Наведванне цырымоніі адкрыцця Гульняў Будучыні ў Казані
- 7
- 5:10
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лютага наведаў цырымонію адкрыцця Гульняў Будучыні ў Казані.
Пляцоўкай для адкрыцця Гульняў Будучыні стаў міжнародны выставачны цэнтр "Казань Экспа".
На адкрыццё таксама прыбылі прэзідэнты Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны, кіраўнікі дэлегацый з іншых дзяржаў. Разам з імі на ганаровай трыбуне размясціліся знакамітыя спартсмены і артысты.
У час цырымоніі Прэзідэнт Расіі адзначыў, што ў гэтым турніры спляліся традыцыі і сучаснасць, гармонія фізічнай дасканаласці і высокага інтэлекту, спорт і тэхналогіі, асвета і навука. "Усё гэта неабходна чалавеку для ўсебаковага развіцця і поспеху ў нашу эпоху імклівых змяненняў, у тым шматгранным, шматпалярным, свабодным і канкурэнтным свеце, які фарміруецца на нашых вачах", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Расійскага лідара з паспяховым адкрыццём турніру павіншавалі і яго калегі па Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
"Наперад у будучыню, сябры!" - першым узяў слова Аляксандр Лукашэнка.
А казахстанскі лідар Касым-Жамарт Такаеў, пажадаўшы ўдзельнікам поспехаў, прапанаваў правесці наступныя Гульні Будучыні ў Казахстане. З кароткімі прывітаннямі таксама выступілі і іншыя прэзідэнты.
Пасля цырымоніі адкрыцця турніру кіраўнікі дзяржаў наведалі некалькі спаборніцкіх павільёнаў, дзе азнаёміліся з канцэпцыямі розных відаў фіджытал-спорту і прынцыпамі гэтага руху.
"Добра зрабілі. Я яшчэ не магу ўсё гэта ўсвядоміць, таму што не "памацаў" рукамі, - падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі ад убачанага Аляксандр Лукашэнка. - Малайцы наогул. Можа, за гэтым і будучыня".
У той жа час Прэзідэнт лічыць, што да развіцця фіджытал-спорту трэба падыходзіць усвядомлена і ўдумліва. "Не ўцягнуліся б усе ў гэты (віртуальны. - Заўвага) футбол. Вось у гэты (рэальны. - Заўвага) трэба гуляць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы ў час наведвання залы фіджытал-футбола.
Міжнародны мультыспартыўны турнір "Гульні Будучыні" - высокатэхналагічнае спартыўнае шоу. Яно складаецца са спаборніцтваў у класічных відах спорту і іх лічбавых аналагах. Усяго ў турніры прымуць удзел звыш 270 каманд і больш як 2 тыс. спартсменаў са 107 краін. Праграма спаборніцтваў уключае ў сябе 21 дысцыпліну. Яны падтрымліваюць канцэпцыю фіджытал, гэта значыць аб'ядноўваюць класічны спорт, кіберспорт і тэхналогіі.
Беларусы выступяць у некалькіх дысцыплінах - гэта фіджытал-баскетбол, фіджытал-футбол і фіджытал-адзінаборствы, бітва робатаў, гонка дронаў, віртуальная велагонка і "Свет танкаў". На турнір прыехалі каля 70 нашых суайчыннікаў (некаторыя з іх увайшлі ў склад шматнацыянальных каманд).