Нарада па бягучых пытаннях уступнай кампаніі
- 14
- 14:52
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў 6 чэрвеня нараду па бягучых пытаннях уступнай кампаніі.
У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства - Міністр адукацыі Андрэй Іванец, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, прадстаўнікі профільных камісій абедзвюх палат парламента, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі рознага ўзроўню. На нарадзе падрабязна разабралі праблемныя моманты ў адукацыі і абмеркавалі дакладны механізм сістэмы адбору і паступленні ў ВНУ на будучыню.
Кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў, што ў ходзе нарады не збіраецца заслухоўваць даклады і разбірацца ў непарадку пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену.
"Мяне больш цікавіць, як будзем жыць далей. Гэту праблему (падліку вынікаў ЦЭ. - Заўвага) мы вырашылі. Людзі разумеюць, як мы балы лічым, пераводзім, не пераводзім. Зрабілі сістэму больш зразумелай, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не у гэтым пытанне (гэта важна, мы пра гэта яшчэ пагаворым), а ў тым, як мы будзем далей ажыццяўляць набор нашай моладзі ў ВНУ".
"Для чалавека самае галоўнае - здароўе і адукацыя. Няма здароўя і адукацыі - няма чалавека. Гэта аснова маіх перажыванняў наконт аховы здароўя і адукацыі", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца сістэмы аховы здароўя, то тут, паводле слоў Прэзідэнта, нібыта, разабраліся: "Пастаўлены канкрэтныя задачы і тэрміны - да 1 студзеня (2024 года. - Заўвага) ахова здароўя павінна прыйсці да ладу". Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў адсутнасць значных зрухаў на гэтым этапе. "Пакуль я не бачу, што там на поўную моц разгарнуліся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, Ігар Віктаравіч (Петрышэнка, віцэ-прэм'ер. - Заўвага), перш за ўсё Вас і Прэм'ера папярэдзіць: глядзіце, каб не было балюча".
Вядзецца пастаянны кантроль за тым, як выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы, аднак "ніхто сёння моцна не разгарнуўся", заўважыў Прэзідэнт. "Я вам раю пачаць выконваць мае даручэнні па ахове здароўя. І рыхтуйцеся да разборак па сістэме адукацыі. Паступленне ў ВНУ дзяцей - гэта першараднае пытанне будзе да сістэмы адукацыі, самае галоўнае пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт на нарадзе запатрабаваў звярнуць сур'ёзную ўвагу на мэтавы набор у ВНУ.
"Я хачу папярэдзіць па мэтавіках: людзі павінны разумець, што яны атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца на канкрэтнае месца працы, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Замуж - не замуж, усё роўна адпрацаваць трэба. Вядома, мы па-чалавечы будзем падыходзіць. Але мэтавікі павінны дакладна разумець, што ім давядзецца, згодна з дамоўленасцю, адпрацаваць пэўны час. І гэты час павінен быць салідным. Не два-тры гады, а мінімум пяць гадоў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што мэтаваму набору трэба ўдзяліць сур'ёзную ўвагу. "Ад гэтага мы нікуды не дзенемся, таму што нам патрэбны і настаўнікі, і ўрачы, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія жадаюць паступаць у ВНУ і несці абавязацельствы па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае, таму трэба падтрымліваць. У асноўным гэта дастойныя людзі, якія ідуць і працуюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Міністр адукацыі Андрэй Іванец, менавіта такіх падыходаў і прытрымліваюцца пры правядзенні ўступнай кампаніі. "Мэтавіком павінен быць не толькі матываваны, але і падрыхтаваны абітурыент", - сказаў ён.
У кожную прыёмную камісію ўключаны настаўнік-прадметнік. Гэта важнейшы аспект, таму што ў прафесара могуць быць завышаныя патрабаванні да абітурыентаў, адзначыў Міністр адукацыі. "Забяспечана аўдыя-, відэафіксацыя. Забяспечаны камфортныя ўмовы, каб абітурыенты не чакалі па тры, пяць, дзесяць гадзін пад дзвярамі. На працягу гэтага тыдня ўжо мы ўбачым вынікі прыёму вуснага экзамену і зможам зрабіць прапановы па далейшым удасканаленні гэтага напрамку прыёму дакументаў", - адзначыў Андрэй Іванец.
Ён падкрэсліў, што цэнтралізаваны экзамен у першую чаргу з'яўляецца формай падагульняючай атэстацыі за курс сярэдняй школы і дае магчымасць убачыць фактычны зрэз ведаў кожнага выпускніка. "Гэта для нас вельмі сур'ёзны і важны інструмент кіравання сістэмай школьнай адукацыі. Я хацеў бы адкрыта сказаць: гэты інструмент дакладна адкажа на тры пытанні: чаму вучым, як вучым і хто вучыць. Для гэтага ў нас ёсць увесь неабходны інструментарый", - заявіў Міністр.
Андрэй Іванец падкрэсліў, што ў гэтым годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў цэлым плануецца прыняць больш за 50 тыс. чалавек. "З іх 28,4 тыс. - на бюджэтныя месцы. Хацеў бы адзначыць, што гэта павелічэнне на 600 месцаў. Сёння дзяржава зацікаўлена ў тым, каб рыхтаваць спецыялістаў. Мы з'яўляемся сацыяльна арыентаванай дзяржавай і забяспечым неабходныя ўмовы", - сказаў ён.
Пры гэтым набор на платную форму навучання ў ВНУ скарочаны на 1,5 тыс. чалавек, адзначыў Міністр. "У гэтым годзе ён складзе 23,5 тыс. Але пры гэтым мы на тысячу месцаў павялічылі прыём у каледжы на бясплатнае. Калі малады чалавек хацеў паступіць ва ўніверсітэт на платнае, мы сёння даём магчымасць паступіць у каледж. Пасля каледжа - калі ласка, паступай ва ўніверсітэт", - дадаў ён.
Сярод новаўвядзенняў - і зніжэнне набору ў сталічныя ВНУ. Ён скараціўся больш як на 500 месцаў. Аднак разам з тым на 10% павялічаны набор на медыцынскія спецыяльнасці, на 4,5% - на педагагічныя.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ім былі дадзены даручэнні Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта дасканала разабрацца ў ацэньванні вынікаў тэсціравання. "Праверка паказала, што тэхнічнага збою не было, сістэма падліку балаў, якая прымянялася на цэнтралізаваным тэсціраванні з 2019 года, спрацавала правільна, і я не сумняваюся ў тым, як вы там лічылі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць: ні будучыя студэнты (абітурыенты), ні бацькі, ні іншыя людзі - што вы там нахамуталі, напрыдумвалі".
Стварыць трэба было дакладную, зразумелую, простую сістэму, падкрэсліў Прэзідэнт, а замест гэтага яе зрабілі вельмі мудрагелістай. "Вы яе стварылі самі для сябе", - адзначыў ён.
Акрамя таго, былі выяўлены нестыкоўкі паміж вынікамі рэпетыцыйнага тэсціравання і цэнтралізаванага экзамену. "Людзі ж супаставілі і бачаць, што хлопец або дзяўчына, якія атрымалі больш балаў, апынуліся ў горшым становішчы", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.
А калі ўжо была зроблена нейкая памылка, не трэба баяцца гэта прызнаць, упэўнены Прэзідэнт. Важна своечасова прыняць неабходныя меры і выправіць стан спраў. "Не трэба баяцца. Калі дапусцілі памылку, трэба яе прызнаць. Чаго мы хаваемся і віляем хвастом перад грамадствам? - сказаў ён. - Дапусцілі памылку? Так, дапусцілі - выправілі, своечасова паправілі, дзякуючы тым жа людзям, якія на гэта адрэагавалі. Не трэба хавацца і нечага баяцца".
"Нам трэба вызначыцца, як будзем вынікі сярэдняй адукацыі падводзіць у школах? Якія будзем наогул здаваць экзамены?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт задаўся пытаннем мэтазгоднасці адмены экзаменаў пасля заканчэння школы: "Навошта мы знялі ў школах экзамены? Я як былы настаўнік разумею, што экзамен у школе - гэта вянец усяму. Ішлі як на свята, настаўнікі задаволеныя. І я прымаў экзамены. Нічога дрэннага там не было".
"Мы пачалі спрашчацца: чатыры, тры, два экзамены... Дайшлі да таго, што ў школах не трэба экзамен (здаваць. - Заўвага). Мы здаём адзіны экзамен - цэнтралізавана, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы знялі самы галоўны вынік работы у школах, вянец гэтага знялі ў школах і павезлі дзяцей у нейкія зборна-прыёмныя пункты здаваць цэнтралізаваны экзамен. Нават па форме неяк не вельмі".
Пры абмеркаванні пытання адмены выпускных экзаменаў у школе і замены іх на цэнтралізаваныя ў якасці адной з прычын называлася імкненне разгрузіць дзяцей. Аднак у гэтым трэба дзейнічаць разумна і не перастарацца, стварыўшы зусім цяплічныя ўмовы. "Я лічу, што дзеці, здаючы школьныя экзамены, трэніруюцца і рыхтуюцца здаваць экзамены ў ВНУ - больш сур'ёзныя. І потым, калі ты 11 гадоў нармальна займаўся, вучыўся, ты падрыхтуешся і здасі ў школе экзамен", - упэўнены Прэзідэнт.
Яшчэ адным аргументам пры пераходзе да цэнтралізаваных экзаменаў было забеспячэнне аб'ектыўнасці ацэньвання ведаў у адрозненне ад школ, дзе настаўнікі маглі "падганяць" адзнакі. Аднак пры правядзенні ЦЭ высветлілася, што падагульняючыя адзнакі ў школе ў прынцыпе супастаўныя з вынікамі ЦЭ і не вельмі адрозніваюцца. "Мы падазравалі, што школы "падганяюць" неяк ацэнкі. А аказалася (вы самі гэту выснову ў міністэрстве зрабілі), што вынікі ЦЭ суадносяцца і супадаюць практычна з вынікамі ў школе. Дык навошта са школы забіралі экзамены?" - задаў слушнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу ў 2024 годзе канчаткова вызначыцца з сістэмай паступлення. "Пры паступленні ў ВНУ мы павінны вызначыцца: або мы пойдзем зноў шляхам цэнтралізаванага тэсціравання, калі сядзіш там і часам тыкаеш пальцам у неба, або ж мы будзем здаваць экзамены шляхам гутаркі, выкарыстоўваючы сістэму, якая добра зарэкамендавала сябе. Або гэта будзе нейкі сімбіёз, сумесь таго і другога. Мы павінны дакладна вызначыцца. Гэта не для бягучага года (задача. - Заўвага), але для наступнага года - жалезабетонна", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы анансаваў правядзенне вялікай нарады па заяўленай тэматыцы па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна па рабоце сістэмы аховы здароўя. Асноўным пытаннем будзе правядзенне ўступнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры яго абмеркаванні хацеў бы пачуць розныя, няхай нават палярныя пункты гледжання спецыялістаў, каб на іх аснове можна было выпрацаваць узважанае рашэнне.
Акрамя таго, ён нагадаў адказным асобам пра неабходнасць кантролю за якасцю школьных падручнікаў: "Не забывайце пра падручнікі. Галоўнае ў школе - гэта падручнікі. Усе задачы некалькі гадоў таму былі пастаўлены. Вывучыце разам з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, як вырашаецца гэта праблема".
Асобна Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, які працаваў Міністрам адукацыі да назначэння на гэту пасаду Андрэя Іванца. "Ты ўчарашні Міністр адукацыі. Табе было даручэнне - знаходзіцца год-два побач з Міністрам (Андрэем Іванцом. - Заўвага), унікаць у гэту сістэму і выказваць свой пункт гледжання і пазіцыю. Пакуль я не бачу тваёй пазіцыі. Таму далучайся. Ты ўсё жыццё ў адукацыі. І ў цябе ёсць людзі, якія многае могуць падказаць, параіць. Трэба прыцягваць, акумуляваць іх меркаванні і таксама ўносіць прапановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ раз паўтараю: маё галоўнае патрабаванне - гэта справядлівае стаўленне і справядлівасць, асабліва пры здачы экзаменаў", - звярнуў увагу беларускі лідар. Паводле яго слоў, такі падыход вельмі важна забяспечыць да абітурыентаў, якія робяць першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё. "Гэта маладыя людзі, будучая эліта, будучыя ўпраўленцы краіны. Яны робяць першы рашучы свядомы крок, - сказаў Прэзідэнт. - І гэты крок павінен быць без усялякіх праблем і падазрэнняў".
"Падкрэслю: памылак або, не дай бог, злоўжыванняў тут быць не павінна. Вы маю пазіцыю ведаеце: павінна быць справядліва і зразумела для людзей", - звярнуў увагу Прэзідэнт.