Нарада па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці

  • 11
  • 20:56

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня сабраў нараду па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці.

Адной з тэм нарады стала перспектыва двух холдынгаў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта - "Купалаўскае" і "Аграпрамысловы холдынг", у склад якіх уваходзяць 3 прамысловыя і 11 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

"Агульная карціна па гэтых комплексах пазітыўная. У прадпрыемствы ўліваюць нямала інвестыцый - за паўтара года ўклалі больш як 200 млн рублёў. Гэта і машынны парк, і ўгнаенні, і насенне, і лізінг. Тое, што мы ствараем у Шклоўскім і іншых раёнах, будзе працаваць на ўсю краіну, калі гэта патрэбна. На раёны дакладна, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі гаварыць пра холдынгі, то ў мінулым годзе выручка вырасла на 17%, прыбытак - на трэць, экспарт - на 20%, удой на карову набліжаецца да 7,5 тыс. кг малака. Гэта добрыя паказчыкі, але не паказчыкі эфектыўнасці: гэта не прыбытак, не рэнтабельнасць, не вялізныя грошы на рахунках".

Разам з тым ёсць пытанні па рабоце канкрэтных прадпрыемстваў, дзе вытворчасць асобных відаў прадукцыі трымаецца на ўзроўні 93-98%. "Я хачу сказаць, што сярэдняя тэмпература па шпіталі нармальная, але на асобных прадпрыемствах - на жаль", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг іншых пытанняў, якія яго насцярожваюць. У прыватнасці, у аграхолдынгу "Купалаўскае" падзеж буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 25%. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў абяцаў рэалізаваць антыкрызісны бізнес-план і навесці ідэальны парадак у "Купалаўскім". "Фактычна ж у паказальным холдынгу дысцыпліны няма: абсталяванне не адрамантавана, корманарыхтоўка без тэхналогіі, тэхніка да ўборкі не гатова, часам і жывёла без вады", - канстатаваў ён.

Беларускі лідар звярнуў увагу і на райаграсэрвіс у Шклове, які таксама ўваходзіць у структуру холдынга "Купалаўскае" і да работы якога ёсць пэўныя пытанні. Скаргі звязаны з тым, што арганізацыя рамантуе простую тэхніку, напрыклад, прычэпы і сеялкі, але не магутныя трактары. "Мне гэта паказуха не патрэбна. Там павінен адбывацца рамонт таго, што не могуць зрабіць на месцах", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што мясцовыя органы ўлады не супраць прыняць гэтыя прадпрыемствы назад у сваё распараджэнне. Справа ў тым, што кіраўнікі на месцы лепш разумеюць патрэбнасці раёна, могуць больш аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні і карэкціраваць стратэгію работы арганізацый. "Я не бачу вялікай праблемы, каб гэтыя гаспадаркі былі перададзены ў камунальную ўласнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў агучыць канкрэтныя крокі, неабходныя для далейшага развіцця холдынгаў, а таксама пытанні, якія трэба вырашыць на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы.

Яшчэ адной тэмай нарады сталі ўнесеныя прапановы па ўзбуйненні Дрыбінскага раёна за кошт уключэння ў яго склад зямель сельгасарганізацый Магілёўскага, Горацкага і Чавускага раёнаў. "У свой час ставілася такое пытанне, і я на яго адказаў гадоў 25 таму: Дрыбінскаму раёну быць. Але трэба падумаць, якім ён павінен быць. Ён павінен адпавядаць сярэднім памерам раёнаў нашай краіны - з гэтага зыходзілі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ураду, губернатару, упаўнаважанаму па Магілёўскай вобласці з зацікаўленымі асобамі было даручана сур'ёзна падумаць і ўнесці прапановы наконт гэтага. Тое, што гэты раён трэба ўзбуйняць і па-сапраўднаму загружаць старшыню райвыканкама і яго калег, - гэта факт".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час ставіў задачу стварыць у Дрыбінскім раёне неабходную інфраструктуру і зрабіць яе не горшай, чым у іншых райцэнтрах. "Яна створана. Інфраструктура ў раённым цэнтры не горшая, чым у іншых. Вядома, гэта не Горацкі раён, дзе акадэмія (гаворка пра Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. - Заўвага) стварае пэўную прыгажосць, але вельмі нармальны і сярэдні раён. А па памерах - ніякі", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў пытанні, на якія трэба адказаць, перш чым прыняць рашэнне па Дрыбінскім раёне. "Што наконт гэтага думаюць ва ўсіх пералічаных раёнах? Меркаванне людзей вельмі важна, але пасля таго, як мы ім раскажам, чаго мы хочам. Ці прапрацаваны магчымыя наступствы і далейшыя дзеянні? Колькі гэта будзе каштаваць для бюджэту і грамадзян? Я меркаваў, што гэта нічога не будзе каштаваць. Але калі трэба падтрымаць якія-небудзь гаспадаркі - падтрымаем. І самае галоўнае: ці будзе станоўчы сацыяльны і эканамічны эфект?" - пацікавіўся ён.

Удзельнікамі нарады ў Кіраўніка дзяржавы сталі Прэм'ер-міністр, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, Старшыня Камітэта дзяржкантролю, Кіраўнік спраў Прэзідэнта, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўніцтва вобласці і раёнаў.

Як адзначыў на нарадзе Кіраўнік спраў Прэзідэнта, ключавую ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў работы "Купалаўскага" і "Аграпрамысловага комплексу" адыграла фінансавая дапамога з боку Кіраўніцтва спраў: 200 млн рублёў інвестыцый за паўтара года. Аднак, паводле яго слоў, кіруючыя кампаніі холдынгаў так і не змаглі забяспечыць у поўнай меры фарміраванне адзінай вытворчай, фінансавай, інвестыцыйнай палітыкі, у тым ліку ўдзел у цэнтралізаванай закупцы сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых, продажы гатовай прадукцыі, арганізацыі маркетынгавай, лагістычнай і іншай дзейнасці. Акрамя таго, функцыі кіруючых кампаній часта дубліруюць адпаведныя функцыі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы райвыканкамаў (у частцы кантролю тэхналогіі, збору аператыўнай, справаздачнай інфармацыі).

"Таму абсалютна лагічна, што ў мэтах выбудоўвання найбольш аптымальнай і эфектыўнай сістэмы кіравання прадпрыемствамі прапануецца перадаць бязвыплатна з рэспубліканскай уласнасці акцыі арганізацый - удзельнікаў холдынгаў у камунальную ўласнасць", - агучыў вынесеную на нараду прапанову Юрый Назараў.

Аляксандр Лукашэнка наконт гэтага звярнуў увагу, што неаднаразова ўказваў Кіраўніку спраў Прэзідэнта на мэтазгоднасць менавіта такога рашэння ў сітуацыі, якая склалася з гэтымі аграхолдынгамі.

"Я пераконваў месяцы два Юрыя Віктаравіча. Ён: "Мы грошы туды ўклалі, гэта маё". Сапраўдны кулак, я яго кулаком называю. Якая розніца, гавару, ты вышэйшая службовая асоба, прадстаўнік Прэзідэнта. Для мяне ўся краіна, усе прадпрыемствы аднолькавыя. Ну, тваё - не тваё, на месцы лепш відаць. Вось бачыце, нарэшце пераканаў - прызнае, што гаспадаркі будуць кіравацца старшынёй райвыканкама, як гэта павінна быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў свой час рашэнне аб аб'яднанні ў аграхолдынгі прымалася з тым, каб забяспечыць сыравінную базу для новага сучаснага малакаперапрацоўчага завода ў Шклове, будаўніцтва якога, паводле даручэння Кіраўніка дзяржавы, павінна быць завершана да 7 лістапада бягучага года.

Магутнасці новага прадпрыемства разлічаны на перапрацоўку 300 т малака за суткі. І пастаўку такіх аб'ёмаў павінны забяспечыць перш за ўсё мясцовыя буйныя сельгасвытворцы - "Купалаўскае" і "Александрыйскае", якія размешчаны на лепшых землях раёна і займаюць значную яго частку.

"Александрыйскае" і малаказавод пакуль застаюцца ў структуры Кіраўніцтва справамі, якое цяпер павінна будзе сканцэнтравацца не столькі на вырошчванні сельгаспрадукцыі і малочнай жывёлагадоўлі, колькі на перапрацоўцы.

Што датычыцца "Купалаўскага", першапачатковая задума была ў тым, каб арганізаваць яго па аналогіі з агракамбінатам "Дзяржынскі". "Нібыта можна было зрабіць. Але сяк-так рабілі", - ахарактарызаваў праведзеную работу Прэзідэнт. Былі, паводле яго слоў, і кадравыя памылкі. Замест таго каб узяць некалькі талковых упраўленцаў з "Дзяржынскага" і перавесці на кіруючыя пазіцыі ў "Купалаўскім", дзе яны паўтарылі б паспяховы вопыт, на гэтыя пазіцыі паставілі іншых людзей.

"У кантакце з губернатарам і старшынёй райвыканкама трэба было выбудаваць гэту работу. Але яна не выбудавана. Што рабіць? - задаў слушнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, таму што яны размешчаны на лепшых землях у краіне. Горацкі, Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Магілёўскі раёны, уся тая ўсходняя каса, - гэта лепшыя землі на ўсходзе. Яны наўрад ці ўступаюць і Гродзенскай вобласці. Але вось гэты бардачок, які ў нас заўсёды з савецкіх часоў быў у Магілёўскай вобласці, Ісачанкам (старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. - Заўвага) не пераможаны, як Берлін у 1945-м. Так і застаецца. Са сваім царом у галаве там кожны, і Барташ (Сяргей Барташ, старшыня Шклоўскага райвыканкама. - Заўвага) прыйшоў у Шклоўскі раён - гэты цар да яго ў галаву залез".

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што гаспадаркі, якія ўваходзяць у аграхолдынгі Кіраўніцтва справамі, выказваюць жаданне перайсці да аўтаномнай работы. "Могуць яны працаваць самастойна? Няхай працуюць. Нічога страшнага, што яны не ў холдынгу будуць. Калі не атрымалася, няхай працуюць самастойна. Ад іх што патрэбна? Малако - у Шклоў на новы малаказавод, мяса - у Магілёў на мясакамбінат, лён (гэта льнаводчыя гаспадаркі) - на мадэрнізаваны льнозавод у Шклове", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка канцэптуальна падтрымаў прапанову аб узбуйненні Дрыбінскага раёна за кошт Чавускага, Горацкага і Магілёўскага раёнаў. Прэзідэнтам даручана адпрацаваць нарматыўны прававы акт і ў далейшым унесці яго на разгляд. Таксама прынята рашэнне аб закрыцці аграхолдынга "Купалаўскае" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, замест якога з'явяцца асобна ўзятыя, самастойныя гаспадаркі са сваім кіраўніком, штатам, тэрыторыяй і разліковым рахункам.