ды ніколі ў жыцці! - заявіў беларускі лідар. - Ім патрэбна дапамога. А мы іх пераканалі ў тым, што калі дыягназ "рак" - смерць. І яны з гэтым пагадзіліся. Гэта жудасна, гэта недапушчальна. Кожны чалавек павінен змагацца за сваё жыццё. Мы гэта людзям павінны ўбіць у галаву, і яны з нас павінны патрабаваць".
Частка даручэнняў ускладзена і на старшынь аблвыканкамаў: ім трэба заняцца матэрыяльнай базай устаноў аховы здароўя.
"Па ўсіх напрамках дадзены мною даручэнні. І не давядзі гасподзь там не будзе чагосьці зроблена. Падключайцеся і пачынайце працаваць. У адваротным выпадку я нікога не пашкадую. А калі нехта думае, што я паміраць сабраўся, супакойцеся. Супакойцеся. Гэта не больш, чым пустыя размовы ў мэсэнджарах і тэлеграм-каналах. Адэнавірус ці што там было? Адэнавірус. Нічога. Каранік усміхаецца: лечыцца тры дні. Але паколькі ў мяне не было магчымасці лячыцца (то ў Маскву трэба, то суботнікі, то ў Гродна, потым Гомель), усё гэта накапілася. Таму паміраць я не збіраюся. Вы яшчэ мучыцца са мной будзеце вельмі доўга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі б не маглі, з вас і запатрабавання не было б. Але мы ж можам. Самазаспакаення не будзе. Мы ствараем сваю краіну. Мы многае зрабілі. Давайце гэта дашліфуем, каб дзецям дасталася. Вазьміцеся за справу", - дадаў Прэзідэнт.
Завяршаючы нараду, Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу яшчэ на адным пытанні. "Мне сказалі (я не паверыў, але даручыў аператыўна праваахоўным органам паглядзець): у нас пайшоў ужо накат на некаторых членаў камісіі. Хутка на дзяцей, на сваякоў пяройдуць. Кругавая парука - а тут яна разарвалася. Не дай бог! Нават размаўляць з вамі не будзем. Гэта людзі, якіх я накіраваў. Я буду рэагаваць вельмі жорстка", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.