Разгляд кадравых пытанняў
- 11
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 чэрвеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Лысенку Максіма Уладзіміравіча - Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя,
Ануфрыеву Вольгу Аляксандраўну - дырэктарам - галоўным рэдактарам установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Выдавецкі дом "Беларусь сегодня",
Сабалеўскага Яўгена Юльянавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Лівія па сумяшчальніцтве,
Агароднікава Аляксандра Сяргеевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Афганістане па сумяшчальніцтве,
Іваніцкага Аляксандра Рыгоравіча - начальнікам Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Шкробата Яўгена Сяргеевіча - старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама,
Клышэўскага Андрэя Іванавіча - старшынёй Ашмянскага райвыканкама,
Сымановіча Міхаіла Сяргеевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш",
Шаль Эдуарда Рышардавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш",
Шчэцькі Віктара Віктаравіча - першым намеснікам Міністра прамысловасці,
Постнікава Аляксандра Сяргеевіча - намеснікам Міністра транспарту і камунікацый,
Аксціловіча Генадзя Рамановіча - начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
Хамутоўскага Юрыя Анатольевіча - начальнікам упраўлення рэгіянальнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
Садоўскага Алега Віктаравіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці,
Іглікава Аляксея Аляксеевіча - членам Гродзенскага аблвыканкама,
Юрашэвіч Надзеі Міхайлаўны - намеснікам начальніка Арганізацыйна-аналітычнага дэпартамента Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы,
Васілеўскай Вольгі Яўгенаўны - намеснікам начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Пры назначэнні Максіма Лысенкі на пасаду Міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Лукашэнка згадаў існуючую прапанову па перадачы ў падпарадкаванне ведамства Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, якая цяпер падначалена непасрэдна Прэзідэнту.
"У свой час мною стваралася гэта інспекцыя для таго, каб навесці парадак у краіне. І мяне вельмі непакоіла сітуацыя з браканьерствам. Браканьерства ў нас цвіло і пахла, як у народзе кажуць. За гэты час ужо іншая праблема з'яўляецца. Гэта я бачу з інфармацыі, якую ў сродках масавай інфармацыі атрымліваю перш за ўсё, што ў нас столькі жывёл развялося, што праблемы ўзніклі на дарогах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне стаіць зусім не так, як некаторыя гавораць, што "інспекцыя не патрэбна і яе зліваюць у міністэрства". "Нічога падобнага. Паступова, як мы і дамаўляліся, як былі пастаўлены мною ўмовы. Мы не робім рэзкіх рухаў нейкіх. Нават калі бачым, што недзе нешта трэба аб'яднаць. Ніякага зліву тут адбывацца не павінна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэта па-першае. Па-другое, мы яшчэ абмяркуем гэта пытанне. Як за, так і супраць шмат людзей. Пярэчаць некаторыя".
Прэзідэнт упэўнены, што пры любым рашэнні інспекцыя як выконвала, так і будзе выконваць сваю ролю незалежна ад падпарадкаванасці.
"Непасрэдна падпарадкоўваць Прэзідэнту гэту структуру няма неабходнасці, таму што там у нас парадак. Так, ёсць розныя факты. І браканьерства ёсць. Тут няма аб чым нават гаварыць. Але ў параўнанні з іншымі дзяржавамі, у тым ліку "квітнеючага" Захаду, у нас тут парадак, і даволі добры. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, дзе б ні была гэта інспекцыя, яна будзе займацца сваімі пытаннямі. Я ад гэтага не адступлю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ведаеце маё стаўленне да прыроды, да жывёльнага свету, да жывёл наогул. І культурных жывёл (хатніх, якіх разводзяць у сельскай гаспадарцы. - Заўвага), і дзікіх жывёл - няважна. Яны павінны мець права на жыццё. І ўсё павінна быць у адпаведнасці з законам, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі ў нас шмат жывёл - гэта добра. Я ведаю, што такое паляўнічыя. Ім паесці не дай або выпіць толькі (але не закусіць), і яны будуць паляваць дзень і ноч. Вельмі добра ведаю гэта. Сам паляўнічы па дакументах, але ніколі нікога не забіваў і не здабываў. Як паляўнічыя кажуць: "Мы не забіваем, мы здабываем дзічыну". Для мяне гэта ўсё роўна".
Прэзідэнт заявіў, што больш схільны да таго, каб дзяржінспекцыю падключыць непасрэдна да міністэрства, каб не перасякаліся функцыі. "Нічога страшнага не здарыцца, калі інспекцыя будзе ў складзе міністэрства. І ніхто там не пацерпіць - функцыі, паўнамоцтвы і іншае. Вялікія паўнамоцтвы ў іх застануцца", - упэўнены ён.
Звяртаючыся да новага Міністра, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведнымі пытаннямі ўсё роўна давядзецца займацца: "Няважна, дзе будзе гэта інспекцыя. Вы - Міністр, і вы павінны бачыць усё. І не проста хадзіць, галаву апусціўшы, а патрабаваць з адпаведных людзей. Гэта міністэрства міністэрстваў. Для вас, акрамя Прэзідэнта і Госпада Бога, нікога існаваць не павінна. У адваротным выпадку загадзім Беларусь".
Што датычыцца самога міністэрства, Аляксандр Лукашэнка пакуль незадаволены яго работай. "Мяне, зразумела, насцярожвае работа міністэрства. І вы як чалавек, які непасрэдна займаецца гэтымі пытаннямі, несяце за гэта адказнасць. Я звычайна не назначаю намеснікаў міністрамі. Таму што калі я або наогул наша грамадства не задаволены работай таго ці іншага ведамства, гэта значыць, што не толькі кіраўнік вінаваты, але і намеснікі, - сказаў Прэзідэнт. - Але ў дадзеным выпадку я крыху адступаю ад гэтай практыкі, назначаючы вас Міністрам. Але я не магу сказаць, што мяне задавальняе работа вашага міністэрства. Абсалютна не. Павінен быць на зямлі парадак. Гэта перш за ўсё. У прыродзе павінен быць парадак. Але і вынікі па іншых напрамках павінны быць".
"Я ваша міністэрства не вельмі заўважаю. Толькі ад выпадку да выпадку, шчыра прызнаюся. Але рызыкнуў першага намесніка назначыць Міністрам, таму што ўсё ж такі вы ў тэме. Прыйдзе новы кіраўнік - трэба ўнікаць у сітуацыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, што такое рашэнне звязана яшчэ і з абмеркаваннем магчымасці аб перадачы Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў падпарадкаванне Мінпрыроды: "Калі інспекцыя будзе ў складзе вашага міністэрства, то вам не трэба пераключацца на міністэрства, каб увайсці (у курс спраў. - Заўвага). І больш увагі давядзецца ўдзяліць інспекцыі".
У цэлым Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў новага Міністра, што патрабаванне за яго напрамак работы будзе вельмі сур'ёзнае. "Найважнейшае міністэрства. Як я часта гавару, Беларусь - гэта такі астравок стабільнасці і галоўнае - прыроды, любові да прыроды. Людзі нашы павярнуліся тварам да прыроды. Не ўсе. Заўсёды нешта бывае не так. Але людзі любяць Беларусь, любяць прыроду", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сацыяльных сетках грамадзяне рэагуюць, калі недзе спілавалі нейкае дрэва. У сувязі з гэтым ён адзначыў, што часам гэта прадыктавана аб'ектыўнай неабходнасцю. "Дрэвы, як і людзі, нараджаюцца, растуць, потым старэюць", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што якраз раніцай старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў дакладваў яму аб сітуацыі ў лесапарку "Мядзвежына" ў сталіцы, дзе, як звярнулі ўвагу людзі, спілавалі некалькі старых дрэў.
"Санітарная высечка", - заўважыў прысутны пры разглядзе кадравых пытанняў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
"Ад гэтага нікуды не дзенешся. Але тысячы-тысячы саджанцаў высадзілі ў гэтым парку. Добры парк для людзей. Гэта іншая тэма. Вы павінны яе разумець, валодаць гэтым і вельмі акуратна да гэтага падыходзіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы новаму Міністру.
"Але той, хто гадзіць у прыродзе, а ў нас такіх шмат, асабліва ў сельскай гаспадарцы (то жыжка пацякла вясной у рэчку або возера, то яшчэ там нешта адбылося, то браканьеры сеткі паставілі або ж са зброяй ходзяць па лесе, страляючы налева-направа), - гэта недапушчальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы Вольгу Ануфрыеву дырэктарам - галоўным рэдактарам выдавецкага дома "Беларусь сегодня", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта газета - выданне прэзідэнцкага ўзроўню: "Першая з першых. Я не хачу прынізіць ролю "Звязды" - наша "беларускамоўнае" выданне (да гэтага часу Вольга Ануфрыева ўзначальвала выдавецкі дом "Звязда". - Заўвага). Вельмі заўсёды акуратна ставіўся да гэтага. Заўсёды раніцай на стале ў мяне ваша творчасць. І я вельмі спадзяюся, што вы з гэтым справіцеся. Тым больш што кіраўнікі СМІ, нашы творчыя міністры рэкамендуюць і не супраць (назначэння. - Заўвага) Вольгі. Не толькі "Звязда", але перш за ўсё "Беларусь сегодня" ў мяне на стале. Не скажу, што я кожную газету прачытваю, таму што ёсць шмат чаго чытаць. Але я праглядаю тэматыку. Тым больш я ж чалавек інфармаваны, у асноўным знаёмы з тымі пытаннямі, якія вы ўзнімаеце".
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Вольга Ануфрыева справіцца з работай на новай пасадзе. Але параіў не забываць, што на прадстаўніках СМІ таксама ляжыць адказнасць за грамадства ў цэлым: "Акрамя сваёй асноўнай работы вам давядзецца працаваць з людзьмі. Інфармаваць іх, агітаваць, прапагандаваць. Не трэба гэтага баяцца, усе гэтым займаюцца. Мы прапагандуем лепшае. Я ўжо аб гэтым гаварыў. Мы агітуем за нармальны лад жыцця, які існуе, дзякуй богу, у Беларусі. Мы нічога тут не прапаноўвалі і не змянілі да горшага. Як міністрам, так і вам давядзецца гэтым займацца - прапагандай добрага і агітацыяй за лепшае".
"Усе мы ідэалагічныя работнікі - ад журналістаў да Прэзідэнта. Мы гэта не ўтойваем, так павінна быць, няма чаго тут утойваць. Напэўна, гэта вас (прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. - Заўвага) крытыкуюць, называюць прапагандыстамі, таму што зайздросцяць і баяцца. Ну і добра: баяцца - значыць, усё да лепшага", - дадаў Прэзідэнт.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Прэзідэнт паставіў задачы мясцовым органам улады. Адным з пытанняў, што закрануў Кіраўнік дзяржавы, стала аб'яднанне сельгаспрадпрыемстваў. Ён заклікаў кіраўнікоў раёнаў не спяшацца з далучэннем нізкаэфектыўных прадпрыемстваў да паспяховых. Такі падыход можа не толькі не дапамагчы нізкаэфектыўнаму прадпрыемству, але і загубіць паспяховую гаспадарку. "Спяшацца аб'ядноўваць гаспадаркі дзеля таго, што гэта добрая, а гэта дрэнная... Мы добрай гаспадарцы гіры на ногі падвесім і яна можа патануць. Трэба вельмі акуратна, асцярожна (аб'ядноўваць сельгаспрадпрыемствы. - Заўвага), разабраўшыся з людзьмі, пагаварыўшы з кіраўнікамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыкладу разумнага падыходу Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад агракамбіната "Дзяржынскі". Філіялы агракамбіната размешчаны на тэрыторыях некалькіх раёнаў Мінскай вобласці. "Малайцы, яны нядрэнна працуюць. Я іх кантралюю аж да гэтых зямельных надзелаў, якія яны ўзялі. Ім не хапала зямельных плошчаў, і яны не маглі для сябе атрымаць патрэбную колькасць збожжа. Патрэбны былі зямельныя рэсурсы, таму яны і Крупскі раён практычна забралі, яшчэ асобныя гаспадаркі далучылі і працуюць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Але яны поўнасцю сябе забяспечваюць збожжам. Яны разумелі, што ім трэба збожжа: сваё таннейшае, калі атрымаеш. Гэта было разумна, таму мы рухаліся ў гэтым напрамку. Але ні ў якім разе нічога штучна не трэба рабіць".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на фермерскія гаспадаркі. Яны могуць мець зусім невялікія плошчы (50 або 100 га), але многія працуюць эфектыўна. У той жа час сельгаспрадпрыемствы могуць мець 3-4 тыс. га зямлі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка задаўся лагічным пытаннем, навошта аб'ядноўваць такія гаспадаркі. "Яны і так маюць вялікія плошчы. Трэба проста ствараць базу - малочнатаварныя комплексы, цялятнікі (прафілакторыі, як гавораць) - і клапаціцца, каб ад гэтай зямлі атрымліваць адпаведны рэзультат", - канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ўласнага вопыту работы ў сельскай гаспадарцы, выказаўшы ўпэўненасць, што людзі хочуць бачыць свайго кіраўніка кожны дзень. У той жа час на сельгаспрадпрыемствах, якія маюць вялікія плошчы, у кіраўніка проста можа не быць магчымасці бачыць людзей, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам. "Людзі хочуць бачыць кіраўніка кожны дзень. А калі там цэлы раён (размова аб аб'яднанні большасці гаспадарак раёна ў адно прадпрыемства. - Заўвага), тады навошта старшыня райвыканкама? Шмат пытанняў, але галоўнае, што кіраўнік часта не бачыць людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму калі аб'ядноўваеце буйную гаспадарку (з іншым сельгаспрадпрыемствам. - Заўвага), там павінен быць свой кіраўнік. Можа нават свае балансы, разліковыя рахункі ў яго ў банку павінны быць. Гэта ўжо ваша справа. А што цэнтралізоўваць, там разбірайцеся, - дадаў беларускі лідар. - Але будзьце вельмі акуратныя. Нам трэба гэта бачыць і кантраляваць. Урад павінен гэта разумець".
Звяртаючыся да Яўгена Шкробата, які ўзначаліць Петрыкаўскі райвыканкам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не раз бываў у гэтым раёне, а развіццю Палесся ў цэлым традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага. Таму новы кіраўнік фактычна "будзе на вачах" у Кіраўніка дзяржавы. "Што датычыцца Петрыкаўскага райвыканкама, я там бываў не раз, вельмі ўважліва назіраю наогул за палешукамі і развіццём Палесся. Гэта некалі было маім болем. Цяпер я рады, што людзі там жывуць усё ж больш-менш прыстойна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён нагадаў, што былы кіраўнік Петрыкаўскага раёна быў назначаны на пасаду старшыні Мазырскага райвыканкама. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Петрыкаўскім раёне была праведзена нядрэнная работа, а таму новы кіраўнік прыходзіць не на пустое месца. "Вы ідзяце на раён, які ўжо сябе зарэкамендаваў. Таму адпачываць там не давядзецца, а попыт будзе значна больш магутны і моцны, чым у Жыткавічах. Вопыт у вас ёсць, раёны побач, землі прыкладна аднолькавыя. Петрыкаў вельмі прыстойны горад, горад шахцёраў, і нам давядзецца яго развіваць, - сказаў ён. - Нягледзячы ні на што, работы ў Петрыкаве дастаткова і паказаць сябе таксама ёсць дзе. Таму лёгкага жыцця я вам там не абяцаю".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна наведаў Петрыкаўскі раён у ходзе вялікай камандзіроўкі на поўдзень краіны, азнаёміўшыся ў тым ліку з ходам пасяўной. "І Петрыкаў, і Жыткавічы ў гэтым годзе нядрэнна пасеялі, ды і надвор'е гэтаму спрыяла. Усё ж такі ў нас там пясчаная ў асноўным глеба, асабліва ў Петрыкаве, але дажджы падтрымалі нашы пасевы. Калі вы там падкармілі добра мінеральнымі ўгнаеннямі і арганікай гэтыя глебы, то ўраджай павінен быць нядрэнны. Але мы паглядзім увосень, куранят палічым увосень", - дадаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Андрэя Клышэўскага, узгодненага на пасаду старшыні Ашмянскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Ашмянскі раён з'яўляецца адным з тых рэгіёнаў, якія знаходзяцца ў аддаленні ад абласнога цэнтра. Па гэтай прычыне кіраўніцтва вобласці рэдка наведвае такія рэгіёны. Прэзідэнт звярнуў увагу, што такая "хвароба" ёсць у кіраўнікоў усіх абласцей Беларусі. І таму ў такіх аддаленых ад абласнога цэнтра раёнах шмат чаго залежыць ад работы старшынь райвыканкамаў. "Таму вы там варушыцеся, і суседу свайму (гаворка аб суседніх раёнах. - Заўвага) гаварыце, што гэта раёны хаця і далёкія ад Гродна, але яны не павінны быць горшыя, чым рэгіён вакол непасрэдна Гродна і Гродзенскага раёна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна наведаў Гродзенскую вобласць і азнаёміўся са станам спраў у АПК. "Там, зразумела, справы ідуць нядрэнна, прыстойна. Я абляцеў гэтыя раёны, паглядзеў. Віды на ўраджай вельмі добрыя, - сказаў ён. - Ну і дажджоў вы прасілі... У цябе ж у Ашмянах дажджоў будзе дастаткова, там нават з лішкам бывае. Але ў вас (у Ашмянскім раёне. - Заўвага) лішнімі яны не будуць".
Пры ўзгадненні кандыдатур на пасады генеральных дырэктараў прадпрыемстваў "Белкамунмаш" і "Лідсельмаш" Прэзідэнт арыентаваў прамысловы сектар на развіццё і ўкараненне сучасных тэхналогій.
У якасці прыкладу такіх тэхналогій называліся электробусы і рабатызаваны комплекс для даення кароў. Распрацоўкай апошняга ў Беларусі займаюцца спецыялісты холдынга "Гарызонт". Аб сваіх напрацоўках яны дакладвалі ў час наведвання Кіраўніком дзяржавы прадпрыемства ў канцы 2025 года. Цяпер гэты рабатызаваны даільны апарат айчыннай распрацоўкі выконвае 10 з 15 неабходных аперацый.
"Калі мы зробім гэты даільны апарат, робат - гэта вялікая справа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Галоўнае, паводле яго слоў, што гэта будзе ўласная беларуская распрацоўка. Хоць першапачаткова выказваліся сумненні, што такое магчыма зрабіць самім, асабліва ў частцы праграмнага забеспячэння. "Квакалі-охалі: "Ай-яй-яй, мы не можам". Чаго не можам? Усё мы можам. Айцішная краіна, ганарыліся гэтым, і не можам? Задачу паставілі, маладыя хлопцы на "Гарызонце" (ініцыятыўна ўзяліся гэта зрабіць і робяць. - Заўвага)... Сёлета яны павінны закончыць і апарат гэты зрабіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Неабходнасць у такім абсталяванні тлумачыцца не толькі развіццём тэхналогій. Сярод сучаснай моладзі ўсё больш складана знайсці жадаючых займацца даеннем кароў. Усё часцей яны імкнуцца ў гарады, а ў той жа час у вёсцы рабочых рук становіцца менш.
"Для нас вельмі важна (атрымаць такі рабатызаваны комплекс. - Заўвага), каб з Бабруйска або Ліды, з прадпрыемстваў вахтавым спосабам не вазіць людзей даіць кароў. Таму што моладзь не вельмі ж імкнецца на фермы. А ўсе хочуць есці, і малочныя прадукты (таксама. - Заўвага). Таму давялося заняцца і гэтым пытаннем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба рухацца наперад і бачыць будучыню", - заявіў беларускі лідар.
Яшчэ адзін прыклад - развіццё сучасных тэхналогій пры вытворчасці пасажырскай тэхнікі на "Белкамунмашы". Яго асноўнай прадукцыяй па-ранейшаму застаюцца тралейбусы розных характарыстык і трамваі. На іх ёсць стабільны попыт. Але паралельна развіваецца і вытворчасць новага віду тэхнікі - электробусаў. Іх, напрыклад, актыўна задзейнічаюць у Мінску, праект пераходу на грамадскі электратранспарт рэалізуецца ў Жодзіне, Шклове і Наваполацку.
Звяртаючыся да новага гендырэктара прадпрыемства, Прэзідэнт пацікавіўся, ці бачыць ён будучыню менавіта за гэтым відам транспарту.
"Калі будзе далей развівацца сістэма накаплення, батарэі, - будучыня ў гэтага транспарту ёсць, - растлумачыў Міхаіл Сымановіч. - Цяпер вага батарэі ўплывае на пасажыраўмяшчальнасць. Калі мы хочам, каб электробус ехаў 500 км, ён павязе мала людзей, таму што батарэя будзе цяжкая. Адпаведна калі хочам, каб гэта машына ехала і была лёгкая, (патрэбна. - Заўвага) тэхналогія распрацоўкі батарэй, сістэм накаплення".
"Інакш кажучы, вы намякаеце, што не ўсё тут залежыць ад вас?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"На цяперашнім этапе развіцця, напэўна, так, - адказаў новы кіраўнік. - Мы выкарыстоўваем апошнія тэхналогіі. Думаю, што хутка свет рушыць наперад і з'явяцца тэхналогіі больш лёгкіх батарэй. Тады гэты транспарт будзе сапраўды транспартам будучыні". З'яўленне такіх батарэй, лічыць новы кіраўнік, магчыма ў бліжэйшыя 10 гадоў. І "Белкамунмаш" павінен быць тэхнічна гатовы да іх хуткага ўкаранення.
Паводле яго слоў, цяпер на прадпрыемстве выкарыстоўваюць не толькі гатовыя батарэі, вырабленыя ў Кітаі, але і самастойна збіраюць іх з ячэек. Цяпер падышлі да ўкаранення тэхналогіі зборкі больш лёгкіх батарэй з закупляемых ячэек.
"Вось вы самі сабе і паставілі задачу. Ні ў якім разе не спыняйцеся, - арыентаваў Прэзідэнт. - Вам трэба рухацца наперад".
У ліку першачарговых задач для айчынных вытворцаў тэхнікі Кіраўнік дзяржавы назваў 100-працэнтную лакалізацыю і забеспячэнне высокай якасці прадукцыі.
"Задача адна - рабіць сваё, 100% павінна быць лакалізацыя (на першым этапе - 90%). Усё павінна быць беларускае. І самае галоўнае - якасць", - заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што за невыкананне гэтых патрабаванняў спагнанне будзе вельмі жорсткае.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што заўсёды трымае на кантролі гэту тэму і патрабуе за гэта з Урада. "З Прэм'ер-міністрам, віцэ-прэм'ерам Каранкевічам і Міністрам мы пастаянна аб гэтым гаворым. Усё, размовы закончаны", - канстатаваў Прэзідэнт, запатрабаваўшы забяспечваць належную якасць выпускаемай прадукцыі.
Асабліва гэта датычыцца тэхнікі, у тым ліку вытворчасці МАЗ. "Калі мы ідзём у Афрыку і канкурыруем з амерыканцамі, расіянамі, кітайцамі... Калі мы канкурыруем, то трэба выйграваць. Пакуль выйграём. Але ні ў якім разе нельга апускаць гэту планку. Чаго б нам гэта ні каштавала. Якасць - пытанне нумар адзін", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна закраналася тэма дзейнасці холдынга "Лідсельмаш" і ААТ "Лідаграпраммаш". У наменклатуры іх прадукцыі ёсць, напрыклад, устройствы для апрацоўкі бульбы, якія за апошнія гады не зведалі асаблівых тэхналагічных змяненняў, але карыстаюцца добрым попытам у фермераў, якія не высаджваюць бульбу на вялікіх плошчах і ім патрэбны простыя, надзейныя ўстройствы для высаджвання, выкопвання гэтай культуры.
Робяць на прадпрыемствах холдынга таксама і зернесушыльныя комплексы поўнага цыкла рознай прадукцыйнасці, тэхніку для прыбірання камянёў з палёў, сеялкі ўсіх відаў (зерневыя, кукурузныя), шырокую лінейку грабель-валкавальнікаў і самаходных апырсквальнікаў.
"Усё гэта нам трэба будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў бягучым годзе складваюцца спрыяльныя ўмовы надвор'я для многіх відаў сельгасработ, у прыватнасці для ўкосу траў і нарыхтоўкі кармоў. "Учора па палях ездзіў там побач, дзе звычайна займаюся сельскай гаспадаркай, эксперыментую. Люба-дорага паглядзець. Год добры, травы вельмі добрыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


