Разгляд кадравых пытанняў

  • 12
  • 15:55

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Валяватага Юрыя Мікалаевіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гомельскай вобласці;

Каткавец Надзею Мікалаеўну - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Магілёўскай вобласці;

Равуцкага Дзмітрыя Васільевіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па г.Мінску.

Прэзідэнт даў згоду на назначэнне:

Крыцкага Міхаіла Леанідавіча - старшынёй Шклоўскага райвыканкама;

Каўраніна Аляксандра Мікалаевіча - старшынёй Бабруйскага райвыканкама;

Фралова Юрыя Мікалаевіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці.

Звяртаючыся да Юрыя Валяватага, які назначаны памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гомельскай вобласці, а да гэтага часу займаў пасаду першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я хачу, каб Гомельская вобласць была падобна да Гродзенскай. У гэтым сутнасць назначэння Вас на гэту пасаду. Галоўнае, каб Гомельская вобласць ну калі не была Гродзенскай (гэта вельмі складана ў сувязі з тымі ўмовамі, у якіх знаходзіцца Гомельская вобласць, і землі крыху іншыя), то каб была падобнай. Думаю, вось гэта звязка з Іванам Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага) дасць вынік. Вельмі на Вас спадзяюся".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пасада памочніка Прэзідэнта ў тым ці іншым рэгіёне - гэта ў пэўным сэнсе часовая прамежкавая пасада. "У Вас пэўныя перспектывы. Не магу сказаць, вялікія - малыя, але пэўныя. Вы ведаеце, што памочнікаў пасля іх паспяховай работы мы з задавальненнем вылучаем на іншыя пасады. Таму, Юрый Мікалаевіч, я хачу паглядзець на Вас, як Вы будзеце працаваць самастойна і наколькі з былым міністрам (былых не бывае) Іванам Іванавічам Крупко (раней займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. - Заўвага), да якога Вы добра ставіцеся, і ён да Вас добра ставіцца, будзеце развіваць Гомельскую вобласць", - сказаў Прэзідэнт.

Пры назначэнні Надзеі Каткавец памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Магілёўскай вобласці Кіраўнік дзяржавы адзначыў яе значны вопыт работы і высокі ўзровень ведаў у аграрнай сферы.

"Надзея Мікалаеўна, я Вас ведаю даўно. Вы чалавек актыўны. Напэўна, больш вопытнага за сталом нікога няма. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі Вы і далей будзеце такім актыўным чалавекам. Як Вы бачыце, заседзецца на месцы недзе там я Вам не даў, - сказаў Прэзідэнт. - Адпачылі крыху і наперад".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на эфектыўную работу новага памочніка ва ўзаемадзеянні з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыем Крутым. "Ён у нас не аграрый, але, як і Вы, добры эканаміст. Праўда, у яго больш пераважае макраўзровень, а Вы добра ведаеце мікраўзровень", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт сказаў, што помніць работу Надзеі Каткавец на розных пасадах, і тады да яе не было прэтэнзій. Аляксандр Лукашэнка таксама ведае аб выніках яе навуковай дзейнасці за апошні час (яна абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала ступень кандыдата эканамічных навук) і пазітыўна іх ацэньвае. "Вы за гэты час (што мяне здзівіла) і кандыдацкую дысертацыю абаранілі, прайшліся па асноўных этапах развіцця нашага аграрнага комплексу. Мяне гэта задавольвае", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Надзея Каткавец з-за сваёй прафесійнай дзейнасці на папярэдніх пасадах добра ведае Магілёўскую вобласць і ў тым ліку Шклоўскі раён, на якім Прэзідэнт робіць асаблівы акцэнт і прад'яўляе высокія патрабаванні - стаць узорным для іншых раёнаў краіны. У якасці памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці ёй трэба будзе гэтыя патрабаванні выконваць ва ўзаемадзеянні з новым кіраўніком раёна Міхаілам Крыцкім.

Разглядаючы кадравыя пытанні, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, з чым звязана назначэнне Дзмітрыя Равуцкага памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Мінску.

Прэзідэнт адзначыў, што Дзмітрый Равуцкі добра разумее спецыфіку работы ў Мінску, таму што жыў і працаваў у сталіцы. "Ваша назначэнне звязана з тым, каб Вы не дазвалялі, як у народзе кажуць, каб рука руку мыла. Кадры павінны займацца сваімі пытаннямі належным чынам. Падысці (да гэтага пытання. - Заўвага) трэба прынцыпова", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што Дзмітрый Равуцкі, уступаючы на новую пасаду, не будзе знаходзіцца ў падпарадкаванні ў старшыні Мінгарвыканкама. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў цэлым аб ролі памочнікаў: "Вы, калі можна так сказаць, вочы і вушы Прэзідэнта. Гэта таксама мне Вам тлумачыць не трэба".

Разам з тым, памочнікам Прэзідэнта неабходна працаваць з мясцовымі органамі ўлады для рэалізацыі пастаўленых задач. "Я вам гавару пра эканоміку, арганізацыю вашай работы, але не забывайце, што вы і палітыкі там, на месцах", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Пры разглядзе кадравых пытанняў Аляксандр Лукашэнка заявіў аб імкненні зрабіць Шклоўскі раён узорным для капіравання па ўсёй краіне.

"Ведаючы добра Шклоўскі раён, я хачу стварыць адносна ўзорны раён для капіравання па ўсёй краіне. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтым раёне адноўлены ўсе ключавыя, неабходныя для развіцця сельскай гаспадаркі на мясцовым узроўні структуры, у тым ліку райаграсэрвіс, сельгасхімія, перасовачныя механізаваныя калоны (ПМК), ільнонасенняводчая станцыя. "Гэта ўсё нам трэба. Усё гэта адноўлена. Па краіне ў рознай ступені гэта рэабілітавана і адноўлена, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вось у Шклове мы гэта ўсё, успамінаючы мінулае, аднавілі на сур'ёзным, высокім узроўні. Таму Шклоўскі раён павінен быць узорна-паказальным у гэтым плане. Мне так хацелася б".

Што датычыцца райаграсэрвісу ў Шклове, ён больш блізкі да таго ўзору, які падыходзіць для тыражавання па раёнах краіны, чым, напрыклад, аналагічная структура ў Мазырскім раёне - "Мазыртэхсэрвіс", на базе якога ў красавіку гэтага года прайшоў семінар-нарада з удзелам Кіраўніка дзяржавы. "Гэта прадпрыемства (больш высокага ўзроўню. - Заўвага), якое ўжо і абслугоўвае, і выпускае многія ўзоры сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. А вось Шклоўскі райаграсэрвіс - гэта якраз тое, што ёсць у кожным раёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, у рабоце райаграсэрвісаў плануецца актыўны ўдзел вядучых айчынных вытворцаў. "Гэта сэрвісныя цэнтры для нашых прадпрыемстваў. Прадстаўнікі МТЗ, МАЗа, маторнага завода - усіх заводаў, якія ў нас існуюць у краіне, - няхай упіраюцца таксама разам з гэтымі 118 раёнамі, упіраюцца і працуюць", - адзначыў Прэзідэнт.

Важнасць такіх структур для паспяховага развіцця кожнага раёна цяжка пераацаніць, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. "Вы добра разумееце, што такое аграсэрвіс у такіх раёнах. Без гэтага ніякага развіцця раёна быць не можа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да назначаных чыноўнікаў. - Я наогул не ўяўляю работу старшыні райвыканкама, калі ў яго няма камбікормавага завода, няма сельскагаспадарчага абслуговага прадпрыемства, сельгасхіміі, будаўнічай нейкай галіны... Што гэта за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма гэтых інструментаў?"

У гэтым сэнсе Шклоўскі раён набліжаецца да таго, што можна назваць узорам. Акрамя абноўленых райаграсэрвісу і камбікормавага завода, там у хуткім часе з'явіцца сучасны малакаперапрацоўчы завод магутнасцю 300 тон за суткі, будаўніцтва якога павінна быць завершана ў лістападзе гэтага года. Для аснашчэння гэтага прадпрыемства на перадавым узроўні прыцягваліся ў тым ліку іншыя ўдзельнікі аграбізнесу, якія ўжо рэалізаваліся і добра валодаюць гэтымі тэхналогіямі. Для новага малаказавода ўжо вызначаны сыравінныя зоны. Пры неабходнасці дзяржава гатова іх пашырыць за кошт сельгаспрадпрыемстваў Аршанскага раёна. "Але, гавораць, там хапае (пакуль выдзеленых сыравінных зон. - Заўвага). Трэба больш вырабляць, асабліва на шклоўскіх землях. Гэта і Круглае, і Бялынічы побач, іншыя раёны: Магілёўскі, Мсціслаўскі, Горацкі. Падключайце. Але каб гэта прадпрыемства было загружана", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб нарадзе па развіцці Магілёўскай вобласці, якая адбылася напярэдадні, і прынятым па выніках рашэнні перадаць з рэспубліканскай уласнасці акцыі аграхолдынга Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта ў Шклоўскім раёне ў камунальную ўласнасць. "Вам перадаём усе прадпрыемствы: і камбікормавы завод (як цацка), і "хімія" (сельгасхімія. - Заўвага), сельгастэхніка, ПМК - усё-ўсё ёсць для таго, каб там працаваць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - У Шклоўскім раёне створана ўсё для таго, каб працаваць".

Таму, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, і патрабаванне за вынік з новага кіраўніка раёна будзе строгае. А ўвага з боку Прэзідэнта да гэтых тэрыторый захаваецца асаблівая: "Там нічога не заржавее. Колькі я буду працаваць, столькі я ўвагу буду ўдзяляць".

"Я там часта бываю, і працаваў (раней. - Заўвага), ведаю кожны квадратны метр. Гэта будзе няпроста (кіраваць раёнам, які знаходзіцца ў пастаянным полі зроку Кіраўніка дзяржавы. - Заўвага). Гэта будзе вельмі няпроста, Міхаіл Леанідавіч, - папярэдзіў Прэзідэнт. - І тое, што рызыкнулі туды пайсці - я вам вельмі ўдзячны".

Разам з тым Міхаілу Крыцкаму было ўказана на асобныя недахопы ў час яго мінулай работы ў Шклоўскім раёне на розных пасадах у сферы сельскай гаспадаркі. Выпраўляць іх даручана яму ва ўзаемадзеянні з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, упаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта ў Магілёўскай вобласці Дзмітрыем Крутым і новым памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Магілёўскай вобласці Надзеяй Каткавец, якая, дарэчы, таксама працавала ў Шклоўскім раёне і вельмі добра яго ведае. 

"Вы з Надзеяй Мікалаеўнай там разбярацеся, дрэнна ці добра (спрацаваў раней. - Заўвага), каб яна табе паказала ўсе твае касякі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму едзь у Шклоў і выпраўляй. У дапамогу табе адзін кантралёр, другі, які спаць не дасць. І ты ж май на ўвазе: за ўсё гэта адказваць трэба".  

Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў назначэнне Аляксандра Каўраніна на пасаду кіраўніка Бабруйскага раёна. Раней ён быў першым намеснікам старшыні - начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама, а таму добра знаёмы са становішчам на месцах.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы заклікаў Аляксандра Каўраніна "не ўпусціць" Бабруйскі раён. Ён таксама даручыў Надзеі Каткавец, якая была назначана на пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці, звярнуць пільную ўвагу на гэта пытанне.

"А то стабілізавалі, паправілі, выправілі... Трэба ўнікнуць і паглядзець. Напэўна, не ўсё там стабілізавалася. Таму паглядзіце ўважліва за гэтымі пытаннямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуўся да назначаных з наказам. "Хачу ўсіх памочнікаў папярэдзіць. Карысна гэта пачуць і старшыням райвыканкамаў. Я не хачу ніякіх канфліктаў паміж памочнікам і губернатарам. І тыя, і тыя - мае дзеці, вобразна кажучы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён падкрэсліў, што гэта не значыць, што памочнікі Прэзідэнта павінны хадзіць і браць пад казырок перад кіраўнікамі аблвыканкамаў. "Так, трэба дапамагаць. Вы будзеце адказваць за развіццё сітуацыі ў вобласці. Але трэба мець свой пункт гледжання. Вы - інспектары па кадрах. Кадры вырашаюць усё, як гаварыў класік. Ёсць добры кіраўнік - значыць справа пойдзе. Таму праз кадры, якія вы будзеце курыраваць на месцах, я буду глядзець на вашу работу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не стану вам расказваць аб тым, як трэба працаваць. Вы - людзі вопытныя. Але патрабаванне маё адно ў сувязі з тым, што вы назначаецеся на ключавыя пасады. Вы - прадстаўляеце Прэзідэнта на месцах. Гэта прашу мець на ўвазе", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Нам трэба зберагчы нашу краіну ад катаклізмаў і войнаў, каб мы спакойна, ціха рабілі сваю справу. І каб Беларусь развівалася тымі тэмпамі, як цяпер. Была прыгожым, утульным месцам для жыцця нашых людзей. У нас ёсць усё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прымаючы кадравыя рашэнні ў адносінах да памочнікаў Прэзідэнта ў рэгіёнах і старшынь райвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ім давядзецца і ў цэлым займацца рэалізацыяй задач, якія стаяць перад краінай: "Я вам гавару пра эканоміку, арганізацыю вашай работы, але не забывайце, што вы і палітыкі там на месцах. Райкамаў партыі няма, на жаль. Я ўжо сёння адчуваю гэты недахоп. На месцах усё ж такі тады... (у савецкія часы. - Заўвага). Шмат было глупства, але партыйныя органы назіралі за тым, што адбываецца. І паглядзіце: Кітай узяў нашу сістэму. Развіваецца як мае быць, таму што сістэма працуе. Там шапказакідацельствам ніхто не займаецца".

"Ведаю, што мяне пачнуць пасля гэтай заўвагі крытыкаваць, што мы тут па слядах кітайцаў ідзём. На жаль (я Сі Цзіньпіну нядаўна гаварыў), мы страцілі гэты след. Мы па слядах кітайцаў наўрад ці пойдзем, нават калі захочам", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Але задачы будуць стаяць вельмі сур'ёзныя. І палітычныя, і вось на поўдні вельмі актуальна - бяспека нашых людзей. Павінен сказаць, што Іван Іванавіч Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага) малайчына ў гэтым плане. Ды і ў Брэсцкай вобласці яны не адпіхваюцца ад гэтых пытанняў. Не гаворачы ўжо пра Гродзенскую, дзе генерал камандуе (размова пра цяперашняга старшыню Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. - Заўвага). Таму давядзецца і гэтымі пытаннямі займацца. Такое наша жыццё", - сказаў Прэзідэнт.

Падчас мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на якаснае правядзенне ўборачнай кампаніі, каб сабраць добры ўраджай, які пакуль знаходзіцца на палях.

"Буду прасіць нябесную канцылярыю, каб даў (Гасподзь. - Заўвага) сухое надвор'е. Таму што мы ўжо ўцягнуліся ва ўборку. Ячмень мы пачалі ўбіраць, і быццам нядрэнны азімы ячмень. Тое, за што мы змагаліся, - атрымалі добры рэзультат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтым годзе ўраджай на палях добры і трэба прыкласці ўсе намаганні, каб убраць яго без страт. "Асаблівасць у тым, што трэба, каб камбайны і збожжатокі былі ў парадку. Вы ж бачыце, што дажджы ідуць. Дай бог, каб спыніліся. Але заўтра-паслязаўтра цыклон нас яшчэ значна патрасе, які рухаецца да нас з паўночнага захаду. Гэта я па здымках з космасу паглядзеў. Таму нам трэба гэта перажыць", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым не драматызуе сітуацыю ў цэлым, адзначаючы, што невялікія дажджы ў момант налівання збожжавых і паспявання асноўных культур, наадварот, пойдуць на карысць. Але ёсць культуры, якім у гэтых умовах трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу. "Баюся за бульбу. Я ўчора вечарам паехаў на поле паглядзеў бульбу. Ад фітафторы трэба зберагчы бульбу пры такім надвор'і. А так усё развіваецца выдатна", - сказаў ён.

Моцныя ападкі садзейнічаюць і нарыхтоўцы кармоў. "Не было б шчасця - няшчасце дапамагло. Укосы траў добрыя. А хто яшчэ падкарміў азотам крыху травы пасля другога ўкосу, будзе мець добры трэці. Усё развіваецца нядрэнна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу на якаснай падрыхтоўцы да асноўнага этапу ўборачнай кампаніі. Павінны быць у гатоўнасці не толькі камбайны і збожжатокі, але вырашаны пытанні з забеспячэннем кадрамі. "Гэта злачынства, калі на нейкім камбайне не будзе добрага механізатара. А яны напалавіну - добрыя - на прамысловых прадпрыемствах, - сказаў ён. - На камбайнах, энерганасычаных трактарах, тэхніцы павінны быць людзі. Іх трэба задзейнічаць з гарадоў. Там, дзе няма сваіх камбайнераў. Прыняць па-чалавечы. Яны там заробяць добрыя грошы".

"Другое пытанне - зернесушыльная гаспадарка. У сувязі з такім надвор'ем - пытанне нумар адзін", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён арыентаваў чыноўнікаў па-гаспадарску падыходзіць да вырашэння тых ці іншых пытанняў і варушыцца, не сядзець у кабінетах. "Але і не боўтайцеся па полі, не перашкаджайце працаваць кіраўнікам гаспадарак. Усё павінна быць у меру", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў аб сваім даручэнні, каб старшыні райвыканкамаў асабіста трымалі на кантролі і адказвалі за работу адстаючых гаспадарак у раёнах.