Разгляд кадравых пытанняў
- 11
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 мая разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Моластава Канстанціна Генадзьевіча - Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Хмеля Андрэя Валер'евіча - старшынёй Гродзенскага гарвыканкама, членам Гродзенскага аблвыканкама;
Мароза Ігара Аляксандравіча - старшынёй Аршанскага райвыканкама;
Ладыгі Анатоля Міхайлавіча - старшынёй Салігорскага райвыканкама;
Карловіча Юрыя Пятровіча - старшынёй Клецкага райвыканкама;
Пярэдні Вадзіма Аляксандравіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска.
Пры назначэнні начальніка Гродзенскай пагранічнай групы Канстанціна Моластава Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узняць службу ў пагранічных войсках на новы ўзровень.
Як праінфармаваў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Канстанцін Моластаў мае вопыт кіраўніцтва рознымі падраздзяленнямі ў сістэме Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і гатовы да выканання пастаўленых задач на пасадзе кіраўніка ДПК.
"Недахопы? - перш за ўсё пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. - А то ў нас усё добра, усё ідэальна. Ідэальны чалавек. Чаго тады сядзеў у Гродне да гэтага часу? Таму, калі ёсць нейкія недахопы, гаварыце. А то атрымаецца, як у ахове здароўя: усе без недахопаў, а мноства праблем".
"З недахопаў лічу адсутнасць вопыту работы ў цэнтральным апараце, - сказаў Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. - Атрымліваецца, пераскаквае пасаду намесніка Старшыні Пагранічнага камітэта. Але, я думаю, зыходзячы з вопыту работы, яго адукацыі, гэты афіцэр увойдзе хутка ў аператыўную абстаноўку".
Канстанцін Моластаў прайшоў шлях ад радавога пагранічніка і кіраўніка пагранічнай заставы да начальніка пагрангрупы.
"Сапраўдны пагранічнік. Прычым тут цэнтральны апарат. Нам патрэбны пагранічнікі на, груба кажучы, зялёнай граніцы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пагранічным войскам удзяляецца асаблівая ўвага не таму, што ў іх некалі служыў Прэзідэнт. Хоць, з іншага боку, гэта таксама адыгрывае пэўную ролю. "Я звычайным пагранічнікам служыў, гэта значыць я ведаю, што такое граніца. Таму, калі я прыязджаю на граніцу, мяне па закавулках вадзіць не будзеш: я ведаю, куды ісці, ведаю віды пагранічных нарадаў і як яны нясуць службу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Пагранічныя войскі вельмі шмат працавалі апошнім часам. Не мне табе тлумачыць. Вельмі шмат даводзілася і з гэтымі нелегаламі працаваць, і забітых мігрантаў нам да гэтага часу выкідваюць праз граніцу палякі і літоўцы. Але гэта бог з імі разбярэцца. Гэта іх праблемы, не нашы. Але тым не менш пагранічную службу - нават на тым узроўні, які ёсць, - трэба ўзнімаць вышэй. Нам трэба не забываць вопыт Савецкага Саюза і прыстасоўваць яго да цяперашняй сітуацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў кандыдатуры Канстанціна Моластава яго падкупіла тое, што ён быў звычайным пагранічнікам і начальнікам пагранічнай заставы. "Восем гадоў, так?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Восем гадоў у цэлым на заставе. Пяць гадоў - начальнікам заставы", - адказаў Канстанцін Моластаў.
"Начальнік пагранічнай заставы - гэта чалавек, які ведае ўсё. А далей ужо ад вашага жадання. Але спакойнага жыцця не будзе. Вы бачыце, што падключылася Украіна - там, дзе мы, пагранічнікі, практычна наогул службу не неслі. Так, злёгку, разумеючы, што гэта нашы родныя людзі. Цяпер Украіна бачыце, якую заняла пазіцыю адносна Беларусі. Пастаянна, пастаянна нагнятаюць сітуацыю. Сёння ўкраінская граніца стала ўпоравень з гэтымі шалёнымі - польскай, літоўскай і латвійскай. Што быць, увогуле, не павінна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў выпрацаваць новыя падыходы да развіцця пагранічных войскаў. Але не адбудоўваць новую сістэму, а ўдасканальваць існуючую. "Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на манеўраныя групы - яны павінны быць у кожным атрадзе. Там, дзе вы вызначыце кропку, павінен быць моцны кулак, якім вы і начальнікі атрадаў або пагранічных груп зможаце ў патрэбны момант скарыстацца для таго, каб перакрыць дзяржаўную граніцу ў выпадку якіх-небудзь надзвычайных сітуацый, нападзення на краіну", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
Як праінфармаваў Прэзідэнта Канстанцін Моластаў, работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца.
"Гэту кампаненту нам трэба ўзмацняць. Але гэта ўжо ў цесным кантакце з Дзяржсакратаром (Савета Бяспекі. - Заўвага) і Міністэрствам абароны трэба вырашаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра ранейшага кіраўніка Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоля Лапо, Прэзідэнт адзначыў, што гэта вельмі дасведчаны і талковы чалавек з вялікім вопытам службы. "Сапраўдны ваенны чалавек. Трэба паглядзець. Адпачне крыху - і на службу або на работу", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу новага кіраўніка на Асобную службу актыўных мерапрыемстваў - так званы пагранічны спецназ. "Паглядзіце, як умацаваць яго. Гэта павінен быць вельмі надзейны элемент, якім вы ў любую хвіліну можаце скарыстацца, - падкрэсліў ён. - Я прыкладна ведаю гэта падраздзяленне. Яно сябе добра паказала ў гэтыя часы, асабліва ў часы барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Паглядзіце. Спецпадраздзяленне заўсёды павінна быць падрыхтавана і гатова да дзеяння. Але запомніце, што больш ваеннаслужачых у пагранічныя войскі ніхто накіроўваць не будзе. Нам трэба тымі сіламі скарыстацца, якія ёсць".
Прэзідэнт прапанаваў падумаць над новымі падыходамі і формамі работы. "У нас шмат хлопцаў адслужылі. Пагранічнік ёсць пагранічнік - гэта высокападрыхтаваны і высокамаральны чалавек. Таму трэба заўсёды гэтых людзей бачыць, як, дапусцім, унутраныя войскі МУС і спецпадраздзяленне ў Мар'інай Горцы, сілы хуткага рэагавання. Тых, хто звольніўся, але можа, - у спіс, і гэта тысячы людзей, акрамя мабілізацыі. Павінны быць людзі, якія ў вас будуць праходзіць падрыхтоўку. Яны будуць займацца сваёй справай, але вы іх будзеце пару разоў у год прызываць, каб яны ў тонусе былі. Вось такіх людзей нам трэба падрыхтаваць - у пагранвойсках, унутраных войсках, спецпадраздзяленнях у арміі. Гэта вельмі дарагія людзі. Мы ўклалі нямала ў іх, таму іх не трэба страціць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы былога Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Хмеля мэрам Гродна, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што работа на гэтай пасадзе дабавіць яму вопыту і ведаў, каб прадоўжыць у будучым рух у кар'еры.
"Андрэй Валер'евіч, я, шчыра кажучы, даўно думаў аб тым, каб Вам прадаставіць якую-небудзь іншую работу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Наконт гэтага ў Прэзідэнта, як ён растлумачыў, быў свой пункт гледжання, які адрозніваецца ад пазіцыі некаторых членаў Урада. "Я лічу Вас вельмі падрыхтаваным чалавекам, памятаю Вашы даклады з Віцебскай вобласці. Вы вельмі добра разбіраецеся ў гэтай тэме. І калі паступіла просьба кіраўніцтва Гродзенскай вобласці, там не толькі Каранік папрасіў (старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. - Заўвага), я падумаў, што, калі Вы згодны, гэта цалкам нармальная пасада, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але, каб Вы разумелі, не апошняя. Я вельмі спадзяюся, не апошняя пасада ў Вашай кар'еры".
Вопыт кіраўніцтва такім буйным абласным цэнтрам, як Гродна, будзе карысны для будучых магчымых кар'ерных назначэнняў, спатрэбіцца для работы на іншых дзяржаўных пасадах, падкрэсліў Прэзідэнт. "Вам трэба гэты ўзровень ведаць - абласны або гарадскі, абласнога горада. Гэта буйны горад - Гродна. Ваш родны горад (Вы з Гродзенскай вобласці), гэта таксама вельмі важна".
"Я думаю, што гэта канкрэтная работа дабавіць у Вашу скарбонку вопыту, пэўных ведаў і падыходаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Каб Вы разумелі, у мяне вельмі добрае стаўленне да Вашых падыходаў, Вашай работы, якой Вы займаліся. Пасада Міністра вельмі важнага, але невялікага органа (Міністэрства ЖКГ. - Заўвага), здавалася б, непрыкметная. Нічога падобнага! Для мяне гэта было прыкметна".
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, што што лёгкага жыцця для іх не будзе, наперадзе няпросты час.
"Нікому лёгкага жыцця не будзе, вы на перадавой. Нас чакае няпросты час", - адзначыў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што ў наступным годзе адбудуцца выбары мясцовых саветаў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, у новым фармаце пройдзе Усебеларускі народны сход. Гэтыя кампаніі, падкрэсліў ён, трэба правесці сумленна, дастойна, акуратна. "І прэзідэнцкія выбары не за гарамі. Таму рабоце з людзьмі трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.
"Пытанняў, якія вас не датычацца, там няма. Школы - вашы, дамы культуры - вашы, спартыўныя аб'екты - вашы, бальніцы (на злобу) - таксама вашы. Каб не атрымалася, як ва Уздзе, па-мойму. На нарадзе я нядаўна сказаў, што камісія праедзе ў тыя бальніцы, дзе ўжо былі. І што вы думаеце? Заехалі ва Узду - а там яшчэ горш, чым было першапачаткова. Гэта нікуды не варта. Таму прыходзьце і кіруйце. У вас раён, у вас - горад. Самая цікавая ў вас работа. Пачынайце. Кіруйце працэсам. Яшчэ раз гавару: толькі акуратна стаўцеся да людзей, спецыялістаў. З-за пляча не сячыце. Але калі воз не цягне, растлумачыць трэба. Усё павінна быць справядліва, тады менш будзе пакрыўджаных", - адзначыў Прэзідэнт.
"Запомніце: у вас няма не вашых пытанняў у вашым раёне. Усё ваша. Нават калі ў Оршы завод рэспубліканскага падпарадкавання, усё роўна гэта ваша. Кадры, кантроль за іх дзейнасцю - гэта ваша задача. Калі нешта не так, дакладвайце ў Адміністрацыю Прэзідэнта: кадравыя пытанні там варацца. Гляджу - падбор людзей моцных. Вельмі спадзяюся, што і вынік будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на сітуацыю ў Аршанскім раёне: "Вельмі цікавы горад і раён. Ёсць з чым працаваць. Там і ў сельскай гаспадарцы нядрэнна, але павінна быць рука, арганізацыя. Пра прамысловасць я ўжо не гавару. Орша - цудоўны горад. Расія побач. Усё, што ў Оршы вырабляецца, Расія з рукамі і нагамі гатова купіць".
Звяртаючыся да Ігара Мароза, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што работа на новай пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкама з'яўляецца для яго магчымасцю праявіць сябе: "Гэта добры пачатак на вачах у Прэзідэнта. Справішся - значыць, з кар'ерай тваёй усё вызначана".
"Прыкладу максімум намаганняў", - адказаў Ігар Мароз.
Было адзначана, што на ранейшым месцы працы - на чале Сенненскага раёна - яго добра характарызуюць. Прэзідэнт наконт гэтага заявіў аб сваім намеры ў гэтым годзе пабываць у Сенненскім раёне і асабіста азнаёміцца з сітуацыяй.
Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў новага кіраўніка аб спецыфіцы работы ў Аршанскім раёне - на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён па-ранейшаму часта бывае і добра інфармаваны аб тым, што адбываецца. "Акуратна да кадраў падыходзіць, не сячы з-за пляча, разабрацца. Але вельмі дакладна праводзіць сваю лінію, не гледзячы на тое, хто там вакол цябе будзе бегаць, - арыентаваў беларускі лідар. - Радзіма Прэзідэнта, там шмат такіх, якія будуць да цябе бегаць. Не звяртай увагі. Дакладней, звяртай, але прымай рашэнні сам".
У час кадравых назначэнняў Кіраўнік дзяржавы таксама пракаменціраваў сітуацыю з-за цэнтралізаванага экзамену. Паводле яго слоў, сістэма правядзення ЦЭ і падліку балаў павінна быць звычайнай і зразумелай.
"Цэлую бучу ўзнялі пасля адзінага цэнтралізаванага экзамену. Розуму не хапіла зрабіць проста і зразумела, каб падлічыць гэтыя балы. Яны пачалі нейкія статыстычныя лічбы выводзіць на камп'ютары. Каму гэта трэба? Па-мойму, мы паступалі: ведаеш - тройка, вельмі добра ведаеш - чацвёрка, вельмі-вельмі добра - выдатна. А тут нейкія балы на камп'ютары вылічвалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба рабіць звычайную, зразумелую сістэму. І на наступным тыдні трэба зноў да гэтага вярнуцца. Сем'і кантралююць паступленне сваіх дзяцей, і гэта зразумела. Але яны не разумеюць, чаго мы хочам ад гэтых дзяцей. І, самае галоўнае, пішуць мне, што цяперашні экзамен "паказаў сваю ідэнтычнасць" з мінулымі двума гадамі, калі яны ў школе здавалі экзамены. Дык навошта мы гэту катавасію тады стварылі?" - запатрабаваў разабрацца Прэзідэнт з праблемамі, якія ўзніклі.